
Украінскі кампазітар Валянцін Сільвестраў прыехаў у Беларусь, каб узяць удзел у фестывалі Юрыя Башмета, але і не ўпусціў магчымасці паразмаўляць з будучымі калегамі з Акадэміі музыкі, дзе і адбылася сустрэча з вядомым выканаўцам.
З 80-х музыка многіх кампазітараў гучала на творчых вечарах, святах. Але Валянціна Сільвестрава такая слава абмінула — яго твораў у канцэртным выкананні было не пачуць. Аўтара вядомых «Ціхіх песень» адзначаў Тэадор Адорна, а за яго творчасцю сачыў нават Альфрэд Шнітке. Сваёй музыкай кампазітар прымушаў публіку ўваходзіць у стан трансу, нірваны. Тое ж адбываецца і цяпер. Кампазітар Галіна Гарэлава сказала пра «Сімфонію № 5» Сільвестрава: «Нягледзячы на тое, што там цішэйшыя гукі, стала бомбай, якая ўзарвалася. У гэтым творы было ўсё: непрыдуманая навізна, адсутнічалі гучныя кульмінацыі. Для мяне гэта нейкая постцывілізацыя. Мае сябры сказалі, што гэта працывілізацыя, бо тое, што яшчэ павінна было рэалізавацца, ужо было тут».
Сам Валянцін Васільевіч кажа, што так і планавалася — менавіта такой рэакцыі ён і чакаў: «Сімфонія — эсэ, філасофскі тэкст. Іх тады амаль не пісалі, але тыя, што былі, неверагодныя, пасля іх проста немагчыма было яшчэ штосьці рабіць. Сімфанізм акружаны няшчасцем, бедамі. Там тонкая лірыка, і сімфонія — хутчэй за ўсё рэакцыя на нейкія нешчаслівыя падзеі. Я думаю, што трэба рэагаваць на падзеі сучасныя, бо не магу ж перадаць боль, які не адчуваў, таму вырашыў, што сімфонію трэба перакручваць, перагортваць. І зрабіў яе такой, якой чуеце».
На творчую сустрэчу падтрымаць Сільвестрава прыйшоў яго сябра расійскі музыкант Аляксей Любімаў. З яго іменем, таксама як і з імем Сільвестрава, звязана адкрыццё іншага ў музыцы. Яны — менавіта тыя творцы, да якіх лепш за ўсё падыходзіць слова «віртуоз», але для Любімава ў сучасным сэнсе «хуткія пальцы — нішто ў параўнанні з тым, што павінна даць музыка. Віртуознасць заключана ў адточанасці. Для мяне гэта слова супрацьлеглае слову “таямніца”».
Валянцін Сільвестраў раскрывае таямніцы. Напрыклад, тую, што такое сімфонія. А гэта, кажа кампазітар, «эсэ, філасофскі тэкст». Імя Сільвестрава вядомае музыкантам яшчэ і па выразу, аўтарам якога ён з’яўляецца: «акадэмізацыя авангарда». Тлумачыць Валянцін Васільевіч яго зразумела і істотна: «Авангард не можа спыніцца — за ім трэба ісці, але невядома, што з гэтага атрымаецца. І, самае галоўнае, ён не спыняецца не таму, што не хоча, а таму, што па-іншаму проста не можа. Авангарднае ў авангардным збірацца не павінна: калі твор авангардны, то ён мусіць узнікнуць нечакана, калі ніхто і падумаць пра яго не мог».
Сільвестраў лічыць авангард наогул паняццем падазроным і дае ілюстрацыю: узгадвае пра тое, што ў творы «Вій» у Гогаля ёсць момант, калі павозка выязджае на дарогу, якая ідзе рэзка ўніз, а калёсы пачынаюць біць коней па нагах: «Вось гэта і ёсць авангард — калі цябе б’юць, гоняць, ты думаеш, што ідзеш наперад, а насамрэч — за табой пагоня. І ты бяжыш не таму, што хочаш наперад, а таму што іншага шляху няма. Авангард — яшчэ і творчая рызыка. Авангардыст нагадвае першага чалавека, які адважваецца прайсці па тонкім, толькі што замёрзлым лёдзе, а ўжо за ім ідуць астатнія».
Размова заходзіць пра тое, што ж сёння рабіць маладому кампазітару? Сільвестраў кажа, што музыка сёння ператварылася ў катэгорыі агульныя, а каб дапамагчы ў ёй разабрацца, трэба «навучыць людзей праз музыку слухаць свет. Мы апынуліся ў той сітуацыі, што музыка павінна прыйсці да нармальнага маўлення, трэба шукаць нечаканасць унутры пакоры».
Аляксей Любімаў на тое ж самае пытанне адказвае так: «На каго арыентавацца, куды ісці? Стыляў і напрамкаў шмат, ніхто не можа сказаць, які з іх галоўны. У пасляваеннай музыцы “расслаілася” шмат плыняў, і што рабіць маладому музыканту — пытанне актуальнае. Мне падаецца, трэба браць на ўзбраенне нейкія асабістыя прынцыпы (не мае значэння, яны будуць архаічнымі ці сучаснымі)».
Вяртаючыся да новага і архаічнага, нельга не сказаць, што Валянцін Сільвестраў зараз піша новы твор — «Нябесную музыку». Пра гэта амаль нічога не гаворыць — яно і зразумела: рэдкі творца распавядае пра запланаванае, таму адказвае ўскосна: «Ёсць музыка, якая пішацца, а ёсць тая, якая ўжо напісана, але яе трэба дачакацца. Яе трэба ўлавіць як матылька ў сачок. Не магу сказаць, што я штосьці пісаў — толькі музыку на замову, для кіно. Я нічога не пішу — у мяне асадкі няма, але працую слыхам. У мяне такое адчуванне, што я ператвараюся ў вялізнае вуха. Вуха піша — рука маўчыць. Музыка, напісаная на паперы, можа быць добрай, але тая, якая вытатуіравана ў памяць, істотная, яна ўлоўліваецца. Я спрабую пачуць, і музыка мяне запрашае».
Адзін з самых таямнічых твораў Валянціна Сільвестрава — «Ціхія песні». Узнікае пытанне: а чаму яны ціхія? Ці толькі таму, што спяваюцца напаўголаса? Напэўна, не. Цішіня для кампазітара — катэгорыя нашмат шырэйшая і больш асабістая: «Ёсць цішыня літаральная і такі ж голас. “Ціхія песні” пісаліся ў авангардную эпоху, калі экспрэсіянізм быў у разгары. Я адчуў, што тут нешта не тое, бо авангардная музыка была музыкай працэсу, слова патанала ў агульнасці. Але ж музыка і слова павінны быць адзіным цэлым! У нас вакалісты вельмі гучныя, часам занадта. Я вырашыў, што трэба даць твору асцярожна дакрануцца да слухача, хацеў, каб і выканаўцы адносіліся да музыкі з павагай. “Ціхасць” была звязана з той эпохай, якая была гучнай, а ў мяне была патрэба ў гэтай цішыні. Мелодыя — самае каштоўнае ў музыцы, але слова і мелодыя павінны зліцца ў непаўторную інтанацыю».