
Паэты Мікалай Балдоўскі, Пётр Буганаў і Галіна Загурская разам з сябрамі з народнага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне” правялі дзве сустрэчы “Прыпадаем да вытокаў сваіх…”, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства.
Першая сустрэча адбылася 1 верасня ў СШ №8 горада Полацка. Паэты чыталі свае вершы, прысвечаныя Радзіме, беларускаму першадрукару Францыску Скарыне, Году культуры, прыгожай пары года – восені і, канешне, каханню. Пасля адбылася шчырая размова аб стане нашай мовы, пра вытокі творчасці, пра неабходнасць паэзіі ў жыцці чалавека… У вучняў знайшлося многа пытанняў, а паэты пастараліся на іх грунтоўна адказаць.

На памяць засталося фота ля помніка Таццяне Марыненка, імя якой носіць мікрараён, у якім знаходзіцца школа.
Другая сустрэча праходзіла 2 верасня на літаратурнай пляцоўцы непадалёк ад знака “Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы”. На гэтай сустрэчы гучалі не толькі вершы, а і песні…

Мова – гэта душа народа, без яе няма ні нацыянальнай культуры, ні нацыі. Гэтую думку паэты і пастараліся данесці да слухачоў.

Бібліятэкары Полацкай ЦРБС аформілі стэнд з кнігамі, выдадзенымі названымі вышэй паэтамі і літаратурным аб’яднаннем “Наддзвінне”.
Дзень быў прыгожы, з каштанаў ападала лісцё, якое кружыў вецер і ўплятаў у агульны паэтычны фон.