Ці трэба рабіць Малевіча беларусам?

Біяграфіі знакамітых людзей часта прывабліваюць не столькі апісаннем паслядоўных падзей, колькі яркімі міфамі і неверагоднымі дапушчэннямі. Здагадкі і смелыя гіпотэзы могуць патрапіць нават у сур'ёзны жыццяпіс — галоўнае, каб непацверджаныя дадзеныя не занялі месца рэальных фактаў, нават калі для аўтара гэта надзвычай зручна...

Ідэя аб беларускім паходжанні сусветна вядомага мастака, аднога з заснавальнікаў мастацтва геаметрычнай абстракцыі Казіміра Малевіча, была выказана ўпершыню яшчэ ў 20-я гады. Аўтарам яе можна лічыць Мікалая Каспяровіча, які не быў асабіста знаёмы з Малевічам, але, спасылаючыся на верагодных інфарматараў з ліку віцебскіх вучняў супрэматыста, паведаміў у артыкуле «Матэрыялы да вывучэння Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва», што мастак «паходзіць з сяла Малева Менскай ці Віцебскай губерніі». Аднак Каспяровіч робіць агаворку і сцвярджае, што гэта паводле «падання». Цікава, што пра абмеркаванне свайго радаводу ў беларускай прэсе даведаўся сам Малевіч. У лісце 1927 года да жонкі Наталлі Андрэеўны знаходзім пра гэта даволі іранічныя словы: «У Беларусі мяне лічаць беларускім мастаком, быў нават цэлы артыкул пра мяне ў беларускіх газетах. Пагаворваюць, што Беларуская рэспубліка хоча мяне перасяліць у сваю рэспубліку. Можа быць, палякі таксама будуць лічыць сваім».

Версія пра беларускае паходжанне Казіміра Малевіча знайшла нямала прыхільнікаў у коле беларускай інтэлігенцыі і нават пакладзена ў аснову кнігі Леніны Міронавай «Казімір Малевіч» серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» выдавецтва «Харвест».

Адзін з праектаў «Харвеста», серыя невялікіх кніг «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», заснаваны яго былым галоўным рэдактарам, пісьменікам і гісторыкам Анатолем Тарасам у 2012 годзе. У адным з інтэрв’ю ён адзначыў крытэрый адбору імёнаў: кнігі прысвячаюцца «дзеячам культуры XIX-XX cтагоддзяў, якія ўвасаблялі нацыянальныя погляды на гісторыю, мастацтва, народную і прафесійную культуру Беларусі. Гэта людзі, якія працавалі на Беларусі ўсё жыццё або значную частку жыцця. Эмігранты прадстаўленыя як выключэнне».

Першапачаткова ў пераліку імёнаў не было славутага Казіміра Малевіча. Ён жыў у Віцебску ў важны перыяд творчасці, але большасць яго жыцця прайшла за межамі Беларусі. Нядзіўна, што ў серыю не трапілі і іншыя асобы, звязаныя з Беларуссю і Віцебскам. Так, няма сярод іх сусветна вядомага вучонага Міхаіла Бахціна, мастакоў Марка Шагала і Юрыя (Юдэля) Пэна, мовазнаўцы Мікалая Каспяровіча. Але склад серыі павялічваецца. У выніку тут вельмі хутка з’явіўся К. Малевіч. Пра абставіны, з нагоды якіх біяграфія мастака патрапіла ў серыю, трэба сказаць спецыяльна.

Кніга Леніны Міронавай пабачыла свет у 2015 годзе, азначаным юбілеем славутага «Чорнага квадрата». Біяграфія К. Малевіча — адно з сумесных выданняў «Харвеста» з Інстытутам беларускай гісторыі і культуры ў Латвіі, вучоным сакратаром якога з’яўляецца А. Тарас. Леніна Мікалаеўна Міронава — вядомы ў краіне вучоны-педагог, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, кандыдат архітэктуры, аўтар папулярнага падручніка па колеразнаўстве, які неаднаразова перавыдаваўся. Зварот Л. Міронавай да асобы Малевіча выглядае даволі натуральна. На яе ўласным інтэрнэт-сайце выкладзены вялікі артыкул «Творчасць Казіміра Малевіча як люстэрка эпохі». Публікацыя пазначана 15 кастрычніка 2014 г. Артыкул, незалежна ад тэксту серыйнай кніжкі, прадстаўляе цікавасць «разборамі» супрэматычных твораў мастака. У якасці эпіграфа да артыкула ўзята выказванне Ігара Малевіча. Інтрыгуе не столькі выказванне, колькі прозвішча яго аўтара. І гэта мае непасрэднае дачыненне да канцэпцыі выдання.

Ігар Малевіч — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, аўтар шэрагу кніг, у тым ліку выдадзенай у 2012 годзе кнігі «Казімір Малевіч. Узыходжанне на крыж лёсу». У ёй аўтар тлумачыць, што цікавасць да асобы вялікага мастака і вывучэння яго творчасці не выпадковая. Ігар Аляксандравіч сцвярджае: ён — сваяк і ўнучаты пляменнік Казіміра Севярынавіча Малевіча, пацвярджаючы свае словы міфам, крыніцай якога была яго бабуля, і толькі. Чамусьці аўтар кнігі, у аснову якой гэты «факт» пакладзены, не распачаў генеалагічнае даследаванне, якому можна было б прысвяціць частку тэксту ў 256 старонак. На падставе вуснага падання таксама сцвярджаецца, што Казімір Малевіч нарадзіўся не ў Кіеве, як паведамляе яго афіцыйная біяграфія, а ў беларускім горадзе Капылі, дзе прозвішча Малевіч сапраўды вельмі распаўсюджанае. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова звярнуцца да спісаў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, змешчаных у раённай кнізе «Памяць».

Ігар Малевіч разважае пра «касмічнае» значэнне асобы вялікага супрэматыста Малевіча і знаходзіць нямала прыхільнікаў. Шкада толькі, што сярод іх — ніводнага прафесіянала-гісторыка, які ўсё ж заняўся б даследаваннем радаводу мастака. Інфармацыя пра беларускія карані Малевіча не новая — з канца 1970-х гадоў яна час ад часу з’яўлялася са спасылкай на «ўнучатага пляменніка», аўтарытэт якога ўсё ўзрастаў. З яго слоў распавядалі пра беларускі радавод Малевіча вядомыя нашыя літаратары і навукоўцы Адам Мальдзіс, Алесь Марціновіч, Уладзімір Конан. У. Конан паспрабаваў падмацаваць гэтую ідэю ўскоснымі меркаваннямі ў артыкуле, надрукаваным у часопісе «Мастацтва Беларусі». З мастацтвазнаўцаў пра беларускі радавод Малевіча пісаў Яўген Шунейка. Ва ўсіх выпадках неабвержанай крыніцай звестак быў «унучаты пляменнік», які потым самастойна стварыў часопісны варыянт свайго аповеду.

Тым не менш Леніна Міронава мела шанс самастойна разабрацца ў праблеме радаводу. Выбіраючы паміж распаўсюджвальнікам міфаў Ігарам Малевічам і акадэмікам Дзмітрыем Сараб’янавым (аўтар многіх тэкстаў, прысвечаных Малевічу, і вялікага даследавання, першага ў постсавецкай мастацтвазнаўчай літаратуры), Міронава робіць выбар на карысць апошняга. Звесткі ад бабулькі Ульяны сталіся больш пераканаўчымі.

Сцвярджаючы, што «сапраўдныя дакументы адсутнічаюць», Міронава адначасова ў ліку крыніц свайго нарыса прапануе выдадзены ў 2004 годзе ў Маскве двухтомнік «Малевіч пра сябе. Сучаснікі пра Малевіча», у якім надрукаваны архіўныя дакументы, што пацвярджаюць афіцыйную версію нараджэння Малевіча ў Кіеве, дапамагаюць рэканструяваць яго радавод, прадстаўлены ў двухтомніку ў выглядзе генеалагічнага дрэва. Хіба толькі нашая аўтарка, якая прапанавала бібліяграфію, гэты двухтомнік не разгарнула? А магла б спаслацца на дакументы і патлумачыць чытачу, чаму яны яе не пераконваюць. Яшчэ адна заўвага — год нараджэння Малевіча пададзены ў яе біяграфіі стары і памылковы — 1878, замест сапраўднага 1879. Больш за тое, на лічбах «1878» у тэксце біяграфіі ад Міронавай распрацаваная сапраўдная нумералогія, — відаць, дзеля таго, каб пазабаўляць чытача. Пра украінскае паходжанне Малевіча ў грунтоўнай кнізе «Малевіч у Варшаве» піша і вядомы польска-французскі даследчык яго біяграфіі Анджэй Туроўскі. Ён жа спасылаецца на адпаведныя дакументы.

Хацелася б засяродзіць увагу на характары прынцыповага вырашэння праблемы радаводу ў біяграфічнай кнізе Міронавай: калі ёсць жаданне абвясціць Малевіча беларусам, дзеля гэтага дастаткова міфа. Магчыма было б зрабіць і больш падрабязны разбор тэксту беларускамоўнай біяграфіі супрэматыста Малевіча. Пацешна выглядаюць разважанні аўтаркі пра выдадзеную ў Віцебску яго тэарэтычную працу «Бог не скінуты». Пасля выхаду ў свет гэтай брашуры ў 1922 годзе мясцовая віцебская газета паведамляла, што мастак Малевіч надрукаваў антырэлігійны твор. А вось Міронава перакананая ў тым, што галоўная ідэя гэтай філасофскай працы Малевіча — богасцвярджальніцкая. Пра гэта зноў сведчыць упадабаны ёю эпіграф. Але перш за ўсё звяртаюць на сябе ўвагу моманты, калі аўтар абыходзіць бясспрэчныя факты, якія даюць падставу для разважанняў пра вялікую ролю мастака ў гісторыі віцебскага мастацтва, яго віцебскіх вучняў. Чаму няма грунтоўнага апавядання пра рознабаковую дзейнасць створанай Малевічам у Віцебску групы УНОВИС («Утвердители нового искусства» — «Сцвярджальнікі новага мастацтва»)?

Можна ўпэўнена адзначыць: не павінна быць папулярных біяграфій, якія будуюцца на беспадстаўным скажэнні фактаў. Гэта не на карысць нашай культуры. Бясспрэчна, што стваральнік канцэпцыі новага мастацтва супрэматызму назаўсёды звязаны з беларускай культурай, але навошта дамагацца трывалых сувязяў з дапамогай фальсіфікацый? Не выключана, што ў радаводзе мастака ёсць аддаленыя сувязі з беларускай шляхтай, але патрэбна карпатлівая праца гісторыкаў і архівістаў, каб гэта пацвердзіць.

ЛiМ, №51, 2015 

Автор: Аляксандр ЛІСАЎ
Опубликовано: 30.12.2015