Старшыня - ГАЎРЫЛОВІЧ Уладзімір Мікалаевіч
Гомельская вобласць, 247960, г. Жыткавічы, вул. К. Маркса, д. 8, каб. 2
ГОМЕЛЬШЧЫНА ЛІТАРАТУРНАЯ
Ад вытокаў – да дня сённяшняга
В эры варварства, как и в эпохи расцвета,
Всем запретам, бесправию, злу вопреки,
Эстафету проносят, рождаясь, поэты,
От практических выгод и благ далеки…
…И когда они знают, что их не услышат,
И когда они лишние люди в стране,
Они пишут…
Игорь Журбин
Гомельшчына заўсёды, у розныя часы была багатая на літаратурныя таленты.
З далёкага мінулага бярэ свае вытокі літаратурнае жыццё нашага краю. Багаты і цікавы фальклор доўгія стагоддзі служыў галоўным сродкам выяўлення шматграннага духоўнага жыцця народа. Тут, на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці, нараджаліся, жылі цудоўныя казачнікі, вядомыя фалькларысты і этнографы.
Сёння літаратары Гомельшчыны працягваюць традыцыі папярэднікаў і шукаюць нешта сваё, адметнае, жывуць побач з намі, але бачаць больш за нас, турбуюцца пра лёс народа, мовы.
ГОМЕЛЬСКАЕ АБЛАСНОЕ АДДЗЯЛЕННЕ
ГА “САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ”
Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» створана ў лістападзе 2005 года на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску. У снежні таго ж года на сходзе аддзялення абраны савет, у які ўвайшлі Уладзімір Гаўрыловіч, Яўген Калашнікаў, Юрый Фатнеў, Лілія Вялічка і Тамара Кручэнка. Старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі абраны празаік і публіцыст, галоўны рэдактар жыткавіцкай раённай газеты «Новае Палессе» Уладзімір Гаўрыловіч.
За мінулы перыяд аддзяленне вырасла амаль у тры разы. Сёння (дадзеныя на жнівень 2010 года) у яго складзе 41 пісьменнік, большасць – гамяльчане. Ёсць таксама творцы Рагачоўскага, Лоеўскага, Мазырскага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Акцябрскага і Жыткавіцкага раёнаў. Характэрна, што большасць членаў творчай арганізацыі – паэты. Але нямала празаікаў і драматургаў, у тым ліку Васіль Ткачоў, п’есы якога даўно і паспяхова ідуць на сцэнах прафесійных і аматарскіх тэатраў рэспублікі, а таксама за яе межамі. Прыкладна палова аўтараў пішуць на беларускай мове. На жаль, за адзначаны перыяд пайшлі з жыцця два паэты – Ігар Журбін і Фелікс Мысліцкі.
У снежні 2006 года расчыніў дзверы рэгіянальны офіс абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў у г. Жыткавічы (вул. Карла Маркса, 8), а ў маі 2007 года ў Гомелі на вуліцы Савецкай, д. 126 - цэнтральны офіс абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». (Далей - СПБ).
Аддзяленне ініцыявала правядзенне творчых літаратурных конкурсаў, прысвечаных 125-годдзю са дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа для пачынаючых аўтараў ва ўсіх раёнах вобласці. Значнай падзеяй стаў Першы абласны літаратурны конкурс імя Кірылы Тураўскага, арганізаваны абласным аддзяленнем СПБ пры падтрымцы аблвыканкама, таварыства Кірылы Тураўскага, Спецыялізаванай Славянскай бібліятэкі. У ім прынялі ўдзел 127 чалавек – і прафесійных пісьменнікаў, і тых, хто робіць першыя крокі на літаратурнай ніве. Вынікі конкурсу былі падведзены на Замкавай гары каля помніка свяціцелю Кірылу Тураўскаму 11 мая 2007 гады ў прысутнасці святароў, у тым ліку Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Філарэта. Памятныя ўзнагароды лаўрэатам і дыпламантам уручыў старшыня абласнога савета дэпутатаў, старшыня таварыства К. Тураўскага Валерый Сяліцкі. Лаўрэаты атрымалі таксама і архіерэйскія граматы Турава-Мазырскага епархіяльнага ўпраўлення. На ўрачыстасці з прывітальным словам да творцаў і прадстаўнікоў грамадскасці выступіў старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч.
У намінацыі «Паэзія» першае месца было прысуджана Ніне Шкляравай, другое месца падзялілі Лідзія Возісава і Аляксандр Атрушкевіч, а трэцяе месца заняў Алег Ананьеў. У раздзеле «Дэбют» першае месца заняў студэнт філфака Гомельскага універсітэта Алесь Бараноўскі.
У намінацыі «Проза» лепшай стала Валянціна Кадзетава, на другім месцы – Людміла Шадукаева, трэцяе падзялілі Анатолій Караленка і Ігар Журбін (І. Журбіна не стала ў 2008 годзе). У намінацыі «Драматургія» сярод прафесіяналаў першае месца заняў Уладзімір Гаўрыловіч, сярод пачынаючых аўтараў – Юрый Максіменка. Другое і трэцяе месца ў гэтай намінацыі не прысуджаліся.
На Другім абласным літаратурным конкурсе імя Кірылы Тураўскага пісьменнікі прадстаўлялі кнігі, выдадзеныя ў 2007 годзе, а аўтары, якія не з’яўляюцца членамі аб’яднання, — творы ў намінацыях «Паэзія» і «Проза». У намінацыі «Паэзія» першае месца прысуджана міжрэгіянальнаму паэтычнаму зборніку «Ад берагоў Дзясны да Сожа» (аўтары — журналістка і паэтэса Лілія Бандарэвіч-Чарненка з горада Прылукі Чарнігаўскай вобласці і Тамара Кручэнка з Гомеля). Другое месца падзялілі мазырскі паэт Аляксандр Каляда (кніга «На ладони судьбы») і гамяльчанін Алег Ананьеў (кніга «Исповедальный окоем»).
76 паэтычных і празаічных твораў было прадстаўлена аўтарамі, якія не з’яўляюцца членамі СПБ. Як зазначыла старшыня журы паэтэса Алена Мацвіенка, няпроста было вызначыць пераможцаў, бо ўзровень твораў значна вырас ды і тэматыка пашырылася. Перамаглі найбольш цікавыя. Першае месца ў намінацыі «Паэзія» ў радыёжурналіста Таццяны Нілавай з Гомеля, а другое — у фельчара Надзеі Сігай з г. п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна.
Лепшым у намінацыі «Проза» прызнана апавяданне «На берагах старажытнай ракі» Яўгена Семянкова, дырэктара музея з г. п. Карма, а другое месца заняла Вольга Качубей з вёскі Нахаў Калінкавіцкага раёна (апавяданне «Сонечны праменьчык і дзяўчынка»).
Творы-пераможцы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Натхненне. Вдохновение» абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Па ініцыятыве старшыні абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча на Гомельшчыне ўсталявалася традыцыя праводзіць Год вядомага літаратара-земляка. Памятныя мерапрыемствы прайшлі ў 2007 годзе ў гонар Я.Купалы і Я. Коласа. 2008-ы быў аб’яўлены Годам А. Грачанікава, 2009-ы - І. Сяркова. 2010-ы год прысвечаны беларускай кнізе (у сувязі з правядзеннем у г. Хойнікі рэспубліканскага свята Дзень беларускага пісьменства) і 85-годдзю І. Навуменкі.
Вынікі Трэцяга абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага былі падведзены падчас свята «Літаратурныя дажынкі» 30 кастрычніка 2009 года. Згодна прынятаму рашэнню, сярод прафесійных аўтараў дыпломам адзначана кніга гомельскага празаіка Евы Дударгі «Наследница». Сярод аўтараў, якія не з’яўляюцца членамі творчых пісьменніцкіх саюзаў, дыпломам адзначана кніга апавяданняў і замалёвак Міхаіла Дзедаўца з г. Гомеля «Охотничьи просторы». Падзячнымі лістамі аргкамітэта адзначаны кнігі Ніны Шкляравай «Красворды і загадкі для вашага дзіцяткі», Таццяны Нілавай «Готыка тонкіх падманаў», Віктара Купрыянчука «Ищите женщину.By», Міхася Слівы «Кот Матрос», Ганны Атрошчанкі «Арыёза жыцця».
У намінацыі «Малая проза» дыпломам адзначаны празаічны цыкл «Песні ранняй восені» Галіны Капецкай з г. Светлагорска.
Дзякуючы намаганням абласнога аддзялення СПБ пад кіраўніцтвам У. Гаўрыловіча і пры падтрымцы мясцовых органаў улады, грамадскасці ў 2009 годзе адкрыта памятная дошка на доме ў в. Пакалюбічы, дзе жыў празаік І.К. Сяркоў, у 2010-ым у г. Жыткавічы адкрыты музей пісьменніка-земляка М.І. Гамолкі.
Пісьменніцкая арганізацыя практычна кожны год ладзіць міжнародныя і абласныя святы “Славянскія літаратурныя дажынкі” і “Літаратурныя дажынкі”, конкурсы чытальнікаў для вучняў агульнаадукацыйных школ Гомельшчыны. Пісьменнікі ўдзельнічаюць у сумесных творчых форумах Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Бранскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, Міжнароднай літаратурнай арганізацыі “Славянскія званы”, мясцовага літаратурнага аб’яднання “Звянігара” г. Глухава, супрацоўнічаюць з творцамі Чарнігаўшчыны. Вынікам такой працы становяцца агульныя калектыўныя зборнікі, творчыя акцыі.
Пісьменніцкая арганізацыя плённа працуе з тврочай моладдзю: праведзены памятныя творчыя конкурсы для маладых аўтараў (памяці А. Грачанікава, да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Праводзяцца і іншыя конкурсы як для дарослых, прафесіяналаў, так і для пачаткоўцаў, для дзяцей і моладзі. Абласное аддзяленне стала ініцыятарам стварэння школы юнага літаратара (сёння працуе як гурток на базе Гомельскага Палаца творчасці, кіраўнік Н.Шклярава). Пачынаючыя аўтары актыўна прымаюць удзел у пісьменніцкіх акцыях.
З 2006 па 2010 гады пісьменнікі Гомельшчыны выдалі больш 70 аўтарскіх кніг. Кнігі У. Гаўрыловіча, В. Кадзетавай, М. Кавалёва, выдадзеныя ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і РВУ “ЛіМ”, у 2008-2010 гадах прызнаны пераможцамі рэспубліканскаіх конкурсаў у намінацыях “Проза” і “Гумар” .
Пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і актыўнай спонсарскай дапамозе за апошні час выйшлі з друку 5 альманахаў абласнога аддзялення “Літаратурная Гомельшчына”. У 2010 годзе ўпершыню ў серыі “Бібліятэка Гомельскага абласнога аддзялення СПБ” выйшлі ў свет персанальныя зборнікі твораў В. Лоўгача, А. Ананьева, І. Журбіна, М. Мельнікава, Я. Калашнікава (рэдагаваў У. Гаўрыловіч), якія былі прэзентаваны чытачам на Свяце беларускага пісьменства ў г. Хойнікі.
Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў заснавала Міжнародную літаратурную прэмію імя Кірылы Тураўскага. Прэмія ўручаецца штогод за наладжванне творчых кантактаў з літаратарамі Гомельшчыны, прапаганду творчасці творцаў абласнога аддзялення за межамі Беларусі, падтрымку інтэграцыйных працэсаў, прапаганду дружбы і братэрства паміж нашымі краінамі. Яе лаўрэатамі сталі: Сцяпан Кузькін, паэт, празаік, заснавальнік міжрэгіянальнага свята “На зямлі Баяна”, г. Трубчэўск Бранскай вобласці (2007), Анатоль Міроненка, паэт, грамадскі дзеяч, заснавальнік і кіраўнік мясцовага літаратурнага аб’яднання “Звянігара”, г. Глухаў Сумскай вобласці (2008), Якаў Сакалоў, дзеяч культуры Расіі, празаік, публіцыст, г. Бранск (2009), Уладзімір Сарочкін, паэт, галоўны рэдактар альманаха “Літаратурны Бранск”, грамадскі дзеяч, г. Бранск (2010).
Пісьменнікі Гомельшчыны актыўна сустракаюцца з чытачамі (за прайшоўшыя з моманту стварэння творчай арганізацыі гады наладжана каля пяці з паловай тысяч сустрэч, прэзентацый, выступленняў у працоўных калектывах), наведваюць усе рэгіёны нашага прыгожага краю.