«Зноў восень закружыла карусель мелодый»
Опубликовано: 02.11.2016

Творчая сустрэча з ансамблем народнай песні і музыкі.

                                       

                                                     “Мне не пражыць без матчынага слова,

                                                       Мне часта сніцца родны мой парог,

                                                       Там што ні слова – светлая замова,

                                                      Там што ні слова – светлы абярог.”

                                                                                                  Іван Раманчук

  

          Пад такой назвай адбылася ў літаратурным клубе “Шчырасць”  пры публічнай бібліятэцы №22 паэтычна- музычная імпрэза, прысвечаная Дню пажылых людзей. Сярод гасцей – сябры творчай суполкі, курсанты ваенна-тэхнічнай кафедры БНТУ, навучэнцы і выкладчыкі  - тэхналагічнага  каледжа і  прафесійнага ліцэя  №7 “Будаўніцтва”. Такой цудоўнай парой, калі яшчэ так ярка зіхаціць сонейка, а рознакаляровае  лісце кружыць у паветры ў зале панаваў рамантычны і святочны настрой. І гэта нездарма, таму,што ўсе ведалі, іх чакае незвычайная сустрэча. Наша Радзіма цудоуная і вельмі багатая на таленты, а наша мова мілагучная, чыстая, звонкая, напеўная! У межах літаратурнага клуба “Шчырасць” мы сустракаліся і  са шматлікімі дзеячамі літаратуры і мастацтва, кожны з якіх быў непаўторны.

         На свята у ”Шчырасць” завіталі ансамбль народнай песні і музыкі “Менскі гармонік”  і артыстка эстрады Вольга Багушыньска. Першым узяў слова  кіраўнік літаратурнага клуба,  пісьменнік, старшыня сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі - Міхась Пазнякоў. Ён прадставіў славуты  калектыў “Менскага гармоніка”  і яго мастацкага кіраўніка, кампазітара, музыканта, паэта і педагога – Івана Раманчука.  Кіраўнік літаратурнага клуба выказаў добрыя словы ў адрас калектыву ансамбля, які актыўна супрацоўнічае з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, часта бярэ ўдзел  у яго творчых мерапрыемствах. Міхась Пазнякоў  расказаў аб даўнім і добрым сяброўстве з Іванам Раманчуком, якое дапамагае ствараць прыгожыя і цікавыя песні, таму, што паэзія і музыка заўсёды ходзяць разам. І вось галоўныя героі сустрэчы на імправізаванай сцэне. “Менскі гармонік” выконваў песні на словы Рыгора  Барадуліна, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Міхася Пазнякова, Івана Раманчука. Адметна, што ўся цудоўная музыка напісана кіраўніком ансамбля, а яго аўтарскія песні сталі народнымі, іх выконваюць на канцэртах іншыя калектывы.

           Імпрэза была напоўнена і вершамі. Вялікую зацікаўленасць у слухачоў мела выступленне Міхася Пазнякова з вершамі : “Святое правіла”, “Да матулі..”, “ Бацькоўская хата”, “ У Заброддзі” і інш. Як прызнаўся сам паэт, усё самае лепшае у жыцці ён атрымаў менавіта ў сваёй роднай  вёсцы, у гэтым маляўнічым куточку свайго маленства… Міхась Паўлавіч прэзентаваў і падарыў бібліятэцы сваю новую кнігу прозы  “І нет нічего дороже..”.

          Падчас вечарыны узяла слова артыстка эстрады – Вольга Багушыньска, якая па- майстэрску прадставіла некаторыя творы Міхася Пазнякова: “Матуля”, “Тварыце, людзі на зямлі дабро”.  Выкладчык МДПЛ №7 “Будаўніцтва”  Зайцава Тамара Міхайлаўна выказала шчырыя словы падзякі усім паважаным гасцям і адзначыла , што такія святы вельмі карысныя і неабходныя, асабліва для моладзі, таму што выхоўваюць пачуццё гонару за сваю Радзіму, любоў да роднай мовы, дзівоснага скарба нашых продкаў, якая цудоўнай музыкай гучыць.

           Напрыканцы імпрэзы славуты калектыў выканаў сваю “візітоўную картку” – песню Івана Раманчука “Менскі гармонік”, а жадаючыя  прысутныя  мелі магчымасць закружыцца у танцы пад “Восеньскі вальс”.  

Автор: Наталія ЯРАШЭВІЧ, загадчык бібліятэкі
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
26272829123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031