Не мялее літаратурная рака Брэстчыны
Опубликовано: 02.11.2016

Падведзены вынікі чарговага абласнога літаратурнага конкурсу для дзяцей і юнацтва, які сёлета прысвечаны 70-гадоваму юбілею берасцейскага паэта Васіля Гадулькі (на жаль, вельмі рана ён пакінуў гэты свет). Назвай конкурса стаў радок з верша выдатнага творцы: “Мара твая сярод зорак сваю адшукала…”

Як і ўсе папярэднія гады, аўтары даслалі ў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сотні творчых работ. Асабліва радуе тое, што большасць з іх – на роднай беларускай мове. А яшчэ – што яны глыбока патрыятычныя.

Услухайцеся ў гэтыя радкі, і вы самі ўсё зразумееце:

Я ніколі не забуду тое месца,

Да якога можна сэрцам прытуліцца.

Тут ля родных сцен магу сагрэцца,

Тут заўсёды будзе жыць маё дзяцінства.

 

Як далёка ні адкіне лічба ўзросту.

Мне не раз сюды захочацца вярнуцца.

Бесклапотна, шчыра, па-дзіцячы проста

Ў твар свайму дзяцінству ўсміхнуцца.

 

І яно адкажа хатняй цеплынёю,

Утульнасцю знаёмых калідораў.

І настаўніка кранаючай слязою

Нагадае пра… гасціннасць школы.

 

А на развітанне ля парога скажа:

- Не сумуй, я тут – у тваім сэрцы.

 

         *    *    *

Любімы край, квяцістае Палессе,

Тут столькі мілых позірку куткоў,

Птушыны спеў чаруючага лесу

І казкі маіх прадзедаў-дзядоў.

 

              *   *   *

Хай у краіне любімай маёй

Людзі жывуць толькі дружнай сям’ёй.

Спрадвеку завешся ты Белаю Руссю.

Радзіма мая, я табой ганаруся!

Гэта Ганна Гражэўская, якая на момант удзелу ў конкурсе вучылася ў 11 класе СШ №2 г.Драгічына, а зараз – студэнтка Белдзяржуніверсітэта. 

А вось верш Марыі Рапінчук, вучаніцы 10 класа Пярковіцкай СШ таксама з Драгічыншчыны:  

 

Колькі ў свеце цудаў!

Толькі заўважай.

Вось цячэ рачулка

Цераз шумны гай…

 

Птушкі там гамоняць

На ўсялякі лад.

Лёгкі ветрык гоніць

На ўсялякі лад.

 

Лёгкі ветрык гоніць

Лісце ў палісад.

І шапочуць зёлкі

З галінкамі ў расе,

 

Дробны дожджык сее

Кроплі па страсе.

І дугой вясёлка

выгнулася ў дол…

 

Дзверы нам адчыніць

добры, дзіўны май.

Колькі ў свеце цудаў!

Толькі заўважай.

 

Дарэчы, якраз Драгічыншчына сёлета прадстаўлена на конкурсе як ніколі багата. Тут дзеткі з вёсак Сварынь, Бездзеж, Нямержа, Аляксеевічы, Брашэвічы ды іншых… Іх творы вартыя найлепшых водгукаў, таму шкада, што конкурс мае толькі шэсць месцаў. Адзінае, што можна зрабіць у такім выпадку, гэта апублікаваць хоць бы вытрымкі з напісанага імі. Калі прачытаеце, то пагодзіцеся, што яны вартыя ўвагі.

Вось Вераніка Шыдлоўская з Аляксеевіцкага дзіцячага сада-базавай школы:

“Колькі колераў і прыгажосці

Падарыла прырода зямлі,

Што красуе ў сваёй маладосці

На вялікім абшары зямлі!..”

Вось першыя чатырохрадкоўі Веранікі Церашчук, вучаніцы 8 класа Сварынскай СШ Драгічынскага раёна:

Жыццё-жыццё: турботы, мары…

Ляцім-ляцім удалячынь.

Будуе кожны свае храмы,

Ад цяжкасцей каб уцячы.

 

Зямля, як маці над калыскай,

Чакае шчасця для дзяцей,

Малюе час яго абрысы

У выглядзе… надзей.

 

А вось яшчэ адзін пачатак твора аўтаркі з Драгічыншчыны – вучаніцы Бездзежскай СШ Веранікі Максімовіч:

“Калісь даўно на белым свеце

Жыла дзяўчына ў беднаце…

Яе жаданне было ў мэце:

Устаць, хадзіць…”

У Веранікі атрымалася сапраўдная паэма-балада, якая знойдзе сваё адлюстраванне ў зборніку “Адкрыццё” лепшых творчых прац удзельнікаў конкурсу 2016 года.

Шырока прадстаўлены ў конкурсных работах дзеці са Столінскага, Іванаўскага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага ды іншых раёнаў.

Традыцыйны ўдзельнік конкурсу – Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў. Здавалася б, прафесію юнакі і дзяўчаты набываюць не гуманітарную, затое пішуць прыгожа як у моўна-лінгвістычным плане, гэтак і ў чалавечым, грамадзянскім. Сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы. Канечне ж, заслуга ў гэтым выкладчыкаў, і наперш Наталлі Паўлавец – улюбёнага ў сваю справу і ў Беларусь педагога-філолага. Услухаемся ў чарговы раз:

“Апошняй вясной з канферэнцыі ў Брэсце я прывезла дадому дарагія рэліквіі: дыплом, памятны прыз, а кніжку вершаў “Голас” мне падарыў на добры ўспамін бялявы высокі юнак з блакітнымі вачыма. Сказаў, што з Жабінкі. Ён аказаўся шчырым беларусам: нават на “відзік” казаў “бачак”.

Прачытаўшы некалькі вершаў з гэтага зборнічка, я зацікавілася творчасцю і асобай невядомага паэта. Многія вершы Васіля Гадулькі назаўсёды пасяліліся ў маёй памяці.

Не пазірай на захад сонца з жалем.

Вер: наша радасць нас не абміне.
          Надыдзе ноч – сваё святло запалім:

Лучынку, свечку, лямпачку ў акне.

І радасць будзе ад таго не меншай,

Што, можа, хіба толькі праз гады

Яна да нас загляне на агеньчык –

З тым, каб ужо застацца назаўжды.

Прачытала верш і задумалася. Задумалася над тым, што ў жыцці ўсё цесна знітавана, і выпадковасцяў у ім не бывае. І калі Богам назначана звязаць свой лёс з роднай мовай, то ад гэтага ўжо не ўцячэш. Менавіта на гэтай мове ў 1985 годзе стаў пісаць вершы і Васіль Гадулька. Менавіта на гэтай мове ён размаўляў са знаёмымі, сябрамі. Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.

Шмат у свеце цудоўных моў. Французская, нямецкая, іспанская, англійская, польская, руская… Усе гэтыя мовы ведаў і пачынаючы паэт. Адны з іх вабілі сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але потым у яго была толькі адна мова, якая завецца роднай.

Васіль Гадулька – паэт ад Бога. Гэта надзвычай яркі і самабытны талент на Берасцейшчыне. Аўтар умела кранае сэрца чытача, прымушае задумацца над сваім уласным лёсам.

Які ж запавет пакінуў нам, сваім нашчадкам, паэт? На маю думку, гэта паэтычнае слова, якое мае незгасальную сілу.”

Вось вам сапраўдны шэдэўр будучага будаўніка (будаўнічкі) Уладзіславы Рац, якой сёлета споўнілася 18 год. На такіх, няйначай, трымаецца будучыня Беларусі. Як жа такіх не падтрымліваць!  

Парадавалі таксама літаратурныя гурткі. Перш-наперш гурток сярэдняй школы №10 г.Брэста“У дзясятачку”, якім кіруе паэт і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Кулеш. Пад яго кіраўніцтвам дзеці, па сутнасці, масава захапляюцца прыгожым словам.

Што ж тычыцца пераможцаў гэтага конкурсу, то тут неабходна захаваць інтрыгу аж да самага ўзнагароджання, якое адбудзецца напрыканцы года. Сачыце за абласнымі сродкамі масавай інфармацыі. 

Автор: Анатоль КРЭЙДЗІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня журы абласнога літаратурнага конкурсу для дзяцей і юнацтва.
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
пнвтсрчтптсбвс
303112345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930123