Новае кола
Опубликовано: 19.10.2016

Пра што гавораць гледачу беларускія рэжысёры?

Маладыя, часам нясмелыя, айчынныя рэжысёры сёння спрабуюць у сваіх стужках выказвацца пра ўсё, што адбываецца ў грамадстве. Тут можна ўбачыць і жарты над сабой, і сур’ёзныя развагі пра вырашэнне лёсу. Беларускія кінематаграфісты шукаюць у сваіх фільмах сябе. Да гэтага ж заклікаюць і гледачоў.

Жарты

Як паказваюць вынікі фестывалю кароткаметражнага кіно «Kinosmena», у Беларусі маладога кіно хапае. Да таго ж хапае фільмаў пра ўсё на свеце! Рэжысёры ўмела знаходзяць баланс паміж асабістым і грамадскім, гістарычным і сучасным, фантазіяй і рэчаіснасцю.

Кінематаграфісты сёння вырашаюць быць сапраўды смелымі: напрыклад, адкрыта высмейваюць кіно ў сваіх жа стужках, як гэта зрабіў Аляксандр Максімаў у фільме «Міма церняў»: «Ідэя прыйшла банальна: я вучыўся ў кінашколе, задумваў стужку як пародыю, шарж на пачынаючых кінематаграфістаў, якія вельмі высокага меркавання наконт сваіх фільмаў. Але сталася так, што кіно ўзняло шмат іншых праблем кшталту творчых пакут рэжысёраў, адбору на фестывалі. Калі коратка — стужка пра шлях маладога рэжысёра».

Спачатку можа падацца, што кіно ўвогуле аб праблемах на працы, якія ў рэжысёраў таксама здараюцца. Але, пачакаўшы некалькі эпізодаў, разумееш: гэта фільм у фільме. Мы чамусьці ўяўляем сабе рэжысёраў узнёслымі, высакароднымі, таму і пытаемся: «А хто натхніў вас? Феліні? Антаніёні?» і зусім не чакаем адказу: «Генадзь Аляксеевіч, сусед». І ўсё перастае быць такім фантазійным, «у ружовым свеце», бо ў стужцы вельмі шмат сапраўднага — хоць бы тое, што выпускнікі-творцы ідуць пасля ўніверсітэтаў здымаць чужыя вяселлі ці рэкламы. Аляксандр кажа, што кіно зняць у Беларусі даволі лёгка: галоўнае — добрая ідэя і мысленне катэгорыямі, якія дасяжныя: «Каб у нас развівалася кіно, патрэбна падтрымка — фестывалі, гранты. Разам з узроўнем рэжысёра вырасце і цікавасць гледача. Думаю, многія ўжо стаміліся ад чарговай часткі “Мсціўцаў”, хочацца ўбачыць штосьці сваё пра свет, дзе мы жывём».

Развагі

Андрэй Калеснікаў у сваёй стужцы «Я — творца» зняў узыходзячую зорку беларускага кіно Аляксандра Лясько. Фільм пра асабістае — на прыкладзе героя бачым, як працуе тое, што мы называем лёсам, колькі «развязак» можа быць у адной і той жа гісторыі, і што выбар заўсёды робіць сам чалавек, кажа рэжысёр: «Кіно пра тое, што лёс у нашых руках і не трэба дазваляць вырашаць за нас камусьці яшчэ. Асабліва ўнутраным сумненням».

Тэму выбару нябачна працягваюць і іншыя стужкі. Напрыклад, «Васількі» Алены Аляксанэ, здаецца, зусім не пра тое. Кіно пра кветкі, якія, дарэчы, не васількі зусім, моцна ўрэзаліся ў памяць галоўнага героя. Але яны цяпер сталі падставай для выбару, менавіта праз іх чыёсьці шчасце ператвараецца ў чужое няшчасце.

«Палова мяне» Андрэя Палупанава — кіно сацыяльнае. Хаця нельга сказаць, што іншыя стужкі несацыяльныя. Ды гэта і немагчыма: усе яны расказваюць пра нас. Але ў гэтым фільме ўздымаюцца тэмы, на якія многія рэжысёры выказвацца не спяшаюцца, — праз хатні гвалт Палупанаў паказаў духоўную моц жанчыны. Зноў жа паўстае праблема выбару: нешчаслівая сям’я, так званы стакгольмскі сіндром, ці сыход. Нельга не адзначыць, што некаторымі дробязямі стужка нагадвае адну вядомую беларускую гісторыю — пра тое, як маленькі Ізяслаў абараняў ад бацькі сваю маці Рагнеду. Атрымалася кіно не толькі з актуальным, але і гістарычным сюжэтам.

Валерыя Целяшэўская, вучаніца Андрэя Палупанава, расказала гледачу амаль пра тое ж, але іншымі фарбамі — кіно атрымалася вельмі вольным, у некаторых момантах з элементамі хорару, а часам — камічным. Як вынік — смерць героя ад… яечні. Сама Вікторыя кажа, што рэжысёрам сябе пакуль не лічыць: «Я, як у «Папялушцы», не чараўнік, а толькі вучуся. Але працэс здымак мне вельмі падабаецца: гэта лёгка, гэта зацягвае, асабліва калі побач добрая каманда».

Пачуцці

Зусім прафесійнай, вельмі стыльнай, нават экстравагантнай атрымалася стужка Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага «20:16». Знятае неверагодна прыгожа, з густам і адчуваннем сувязі колеру з настроем, кіно распавядае пра татальную адзіноту, калі побач з чалавекам няма нікога і нічога, акрамя надзеі, якая гэтым усім і становіцца. Галоўны герой, ролю якога выканаў акцёр тэатра імя Горкага Сяргей Юрэвіч, кожны дзень чакае адной і той жа хвіліны, асабістага рытуалу, — шаснаццатай пасля васьмі, калі ён можа адправіць ліст чалавеку, якога, безумоўна, кахае. Чаму кахае? А гэта зразумела: ён спіць з коўдрай, абдымаючы яе як чалавека. Пасля аднаго выпадку жыццё героя перастае мець сэнс, ён хоча жыцця новага, але наўрад ці да яго гатовы. Фільм пра адзіноту, надзею, пошукі сэнсу, зняты па сцэнарыі вядомага беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага.

Стужка Васіля Цыбулькі «Халасцяк», па словах самаго рэжысёра, пра «інстытут шлюбу ў сучасным беларускім грамадстве, пра пошукі залатой сярэдзіны ў пытаннях часу і псіхалагічнай сталасці, калі гатовы да шлюбу. Дзве крайнія кропкі сустракаюцца ў спробе знайці гэтую самую залатую сярэдзіну».

Кіно пра двух сяброў, якія не бачыліся, як гэта бывае, шмат гадоў, а калі сустрэліся, то зразумелі, што выбралі абсалютна розныя шляхі: адзін жаніўся, знайшоў працу ў офісе, другі — свабодны і ездзіць у краму на роліках. Сутыкненне двух розных поглядаў, меркаванняў, нават розумаў дае даволі прадказальны вынік: яны разыходзяцца ў супрацьлеглыя бакі.

Рэчаіснаць

Жахліва прыгожыя беларускія пейзажы можна ўбачыць у стужцы Валерыя Навічкова «Адз1н». Але кіно зусім не пра прыроду — хаця пра прыроду, канечне, але пра чалавечую. Фільм здымалі ў Рагачове (менавіта там і знаходзіцца студыя Валерыя), таму рэжысёр кажа, што не абышлося і без насмешак (у правінцыяльным горадзе да ідэі стужкі Навічкова аднесліся скептычна, а на «Kinosmenе» ацанілі — фільм стаў віцэ-чэмпіёнам фестывалю). 

Кіно атрымалася лёгкім, з гумарам і беларускай рэальнасцю на экране: Навічкоў па-новаму расказаў гледачу пра тое, якім можа быць выкуп на вяселлі і ці будзе пасля гэтага выкупу вяселле наогул: «Задачай для мяне было не схавацца за артхаусам. Я хацеў стварыць зразумелае кіно з элементамі экшну, камедыі, добрай акцёрскай ігрой, ноткамі самабытнасці, характэрнымі менавіта для беларусаў. І, калі меркаваць па рэакцыі гледача, усё спраўдзілася і мы на верным шляху».

Галоўны прыз «Kinosmenы» ў нацыянальнай праграме атрымаў фільм Міхаіла Пархоменкі «Эстафета» пра тое, як суседзі шукалі на сваіх гародах скарб, а знайшлі бомбу. Галоўныя пытанні — куды бомбу падзець і каму яе аддаць — вырашаюцца на працягу стужкі. Па дарозе да горада, куды беларус вязе бомбу, мы ўбачым нашу рэчаіснасць без прыўкрас — стаўленне суайчыннікаў да чужых праблем, уменне браць на сябе адказнасць і, зноў жа, неверагоднай прыгажосці родную прыроду. Ролі выканалі вядомыя тэатральныя акцёры, некаторыя з вялікай фільмаграфіяй, менавіта гэтых людзей Міхаіл Пархоменка і хацеў задзейнічаць у стужцы — зоркі сышліся.

Насамрэч кіно цікавае тым, што адлюстроўвае тыповага беларуса. Пра гэта кажа і рэжысёр: «Стужка пра тое, як перакладаць адказнасць на іншых, пра выраз “мая хата з краю”, пра наш менталітэт. Гэта роад-муві - жанр, які не вельмі папулярны ў Беларусі, і я хацеў зняць кіно сучаснае і ў цікавым жанры, які айчыннаму кіно не ўласцівы. Хацелася, каб глядач сябе пазнаў, каб кіно глядзелася лёгка. “Эстафета” — камедыя і драма ў адным флаконе, усё як у нашым жыцці».

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя стужкі? Яны пра нас рэальных. Рэжысёры сёння не цураюцца айчыннага, а наадварот. Яны шукаюць у нашай краіне тэмы, герояў, лакацыі для здымак. На экране можна ўбачыць знаёмыя станцыі метро, пероны вакзала, гарадскія вуліцы. І такіх жа знаёмых людзей. Шукаць адказы на вечныя пытанні рэжысёрам і не трэба — ёсць тэмы і навокал, а кола іх — нашмат шырэйшае, чым мы можам сабе ўявіць.

Фота: Кадр з фільма «Эстафета» (рэж. М. Пархоменка). 

Автор: Маргарыта ДЗЯХЦЯР
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
26272829123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031