Грай, дуда!
Опубликовано: 09.06.2015

Вялікі канцэрт гуртоў, дудовыя імправізацыі на свежым паветры, абмеркаванні тэарэтычных і практычных аспектаў выкарыстання гэтага старажытнага інструмента, сустрэчы са старымі сябрамі і новыя знаёмствы з калегамі ды паплечнікамі. Так можна ахарактарызаваць «Дударскія фэсты», што ўжо многа гадоў праводзяцца ў нашай краіне. Не стаў выключэннем і сёлетні, які не так даўно прайшоў у Музейным комплексе старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі».

Вяртанне праз два гады

Падчас мінулага «Дударскага фэсту», што прайшоў у 2013 годзе, арганізатарамі было прынята рашэнне праводзіць фестывалі не штогод, як было раней, а раз на два гады. І, здавалася б, гэты факт павінен быў спрацаваць на карысць фэсту, зрабіць яго больш чаканым і запатрабаваным. Але ж за гэтыя два гады ў дударскім руху адбылося шмат важных падзей. Так, адноўленыя сустрэчы «Дударскага клуба», які цягам вясновага сезона збіраў аншлагі ў сталічным Jack Club, а пляцоўкамі для прафесійных сустрэч (нават у міжнародным фармаце) сталі адмысловыя дударскія секцыі, што ўжо традыцыйна праводзяцца падчас Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў літоўскім Каўнасе і канферэнцыі «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ды і публіка не зусім засумавала па «Дударскім фэсце»: канцэрты гуртоў, што зазвычай у ім бяруць удзел, рэгулярна праходзяць у сталіцы, можна наведаць вечарыны капэлы «На таку» ці схадзіць на летнія сустрэчы на «Карчы».

Магчыма, гэтымі прычынамі можна патлумачыць нешматлюднасць сёлетняга «Дударскага фэсту». Ён не сабраў шмат публікі, не выклікаў шырокай увагі журналістаў.

Ці, можа, справа ў традыцыйнасці праграмы? Падчас вялікага канцэрта ў межах фэсту выступілі гурты «Стары Ольса», «Літы Талер», «Пава», чые праграмы суправаджаліся танцамі калектыву «Фламея» ды прадстаўленнямі вулічнага тэатра «Вір». Сюрпрызам стала выступленне сямейнага дуэта Андрэя і Аксаны Мароз, які прадставіў праграму на шатландскіх валынках, а таксама «Капэлы Дудзяжы велькапольскіх» з Познані, што прадэманстравала традыцыйныя польскія найгрышы ды танцы.

Зрэшты, нельга сцвярджаць, што бочка «Дударскага фэсту-2015» была цалкам напоўненая дзёгцем звыкласці. Быў і мёд адкрыццяў, знаходак і цікавых меркаванняў, якія прадставілі ўдзельнікі, так бы мовіць, афіцыйнай часткі фестывалю — канферэнцыі «Захаванне дударскай традыцыі Прыбалтыйскага рэгіёна Еўропы».

Шыпы? Магчыма!

Як павінна выглядаць дуда? Ці варта адраджаць традыцыю спеваў пад гукі інструмента? Як забіць казу, каб яе скура была найбольш прыдатнай для вырабу дуды? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы навукоўцы і майстры падчас канферэнцыі. Прадстаўлены новыя іканаграфічныя крыніцы з фондаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Адбылася прэзентацыя двухбурдоннай дуды, упершыню ў наш час вырабленай маладым майстрам Сяргеем Чубрыкам паводле старажытнага малюнка. Уразіў даклад спадара Януша Яскульскага, куратара Музея старажытных інструментаў (Познань, Польшча).

— У Санкт-Пецярбургу не так даўно былі знойдзеныя дзве новыя выявы дуды, — распавёў музыка і даследчык, арганізатар «Дударскага фэсту» Зміцер Сасноўскі. — Адна з іх — агітацыйная брашурка 1924 года «Чырвоны дудар». Яна заклікае сялян уступаць у калгас. Такі падыход — нонсэнс. Як можа дудар, вольналюбівы чалавек, заклікаць сялян да ўступлення ў калгас? Дарэчы, дуда на брашуры па канструкцыі вельмі нагадвае інструмент, што захоўваецца ў краязнаўчым музеі ў Лепелі. Другая новая выява — на часопісе «Лучынка», які выдаваўся ў 1914 годзе. Адметнасць гэтай дуды ў тым, што жалейка інструмента надзвычай доўгая і тонкая.

Новыя выявы даслаў Зміцеру з Санкт-Пецярбурга Мікола Нікалаеў, доктар філалагічных навук, супрацоўнік Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Але на гэтым даследаванні іканаграфіі дуды не скончаныя. Спадар Сасноўскі заўважыў:

— Калісьці Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку ладзіў выстаўку прапагандысцкіх улётак 1920-х гадоў. І ў экспазіцыі была брашурка з выявай дудара. Прытым дуда ў яго была дзіўная — з дзвюма рагаўнямі незвычайнай формы. Мы паехалі ў музей, каб яшчэ раз паглядзець на гэтую выяву, але не здолелі знайсці яе. Брашурка так і засталася ў архівах музея. Таму я ўпэўнены, што адкрыцці ў сувязі з выяўленчай прапагандай і дударскімі выявамі нас яшчэ чакаюць!

Зміцер таксама выказаў прапанову сабраць разам іканаграфічны матэрыял па дудзе, што рэгулярна прадстаўляецца на кожнай з канферэнцый. Магчыма, гэтыя выявы стануць часткай новага нумара альманаха Dudar, першы выпуск якога выйшаў у 2012 годзе і вельмі палюбіўся чытачам.

Звярнулі ўвагу даследчыкі і на знешні выгляд дуды. Па меркаванні Алеся Чумакова, прыгожыя інструменты, што сёння робяць беларускія майстры, — стылістычныя нашчадкі лепельскай дуды. Але пры вырабе такіх выкшталцоных дудаў губляецца «дзікі», сялянскі каларыт, а на гэта таксама не варта забывацца. Таму ўзнікла заканамернае пытанне: дзе мяжа паміж традыцыйнасцю выгляду інструмента і ўласнымі эстэтычнымі перакананнямі творцы? Тодар Кашкурэвіч, даследчык, майстар, музыка, адказаў так:

— Традыцыйны чалавек заўсёды імкнуўся да дасканаласці. Тыя артэфакты, якія мы бачым пры даследаванні беларускіх дудаў, сапраўды можна назваць брутальнымі. Але тут выбар за намі: падтрымліваць «брутальны» кірунак ці рабіць дуды выкшталцонымі. Мне падаецца, што ў наш постэтнічны, посттрадыцыйны час абодва кірункі маюць права на жыццё. Асабліва актуальна гэта ў часы субкультур. Можа, металіст захоча сабе дуду з шыпамі або з выявай молата Тора. Гэта цалкам магчыма і прымальна ў кантэксце субкультур. Мне вельмі падабаецца, што дуда ўжо заняла сваё месца ў розных субкультурах. Рок, панк, постфальклор, сярэднявечная музыка сёння гучаць з дудой. Гэта вельмі цешыць. Такія тэндэнцыі яшчэ раз пацвярджаюць: інструмент жывы. Сёння няма сэнсу адраджаць сялянскі побыт, сялянскую ментальнасць, таму і жыццё этнічнай музыкі мусіць быць структураваным у адпаведнасці з рэаліямі сучаснасці.

Адзін з пачынальнікаў адраджэння беларускай дудовай традыцыі, майстар Алесь Лось выказаў наступнае меркаванне:

— Галоўнае не сам інструмент, але музыка, якая на ім гралася. Вельмі важна прытрымлівацца менавіта гукавай эстэтыкі. Раней, калі музыкант не меў магчымасці набыць інструмент, ён рабіў яго сам. Таму і атрымлівалася, што скрыпкі, дуды маглі выглядаць не надта прывабнымі эстэтычна. Значэнне мела музыка, мелодыя і пачуццё.

Спадар Алесь распавёў, што цяпер займаецца вывучэннем больш глабальных пытанняў фарміравання і развіцця сусветнай дударскай традыцыі:

— Калі ўявіць гісторыю развіцця традыцыі ў выглядзе дрэва, то тое, што мы вывучаем зараз, — толькі гарызантальны зрэз. Мы бачым асобныя фрагменты, але не ўяўляем «дрэва» цалкам, не можам пабачыць яго карані, — зазначыў майстар. — У 1980-я гады, калі традыцыя толькі пачынала адраджацца, я зрабіў першую дуду, выйшаў з хаты, зайграў. Сабралася ўся вёска. Складана было зрабіць дуду, якая грае, але яшчэ адна складанасць — даказаць, што гэта наша традыцыя, што пад акампаненмент дуды танчылі, праводзілі абрады і спявалі.

Апошнія дзесяцігоддзі цалкам пацвердзілі жыццяздольнасць дуды ў сучаснай беларускай музыцы розных стыляў і кірункаў. Больш за тое, даследчыкі пачалі звяртаць увагу не толькі на сам інструмент, але і на працэс яго адраджэння, вывучаць унёсак кожнага з музыкаў і майстроў. Так, даследчык, майстар і музыка Алесь Сурба прапанаваў сваю версію перыядызацыі новага жыцця дуды. Па яго меркаванні, «ажыўленне» інструмента праходзіла ў чатыры этапы. Першы пачаўся ў канцы 1970-х гадоў, калі выйшла манаграфія Іны Назінай, а майстар Лычкоўскі па замове даследчыцы зрабіў дуду. Гэты інструмент і сёння захоўваецца ў фондах Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. У гэты час майстры толькі спрабуюць вырабляць дуды, шукаючы той варыянт канструкцыі, які б гучаў найлепш і больш дакладна адпавядаў традыцыі. Другі этап спадар Сурба прапанаваў назваць «рамантычным». Ён прыпадае на 1980 — 90-я гады, калі прыхільнікі дуды пакідаюць горад і з’язджаюць у вёску, каб наблізіцца да разумення традыцыі. Трэці ж атрымаў назву «этнаграфічны» (1990 — 2000 гг.) — час, калі Алесь Лось і Тодар Кашкурэвіч разам з вучнямі і паплечнікамі ладзілі многа этнаграфічных экспедыцый з мэтай больш глыбокага вывучэння дударскай традыцыі беларусаў. Цяпер мы на «новым» этапе адраджэння дуды (пачаўся ў 2003 — 2004 г.): з’яўляюцца новыя музыкі і майстры, якія маюць уласных вучняў і нават развіваюць свае «школы» дударства.

Падчас канферэнцыі ўзнікла дыскусія наконт таго, чаму беларусы ніколі не выкарыстоўвалі рогі жывёл у якасці рагаўнёў інструмента. Намнога прасцей да бурдона прыладзіць гатовы рог быка, чым вырабляць яго з крывога дрэва. На думку Алеся Лася, рагавень, выраблены менавіта з крывога, выгнутага дрэва, надаваў інструменту надзвычайную магічную сілу.

«Кідайце казу з драбін!»

Вялікую цікавасць прысутных выклікаў даклад госця з Польшчы спадара Януша Яскульскага. Ён распавёў пра традыцыйныя дударскія фестывалі, што праводзяцца ў Познані, штогадовыя дударскія календары, а таксама паездкі на рэтра-цягніках па адмысловым маршруце «Павуцінне вандровак скрыпачоў і дудароў». Звярнуў увагу і на традыцыі вырабу дудаў у Польшчы. Так, існавала меркаванне, што скура, з якой будзе вырабленая каза (адмысловая польская дуда, не шытая, але зробленая з цэльнага кавалка), павінна быць знятая з казы (жывёлы) асаблівым чынам, каб пашкоджанні былі мінімальнымі. Для гэтага існаваў спецыяльны спосаб скідвання жывёлы з гарышча па драбінах!..

Няма прычын сумнявацца, што дуда працягне сваё жыццё ў сучасным свеце. І адбудзецца гэта не ў «скансэне» сялянскага жыцця, а ў штодзённай рэчаіснасці беларусаў. Спадзяюся таксама, што і «Дударскі фэст» за два гады перапынку да наступнага фестывалю зменіць фармат і стане сапраўдным святам для майстроў, музыкаў, танцораў, а для гледачоў — адкрыццём новых гуртоў, фактаў, нагодай пасябраваць з дудой.

 

ЛіМ, №22, 2015

 

Автор: Марына ВЕСЯЛУХА, фота аўтара
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
2930311234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293012