Будзь, як Памір, вышынь вартавы...
Опубликовано: 24.04.2015

Гулрухсор Сафіева — імя ў савецкай літаратуры 1970 — 1990-х вядомае, нават больш за тое — шырока вядомае. У сярэдзіне 1980-х — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Таджыкістана. Паэтэсе было ўсяго 37 гадоў (інфармацыя з 1984 г.), а ўжо адна за другой пабачылі свет больш як 20 кніг яе вершаў на таджыкскай і рускай мовах. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Таджыкістана. Лаўрэат прэміі Усесаюзнага Ленінскага камсамола. А яшчэ — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Таджыкістана імя Рудакі. Аўтар рамана «Жанчыны Сабзбахора» (першая ў гісторыі таджыкскай літаратуры жанчына-раманістка!).

Адзін з рускамоўных зборнікаў Г. Сафіевай — «Дзеля цябе» — пабачыў свет накладам 91 тысяча (!) экзэмпляраў. Гэта было ў 1984 годзе. Несумненна, асновай такой узнёсласці быў і застаецца талент. Сімвалы, мастацкія вобразы, вынайдзеныя Гулрухсор Сафіевай, яе здольнасць акрэсліць найбольш цікавыя думкі, — усё гэта прыцягвала і сёння прыцягвае многіх чытачоў менавіта да паэзіі, паэтычнай планеты, над стварэннем якой працавала, працуе геніяльная таджыкская паэтэса.

І, канечне ж, вядомасці, пашырэнню чытацкай прасторы ў дачыненні да мастацкага свету Гулрухсор спрыяла яе актыўнасць, зносіны з іншымі літаратарамі, непасрэдна з паэтэсамі савецкіх рэспублік. Невыпадковым творчым праектам Сафіевай стала яе аўтарская анталогія вершаў паэтэс Савецкага Саюза — «Кветка, якая спявае».

Яшчэ ў 1968 годзе з Гулрухсор Сафіевай пазнаёміўся на той час 26-гадовы беларускі паэт Сяргей Панізнік. І адбылося гэта на ІІ Усесаюзным фестывалі маладых паэтаў брацкіх рэспублік, які праходзіў з 30 чэрвеня па 7 ліпеня 1968 года ў Мікалаеве (Украіна). А Гулрухсор не было яшчэ і 21 года...

— З той паэтычнай сустрэчы ў мяне застаўся і фотаздымак, — расказвае Сяргей Сцяпанавіч. — На ім — фрагмент, калі на адной з фестывальных сустрэч маладая, юная таджыкскай паэтэса атрымлівае «хлеб-соль». А за спінай у Гулрухсор — наш Алесь Разанаў. Чым запомніўся той фестываль?.. Захоўваю спецыяльны выпуск мікалаеўскай камсамольскай газеты «Ленінскае племя». Артыкул «Мерыдыяны паэзіі» завяршаецца словамі: «Гасцінна просім, Паэзія!» А ў нумары — у перакладзе на ўкраінскую і рускую вершы Юрыя Саакяна (Арменія), Ахадула Ганбарава (Азербайджан), Марыса Чаклайса (Латвія), Туманбая Малдагаліева (Казахстан), Анаберды Анагабаева (Туркменістан) і, канечне ж, Гулрухсор Сафіевай.

У архіве С. Панізніка — і нумар газеты «Літаратурна Україна» 1968 года з падборкай «Україна, Мікалаеў». І там — верш Гулрухсор. «Дарогу чакання» пераклаў на ўкраінскую мову Леанід Горлач. 

Таджыкская паэтэса — аўтар вершаванай падборкі на беларускай мове ў альманаху «Ветразь», які некалькі гадоў запар выходзіў у мінскім выдавецтве «Юнацтва». У многім дзякуючы актыўнасці Сяргея Сцяпанавіча Панізніка. З тых «ветразеўскіх» выпускаў асабіста ў мяне пачалося знаёмства з многімі паэтамі народаў былога Савецкага Саюза. Памятаю вершаваныя падборкі на беларускай мове туркменаў Сапармурада Авезбердыева, Касыма Нурбадава, кіргізкі Нінакан Джундунбаевай... У выпуску за 1988 год — два вершы Гулрухсор Сафіевай: «Мы ў пошуку» і «Наш шлях». Перакладчык на беларускую мову — Мікола Чарняўскі. Дарэчы, праз гады беларускі паэт збярэ анталогію сваіх перакладаў дзіцячай паэзіі свету — «Як зрабіць вясёлым дзень». Не забудзецца і пра свае таджыкскія зацікаўленні.

З Беларуссю Гулрухсор Сафіеву злучае і такі штрышок: свой верш «На Паміры» таджыкскай паэтэсе прысвяціў Алег Лойка:

На Паміры —

не паміраць,

Захлёбваючыся

бояззю

вышыні,

На Паміры —

сэрца караць,

калі не ўзяў

вышыні ані.

І якое апраўданне,

што ты, — з нізін,

Што вады

цішэйшай,

палескай травы, —

Гулрухсор гаворыць:

«Калі ты —

паэзіі сын,

Будзь, як Памір,

вышынь вартавы,

Сын далінаў палескіх

ці памірскіх гор,

Ты ў адказе

за племя кожнае,

Кожны род...»

«Сына маці раджае, —

маеш рацыю Гулрухсор, —

Героя і паэта — народ,

Паэт, — ён — веснік вясны,

ён — чырвоны аргуон,

І ён жа — джыгіт,

а не плакучая

маджнунбед, —

Ён гор найпануршых

абудзіць

зымшэлы сон

І не абарве, як бездань,

продкаў песенны след...»

...Асфальт над адхонам. Адхон,

за адхонам — адхон.

Усміхаецца за рулём «Волгі»

Гулрухсор —

Аргуон, што ў адказе

натхнёным за сыноў

спаконвечных гор

І што кветкай

Купальскай

мне з Беларусі відзён.

Трэба крыху патлумачыць... Аргуон — веснавое дрэва, што квітнее пурпуровым кветам. Маджнунбед — таджыкская вярба.

У Алега Лойкі, які, канечне ж, і чытаў, і добра ведаў Гулрухсор Сафіеву, паяднанне з Таджыкістанам узмацнілася пасля паездкі ў маі 1981 года ў Душанбэ на VII з’езд Саюза пісьменнікаў Таджыкістана. Вось цытата з прамовы Алега Антонавіча на форуме таджыкскіх пісьменнікаў: «...Ваша зямля — гэта і зямля маіх продкаў, бо мама мая, якая нарадзілася каля Ферганы, правяла сваё дзяцінства і юнацтва не толькі ў Какандзе, але і ў Канібадаме. Яе бацькі, беларускія сяляне, яшчэ да рэвалюцыі 1905 года паехалі з роднай ім Беларусі ў пошуках работы сюды, каб казкамі майго дзяцінства сталі затым апавяданні пра Вашу казачную краіну. Любоў мамы да Вашай зямлі, яна стала і маёй любоўю...»

Значыць, паэтычнае сонца Гулрухсор Сафіевай яшчэ дакранецца сваімі праменьчыкамі да беларускай зямлі. 

Автор: Кастусь ЛАДУЦЬКА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123