Яшчэ раз пра радзіму

Найбольш папулярны сёння від паэтычных зборнікаў — гэта «салянкі», з вершамі пра любоў ува ўсіх яе нюансах і падвідах, пра Радзіму і радзіму, пра жыццё і яго нягоды і г. д. Кнігі, прысвечаныя адной тэме, выходзяць радзей. Новы зборнік лірыкі Міхася Пазнякова «Наталенне Радзімай» якраз з шэрагу другога. Ува ўсіх вершах пра Радзіму, якія ёсць у беларускай паэзіі, абавязкова прысутнічае сум, быццам бы гэтая самая Радзіма даўно і незваротна страчаная.

Сум гэты ёсць і ў вершах Міхася Пазнякова, аднак, у адрозненне ад вершаў, якія маюць гістарычную скіраванасць, то бок, аўтары якіх з замілаваннем і тугой азіраюцца назад у пошуках лепшай долі, творы з кнігі «Наталенне Радзімай» маюць больш зямную прыроду. З зямлі яны літаральна вырастаюць — з маленькага лапіка на вялікай планеце, і на лапіку гэтым знаходзяцца вёсачка, адзіная для Міхася Пазнякова і такая падобная да ўсіх іншых беларускіх вёсак, рэчка Грэза, якую аўтар узгадвае ў кнізе не раз і не два, палі і гароды, лясы і лугі, а над усім гэтым сялянскім хараством —
чыстае блакітнае неба дзяцінства паэта.

Не спіцца…

Штось шапоча дождж.

Нібы маланкай,

Асвятляе памяць:

Я зноў бягу па вёсцы

Басанож,

Няшчадна

Сонца ліпеньскае

Паліць…

Міхась Пазнякоў апісвае, як знікае старая беларуская вёска, як застаюцца пустымі хаты і спілоўваюцца прысады, якія былі часткай дзяцінства, як паміраюць людзі, якія ў памяці паэта паступова губляюць індывідуальнае і становяцца сімваламі — расстання, болю, весялосці, працы, самой вёскі, яе гумару і г. д.

Урэшце, узнікае пытанне: чаму ў назве зборніка сакральнае слова «Радзіма» пішацца з вялікай літары, калі паэт збольшага піша пра вёску як сімвал малой радзімы? Так, часам спадар Міхась выходзіць за яе межы і пачынае разважаць пра лёс краіны, агульначалавечыя праблемы, прыроду пачуццяў і многія іншыя абстракцыі, якія, аднак, ужо не выклікаюць такога жывога водгуку ў душы чытача, які сам (ці ў другім, максімум — трэцім пакаленні) выхадзец з вёскі. Што цікава, нават калі аўтар піша пра Радзіму ў шырокім сэнсе, мы бачым усё тую ж вёску, толькі павялічаную да памераў, адпаведных пафасу твора.

Напрыклад:

У гэтым свеце найадзіным,

Нідзе — ні блізка, ні далёка —

Не пагаджуся ні хвіліны

Жыць без Радзімы сінявокай.

Горад, што прадказальна, успрымаецца аўтарам як нешта варожае. Горад і вёска ў вершах Міхася Пазнякова не стаяць побач ці хоць бы паралельна — яны супрацьпастаўляюцца. Калі вёска, зямля выступаюць як крыніца сілы, радасці, самога жыцця, то горад паўстае гэткім энергетычным вампірам, які выцягвае з чалавека ўсе сокі, так што рана ці позна давядзецца вяртацца ў вёску.

З лесу,

ад красы і пахаў,

Так не хочацца дамоў.

Узарвецца ціша птахам,

Знікне ў хвалях верасоў.

У лазняк, смугой спавіты,

Уваходжу, нібы ў дом.

Водар мяккі, сакавіты,

П’ю, смакуючы, нагбом…

Пры такім раскладзе зусім не дзіўна, што выміранне вёскі выклікае ў лірычнага героя непадробны сум. Бо калі так працягнецца, знікне не толькі вёска, але і ён сам — у пэўным сэнсе.

Пра што пісаць?

Пра горад? У «Наталенні Радзімай» нязменна чужы, аўтар пачуваецца тут вечным госцем:

І шчымліва на гулкіх праспектах,

Паміж розных турбот, мітусні,

Ўсім нам чуюцца пчолы на кветках,

Перапёлчына «травы касі»…

Здавалася б, вырашэнне праблемы простае: калі горад не прымае (хоць насамрэч гораду ўсё адно), вяртайся ў вёску, жыві шчасліва, глядзі на светлае неба, а не на шэрыя гмахі. Аднак і гэта немагчыма: «… у бацькоўскім краі цэзій / Пасяліўся на вякі…». Асаблівы трагізм надае гэтым радкам тое, што «на вякі» — гэта не метафара.

І ўсё адно паэт вяртаецца ў выкляты край: «не боязна прыйсці мне / зноў да тваёй тугі…». «Бо я душой і сэрцам / Твой падзяляю лёс,» — так тлумачыць ён сваю смеласць, але прычына глыбейшая: без гэтай зямлі — якой бы яна ні была цяпер — жыцця няма. Тут засталіся не толькі ўспаміны паэта — тут ён пакінуў сябе:

Старая родная хаціна —

Маленства незабыўны кут…

Ніхто мне дзверы не адчыніць,

Тады каго я клічу тут?..

Пчаліным роем — успаміны,

Туга пякучая скубе.

Заходжу ў змоўклую хаціну

І сустракаю сам сябе.

Наталенне Радзімай — гэта не адзінкавы «акт», пасля якога можна вярнуць страчаную раўнавагу і радасць; гэта вечнае вяртанне, без якога аўтар не ўяўляе сябе.

ЛіМ, №42,2014 

Автор: Уладзімір ГОРЫНЬ
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123