Песня прыроды
Я ў маленстве любіў завіруху,
Забіраўся ў глухі закуток,
І дыханне затойваў, і слухаў
Чыстазвонны яе гаварок.
Столькі чараў і музыкі дзіўнай
Нараджалася ў сэрцы маім.
І сядзеў я, шчаслівы, гадзіны —
Шчыры-шчыры прад светам усім.
Падкрадаўся мароз паступова,
Сіні вечар спускаўся на двор,
З неба месяц мядзянай падковай
Выкрасаў серабро белых зор…
І з дзяцінства майго ўжо заўсёды,
У мароз, у снягі, у слату,
Я, напоўнены песняй прыроды,
Чую сэрцам яе дабрату.
* * *
Звініць вярбы шкляное вецце,
Прымерзла неба да зямлі.
Балюе ў полі белы вецер.
У садзе снегіры, здаецца,
На снег ранеты атраслі.
І лес бясконцай таямніцай
У срэбры велічна стаіць.
У хмарах сонца залаціцца,
І рэчка срэбная іскрыцца
І берагі ў рамонках сніць.
* * *
Снег — на травы, на кветкі.
Стыне боль на душы.
Хоць і з радасцю ўлетку
Мы былі — спарышы.
Лёд стрыножыў рачулку.
Час зняволіў тугу.
Сакавік прыйдзе гулкі,
Ручаі пабягуць.
Кветкі ўспыхнуць.
З травою
Пырсне водар лугоў.
Свет прачнецца табою,
Затрапеча ізноў…
* * *
Замяла зіма дарогі,
Час абрынула ў палон…
Ды ажывіць кут убогі
Хараство святлістых дзён.
Завіруе бэз ля хаты.
Усміхнецца сад пладам.
Разляціцца сум кудлаты,
Як дыхнеш ты сонцам сам.
* * *
А душа, як неба,
Музыкай гучыць.
Слоў зусім не трэба,
Сіні снег звініць.
Абсыпае шчасцем
Нас дваіх з табой.
Сонечна ўсміхацца
У смузе густой.
Хуткая дарога,
Слодыч чысціні.
Хараства жывога,
Лёс, не абміні.
…Развітальны позірк —
Мяккі, дарагі…
Крочу па дарозе
Белае тугі.
Праз сінечу ночы,
Шапатлівы снег
Бачу твае вочы,
Чую мілы смех…