Скрозь люстэрка ― у Беларусь
Опубликовано: 19.10.2016

Яшчэ сем гадоў таму Вера Бурлак апублікавала ў часопісе Arche пераклад казкі Льюіса Кэрала «Through the Looking-Glass, and What Alice Found There» ― «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Часопіс «ПрайдзіСвет» прызнанаў гэтую работу найлепшым перакладам 2009 года. А 19 верасня на краўдфандынгавай платформе «Улей» распачаўся збор грошай на выданне перакладу асобнай кнігай.

«Галіяфы» выдадуць кнігу ў цвёрдай вокладцы, 176 старонак з больш як сотняй ілюстрацый Кацярыны Дубовік. У тым, што кніга станецца падзеяй, сумнявацца не выпадае: Вера Бурлак ― літаратар з імем, майстар слоўных гульняў, перакладае з англійскай, украінскай, рускай моў. Да таго ж, яна аўтар навуковых работ па дзіцячай літаратуры. Кацярына Дубовік вядомая стылёвымі, атмасфернымі ілюстрацыямі да кніг «Як Васіль змея адолеў», «Казкі» Вільгельма Гаўфа, «Сем ружаў» Надзеі Ясмінскай. За афармленне апошняй Кацярына атрымала прэмію Цёткі.

Сума, неабходная для выдання «Скрозь люстэрка...», немалая ― каля 12 тысяч долараў, амаль пятая частка ўжо сабраная. У кошт ахвяравання прапануюцца падарункі: набор паштовак, кнігі з аўтографамі мастака і перакладчыка, запрашэннямі на прэзентацыю, нават выступ перакладчыцы ды фота з ёю й ілюстратарам. Ужо на сёлетні Новы год кніга стане добрым і густоўным падарункам ― дзецям, аматарам Кэрала, увогуле бібліяфілам.

Вера Бурлак лічыць, што для такой кнігі цяпер якраз час: «Кэрал з’явіўся ў перыяд, калі літаратура была вельмі сур’ёзная, уздымала складаныя пытанні, была дыдактычнай і павучальнай. І тады пісьменнікі нонсэнсу пачынаюць перакульваць усё з ног на галаву. Наша культура цяпер таксама вельмі сур’ёзная, сутыкаецца з рознымі выклікамі. І каб трохі перавесці дух, ёй патрэбны нонсэнс».

Падчас краўд-кампаніі перакладчыца возьме ўдзел у прома-імпрэзах. Што менавіта за імпрэзы нас чакаюць і калі, пакуль невядома. Адзінае, што можна сказаць з пэўнасцю, ― адной з пляцовак стане люстэркавы лабірынт у Мінску. Пакуль што можна паглядзець буктрэйлер, зняты па сцэнары і пад кіраўніцтвам Людмілы Шапавал. У ролях маленькага Кэрала і Алісы зняліся Кастусь Жыбуль і Дзіяна Шапавал, а ў ролі Авечкі, што вяжа адразу на 14 спіцах, ― сама Вера Бурлак.

Калі звярнуцца да гісторыі стварэння «Скрозь люстэрка...», на гэта Веру Бурлак натхніў Андрэй Хадановіч, чыю перакладчыцкую майстэрню яна наведвала. Праца ішла больш як год. Быў нават момант, калі перакладчыца знішчыла чарнавы варыянт работы, а пасля зрабіла ўсё наноў, ― і вельмі ўдала. Як згадвае Вера Бурлак, «у мяне было адчуванне, што гэты тэкст аднекуль спампоўваецца».

У перакладзе яна імкнулася захаваць аўтарскую арыгінальнасць, брытанскія рэаліі, быць мага бліжэй да Кэрала ў гульнях са словамі. Аднак часам з’яўляюцца і адсылкі да беларускай гісторыі, як у эпізодзе пра двух Ганцоў Белага Караля, якія прымаюць дзівосныя паставы, пазычаныя Кэралам са старажытных англасаксонскіх рукапісаў. Для беларускага чытача гэты літаратурны жарт застаўся б незразумелы, таму ў Веры Бурлак персанажы ператварыліся ў «ганцоў з рысункамі» ― адсылка да першай беларускай газеты.

           «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» і «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў» ужо двойчы «гучалі» па-беларуску ― у перакладах Максіма Шчура і Дзяніса Мускага. Але дасюль ніводзін з перакладаў не выходзіў асобнай кнігай. 

Автор: Наста ГРЫШЧУК
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
2627282930311
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30123456