У актавай зале Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта адбылася прэзентацыя літаратурнага зборніка “Кветкавыя ветразі”, у які ўвайшлі творы ўдзельнікаў клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, што створаны два гады таму пры Фундаментальнай бібліятэцы БДУ. Ааўтарамі першага клумбаўскага зборніка сталі студэнты розных факультэтаў галоўнай ВНУ нашай краіны. Яны спрабуюць свае сілы ў розных літаратурных жанрах. Гэта апавяданні, казкі, нарысы. Амаль усе гэтыя маладыя літаратары —лаўрэаты ўсеўніверсітэцкага літаратурнага конкурсу “Славянскі калейдаскоп”, дзе на працягу многіх гадоў старшынёю журы з’яўляецца вядомы пісьменнік, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.
Дарэчы, тры аўтарскія кнігі клумбаўцаў пабачылі свет у кніжнай серыі МГА СПБ “Мінскія маладыя галасы”. Гэта зборнікі вершаў Таццяны Купрыянец, Кацярыны Роўда і Кацярыны Стройлавай. Да таго ж Т. Купрыянец — лаўрэат многіх гарадскіх, рэспубліканскага і міжнароднага конкурсаў — ужо прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а К. Роўда і К. Стройлава з’яўляюцца кандыдатамі ў члены СПБ. Прэзентуемы зборнік выйшаў пад рэдакцыяй вядомага пісьменніка Анатоля Зэкава пры падтрымцы рэктарата Белдзяржуніверсітэта. Міхась Пазнякоў і Анатоль Зэкаў таксама прынялі ўдзел у прэзентацыі, выступілі з прамовамі, пажадалі студэнтам новых творчых поспехаў.