У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі Тамары Бунта "Дзяўчынка з Вішнёвага завулка", якая выйшла сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Кніга багата аздоблена малюнкамі вядомай мастачкі Аксаны Аракчэевай іразлічана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.
У прэзентацыі новай кнігі Тамары Бунта прынялі ўдзел старшыня Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхась Пазнякоў, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, знакамітая беларуская дзіцячая паэтка Ніна Галіноўская, прадстаўнік клуба творчых жанчын “Спадарыня”, які арганізаваны пры МГА СПБ, паэтка Таіса Трафімава. Ад імя землякоў-маладзечанцаў з выхадам новай кнігі пісьменніцу павіншаў паэт Кастусь Цыбульскі, з якім Тамара Бунта ў маладосці займалася ў адным літаратурным аб’яднанні “Купалінка”, створаным пры Маладзечанскай раённай газеце. А член прэзідыума ГА “Беларускі саюз жанчын” Галіна Начоўкіна расказала аб удзеле Тамары Бунта ў жаночым руху і яе грамадскай дзейнасці на карысць дзяцінства. Вядома, на мерапрыемства былі запрошаны і тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы да выхаду гэтай кнігі ў свет – мастачка Аксана Аракчэева і прадстаўнікі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Міхась Дайлідаў і Зося Кустава.
Прзентацыя кнігі “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” праходзіла вельмі цікава. Была падтрыхтавана цэлая канцэртная праграма, прысвечаная дзяцінству. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Дзяржаўнага Тэатра кінаакцёра Ірына Нарбекава і маладая таленавітая артыстка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Анастасія Баброва чыталі апавяданні з кнігі. Юныя артысты з дзіцячага фальклорнага калектыву “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна сталіцы спявалі беларускія народныя песні і паказвалі беларускія забаўкі і гульні, ансамбль “Менскі гармонік” пад кіраўніцтвам Івана Раманчука выконваў лірычныя песні, прысвечаныя Радзіме, маці, роднай хаце… Апрача таго, быў прадэманстраваны відэафільм, прысвечаны творчасці аўтара малюнкаў кнігі Аксаны Аракчэевай.
Выступаючы, аўтар кнігі Тамара Бунта падзякавала ўсім сваім сябрям і калегам за ўвагу да яе літаратурнай дзейнасці. Яна падкрэсліла высокую значнасць для яе таго, што першая прэзентацыя кнігі “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” праходзіць у святых сценах Купалаўскага музея.
Падчас вечарыны было весела – госці з задавальненнем спявалі разам з удзельнікамі праграмы прэзентацыі і нават танцавалі. А пасля афіцыйнай часткі адбылася імправізаваная аўтограф-сесія пісьменніцы Тамары Бунта і мастачкі Аксаны Аракчэевай. Новая кніга карысталася попытам…