Распачаў новы сезон паэтычны клуб “Парнас”, створаны ў 2012 годзе Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі пры публічнай бібліятэцы №5 г. Мінска. Арганізатарам і кіраўніком клуба з’яўляецца вядомы паэт, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. За гэты час аматарам высокага паэтычнага слова была прадстаўлена творчасць амаль 80 паэтаў, якія жывуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі ды за яе межамі.
Чарговы паэтычны сезон у клубе быў адкрыты знаёмствам з новымі імёнамі ў айчыннай літаратуры. Міхась Пазнякоў пазнаёміў прысутных з юнай паэтэсай, пераможцай літаратурнага конкурсу сярод студэнтаў Белдзяржуніверсітэта “Славянскі калейдаскоп-2015” Кацярынай Стройлавай і новым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Жылінскай.
Кацярына Стройлава прачытала вершы са сваёй першай кніжкі “Тернистый путь”, што пабачыла свет у кніжнай серыі МГА СПБ “Мінскія маладыя галасы”. Такім чынам, адбылася яшчэ і прэзентацыя кнігі, якую склалі творы духоўнай тэматыкі.
Таццяна Жылінская па-майстэрску дэкламавала свае вершы, а таксама спявала іх пад гітару. І яна кранула сэрцы слухачоў — студэнтаў архітэктурна-будаўнічага каледжа. Тым больш, бо Таццяна Жылінская —выкладчык Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка.
Паэтэсы адказалі таксама на многія пытанні слухачоў.
Наступнае пасяджэнне паэтычнага клуба “Парнас” адбудзецца ў кастрычніку.