ЛУНАЎ ДУХ ПЕРШАДРУКАРА
Выдатна, што ў нас ёсць такія святы, як Дзень беларускага пісьменства. Здаецца, больш нідзе такія свайго роду літаратурныя дажынкі не праводзяцца. А гэта ж магчымасць падсумаваць вынікі чарговага творчага года, засяродзіўшы ўвагу і на творчым жыцці пэўнага рэгіёна. І кожнае чарговае свята — па-свойму адметнае. Сёлетняе ж па правядзенні, арганізацыі, несумненна, адно з самых лепшых. Кажу гэта не толькі адштурхоўваючыся ад таго, што пабачыў на свае вочы. Балазе, магу параўнаць з некаторымі папярэднімі святамі беларускага пісьменства. Бываю на іх пачынаючы з горада Камянца. А гэта ж, самі разумееце, колькі яркіх, цікавых, запамінальных мерапрыемстваў. Пералічваючы іх, няцяжка і збіцца.
Не магу сказаць, што і ў іншых гарадах не было нічога такога, што б не пакінула ў душы глыбокі след. Было, яшчэ колькі было! Але свята пісьменства ў Рагачове ўразіла ўжо тым, што адначасова стала і своеасаблівай рэпетыцыяй перад святам наступным, якое пройдзе ў Полацку. Сам дух Скарыны лунаў у Рагачове. І так шмат гаварылася пра любоў да слова роднага, слова беларускага. Да нацыянальнай літаратуры. Нагадвалася пра тое, як неабходна шанаваць матчыну мову. Падкрэслівалася, як важна, каб да яе далучаліся юныя чытачы. І яшчэ адна тэма гучала — тэма неўміручага подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая, як вядома, у нашай літаратуры па-ранейшаму адна з важных. Інакш і быць не можа. Вялікая Айчынная вайна — гэта і наша памяць, і наш боль, і наш гонар за свой народ, які не скарыўся нямецка-фашысцкім захопнікам. Таму ў экспазіцыях, арганізаваных вядучымі выдавецтвамі, і суседнічалі кнігі пра вайну з выданнямі, што расказваюць пра самога Францыска, пра час, у які ён жыў, пра важкія набыткі першадрукара і мысліцеля.
ПРЭМІІ — ГЭТА ЦУДОЎНА, ТОЛЬКІ…
Само ж прысуджэнне нацыянальных літаратурных прэмій — гэта яшчэ адно яскравае сведчанне таго, наколькі наша дзяржава з разуменнем ставіцца да развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Стараецца заўважаць тых, хто дамагаецца лепшых творчых набыткаў, найперш падтрымлівае такіх літаратараў. Кнігадрукаванню надаецца вялікая ўвага. За гэта нельга не сказаць «дзякуй» і Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, асабіста міністру Ліліі Ананіч, таксама кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй Мікалаем Чаргінцом. Штогод дзесяць найменняў кніг сучасных аўтараў выходзяць для бібліятэк з поўным дзяржаўным фінансаваннем, многія сацыяльна значныя кнігі выдаюцца з дзяржаўнай датацыяй. Гэта таксама спрыяе далейшаму развіццю літаратуры, з’яўленню новых цікавых твораў.
Не буду згадваць тых, хто стаў сёлетнімі лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Іх імёны ўжо добра вядомы. Для мяне асабіста прысуджэнне такой высокай узнагароды ў намінацыі «Лепшы твор прозы» за кнігу «Цяпло колішніх вогнішчаў» — найвялікшая радасць. Вельмі ўдзячны тым, хто сваімі віншаваннямі гэтую радасць, па сутнасці, падзяліў са мною. Дарэчы, гэта не першая кніга маёй прозы. Выйшлі таксама мастацка-гістарычныя аповесці «Рагнеда і Рагнедзічы», «Нежность звёздного неба», «Ангел и без крыльев — ангел», гісторыка-прыгодніцкі раман «Жаркое солнце Эфиопии» (у дзвюх кнігах). Радуюся і за ўсіх тых, хто таксама адзначаны гэтай высокай узнагародай. Прэміі ж, як вядома, былі прысуджаны ў сямі намінацыях.
Хацелася б, аднак, выказаць і пажаданне наконт прысуджэння Нацыянальных літаратурных прэмій. Як быццам не абыдзены ўвагай асноўныя літаратурныя жанры. Але я невыпадкова сказаў «як быццам». Па маім разуменні, няблага было б увесці яшчэ дзве намінацыі: «Краязнаўства» ды «Сатыра і гумар». Як было тады, калі прысуджалася Літаратурная прэмія «Залаты Купідон». Апошнім часам краязнаўства, а калі глядзець шырэй — радзімазнаўства, у нашай краіне, у нашай літаратуры развіваецца вельмі паспяхова. Гэта і нядзіўна, бо створаны ўсе ўмовы для лепшага — глыбокага і ўсебаковага — пазнання багатай нацыянальнай гісторыі, для адкрыцця імёнаў тых, хто ў розны час працаваў як на карысць сваёй Радзімы, так і на карысць іншых народаў, іншых краін. Штогод выходзіць шмат кніг па краязнаўчай тэматыцы. Сярод іх нямала цікавых, якія могуць прэтэндаваць на Нацыянальную літаратурную прэмію. Таму ёсць каго заўважаць. Як і ёсць каго адзначаць.
Праўда, сёй-той можа запярэчыць мне. Але ж падобная літаратура трапляе і пад намінацыю «Публіцыстыка». Яно ж так, аднак і кніг публіцыстыкі выдаецца нямала. Таму асобная прэмія за краязнаўчую літаратуру ніяк не будзе лішняй. Толькі на карысць пойдзе і прэмія ў намінацыі «Сатыра і гумар». Сатырыкаў, гумарыстаў у нас таксама нямала, дый твораў, аўтары якіх вартыя заахвочвання, нямала. У гэтым упэўніваешся і чытаючы часопіс «Вожык».
ЧЫМ ВАБНЫ ДЛЯ НАС САВЕЦКІ ЧАС
Прыемна, што шмат робіцца дзеля адзнакі аўтараў лепшых кніг і ў абласцях. У кожнай прысуджаюцца літаратурныя прэміі. За кошт мясцовых бюджэтаў выдаюцца як кнігі асобных пісьменнікаў, так і калектыўныя зборнікі. А чаму б не пайсці падобным шляхам і ў раёнах? Няхай і не штогод, а прэміі таксама можна прысуджаць. Нават неабавязкова некалькі. Часам дастаткова і адной. Калі не штогод, то раз у некалькі гадоў. Своечасовай падтрымкай стане і выдаткаванне сродкаў на выданне кніг мясцовых аўтараў. Так, прынамсі, робіцца ў некаторых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Там у асобных абласцях нават пайшлі далей. Па чарзе пісьменнікам-землякам прысуджаюць літаратурныя стыпендыі.
Замахваюся на многае ў прапановах? Ды мая думка такая: як нельга эканоміць на войску, гэтаксама нельга эканоміць і на літаратуры, мастацтве, культуры ў цэлым. Балазе, наконт гэтага маю вельмі павучальны прыклад. У маёй асабістай бібліятэцы ёсць кніжка Міхася Модэля «Ларыса Пампееўна Александроўская». Не такая і аб’ёмная. Разам з ілюстрацыямі да двух улікова-выдавецкіх аркушаў. Мне могуць запярэчыць: што тут незвычайнага? Выдалі нарыс пра адну з самых знакамітых нацыянальных спявачак. Але ж выйшла гэтая кніжка ў 1945 годзе. Калі быць дакладным, то падпісалі яе ў друк 6 верасня таго ж 1945-га. Толькі што закончылася Вялікая Айчынная вайна. Паўсюдна разруха, нестае самага неабходнага. Ды дбала партыйнае кіраўніцтва (гэта ж толькі ад яго ў той час залежала прыняцце тых ці іншых рашэнняў) не толькі пра хлеб надзённы, а і пра хлеб духоўны. Таму і знайшло грошы на выпуск гэтай кнігі. Як і на выданне шмат якіх іншых. Наклад ажно 10 тысяч асобнікаў.
Вось вам і савецкія часы, якія знаходзяцца ахвочыя ледзь не праклінаць. Не падумайце толькі, што я збіраюся плакаць пра іх. Што было — прайшло. Я пра тое, што добрае нельга забываць. Аднак не магу не адзначыць, як тады было шмат плакальшчыкаў сярод творчай інтэлігенцыі. Што ні рабілася, абавязкова знаходзіліся незадаволеныя. Не задавальняў іх і малы наклад «ЛіМа», а ён жа да так званай перабудовы дасягаў недзе каля 13 тысяч асобнікаў. Але ўсё адно лічылася, што гэта мала. Таму шмат увагі ўдзялялася падпісцы.
З такім заданнем, як памятаю, накіраваў мяне ў Магілёў і тагачасны галоўны рэдактар «ЛіМа» Алесь Асіпенка. Загадаў Алесь Харытонавіч перагаварыць з начальнікам магілёўскага абласнога аддзялення «Саюздруку». Сказана — зроблена. Прыехаў у Магілёў, зайшоў да гэтага начальніка ў кабінет. Так і так, маўляў. «Ніякіх праблем, — пачуў у адказ. — Летась было па вобласці асобнікаў, — ён назваў лічбу, — столькі ж будзе і сёлета». — «А чаму не больш?» — пытаюся. — «Навошта, — адказвае начальнік абласнога аддзялення “Саюздруку”. — Падпішу больш, а калі ў наступным годзе не атрымаецца? Сам сабе праблему зраблю».
ЖАНОЧЫ АНДАРАК І… КРЫТЫКА
Ды я крыху ўбок адышоў ад тэмы размовы. Хоць гледзячы як да ўсяго адносіцца. Канечне, плакацца не трэба, але і нельга да таго, што адбываецца, заставацца абыякавым сузіральнікам. Як любіў казаць мой сябра Алесь Пісьмянкоў: «Няма мяжы дасканаласці». У дадзеным выпадку імкненне да дасканаласці — гэта жаданне рабіць усё магчымае (і нават, здавалася б, немагчымае!), каб гэта было на карысць агульнай справе, на карысць літаратуры. Нямала залежыць і ад крытыкі. Паколькі і сам працую на гэтай ніве, то крыху слоў наконт гэтага.
Для мяне прымальная толькі прадуманая, узважаная, разумная крытыка, а не аглабляльная, пры дапамозе якой некаторыя аўтары зводзяць асабістыя рахункі. Ці хочуць тым самым звярнуць на сябе ўвагу, засвяціцца. Глядзіце, маўляў, які я! Аднак разам з тым я, пра што ўжо казаў неаднойчы, супраць таго, каб узвальваць на крытыку віну за ўсе нашы творчыя беды. Ніхто нікога пісаць яшчэ не навучыў, дый, я ўпэўнены, не навучыць. Можна нешта падказаць, а ў астатнім — талент ці ёсць, ці яго няма.
У нас жа як атрымаецца? Калі штосьці не так, дык гэта крытыкі вінаватыя. Атрымліваецца сітуацыя, падобная да той, якую нярэдка пераказваюць як своеасаблівы анекдот. Ужо і запамятаваў яго цалкам, але сутнасць такая. Неяк у сялянскай хаце за нешта, да чаго яна не мела ніякага дачынення, папракнулі нявестку. «Дык яе дома няма», — запярэчыў хтосьці. «Няма? — здзівіўся хтосьці іншы. — Дык вунь яе андарак вісіць».
Тым не менш нельга забываць пра адказнасць крытыкаў. Да іх як ні да каго іншага стасуецца вядомае выказванне: «Не нашкодзь!». Гэта датычыць як празмернага захвальвання, так і беспадстаўнага ганьбавання. Хоць апошнім часам сёй-той з крытычнай браціі ідзе іншым шляхам. Пісьменнікі, якія ім нечым не падабаюцца, проста замоўчваюцца. Гэта датычыць як іх кніг, так і публікацый у перыёдыцы. Нават тады, калі і вельмі знакамітыя аўтары, іх творчасць агульна прызнаная. Наконт гэтага можна сказаць толькі так: нізкая культура ў тых, хто ўяўляе сябе творчым суддзёй. А таму і нізкая, што на нялёгкай, няпростай крытычнай ніве часам працуюць людзі выпадковыя, элементарна не начытаныя.
У крытыцы ж, як ні ў якой іншай сферы творчай дзейнасці, неабходна абапірацца на досвед папярэднікаў. Тым не менш… Сумняваюся, што маладыя аўтары, якія з усёй катэгарычнасцю павучаюць ці не ўсіх, як трэба пісаць, пры гэтым не забываючы ўзводзіць ці не ў ранг «класікаў» тых, хто ім імпануе (а гэта, як правіла, літаратары, найперш паэты, з іхняга творчага асяродку), ведаюць, што сказаў пра крытыкаў і крытыку Міхась Стральцоў, які, як вядома, быў не толькі майстрам у прозе, паэзіі, а і чуйна ставіўся да сучаснага яму літаратурнага працэсу.
Міхась Лявонцьевіч неяк пісаў: «Сапраўдныя крытыкі — рэдкая з’ява. Крытык павінен быць публіцыстам, мастаком, літаратуразнаўцам. Вядома, што ў лепшым выпадку. Але тады ён будзе як мысліць літаратурным працэсам, так і перажываць яго. Тое і другое неабходна».
Такім крытыкам М. Стральцоў быў і сам. Крытыкам, які ўнутрана перажываў сучасны літаратурны працэс, каб далучыць да найбольш значных яго з’яў чытача. Пра гэта ні ў якім разе нельга забываць. Мала таго, неабходна вучыцца ў майстра. Каб жа вучыцца, трэба чытаць. І не аднаго М. Стральцова, але і іншых, хто пакінуў у нацыянальнай крытыцы і літаратуразнаўстве глыбокі след. Дый не лішне перагортваць кнігі тых, хто па-ранейшаму плённа працуе на такой адказнай творчай ніве. Не стану называць іх прозвішчы. Па той простай прычыне, што каго-небудзь можна і не назваць, а гэта выкліча крыўду.
Самае ж галоўнае ў тым, што нельга пісаць пра літаратуру, не любячы яе. Ісціна нібыта і банальная. Толькі сама рэчаіснасць сведчыць адваротнае. Згушчаючы фарбы? Як сказаць… Тыя, хто прыкладна ў адзін час са мной пачаў выступаць у друку, займаліся гэтым яшчэ з гадоў студэнцтва. Паступова адольвалі прыступку за прыступкай. І, канечне, шмат чыталі. На жаль, цяпер гэтага няма. Ва ўменні пісаць маладым аўтарам не адмовіш, але не сказаць, каб яны займаліся гэтым усур’ёз. Ва ўсякім разе, гэта відаць па шмат якіх публікацыях. Асабліва па тых, дзе робіцца спроба прааналізаваць творчасць таго ці іншага аўтара за пэўны перыяд. Уражанне такое, што напісанае ім яны проста не чыталі. Згодзен, што ўсё не прачытаеш. Дык зазірніце хоць бы ў Нацыянальную бібліятэку. Там ёсць усе кнігі сучасных аўтараў. Ды дзе там…
***
Завяршэнне маіх разваг атрымліваецца сумнаватае. Таму хопіць разважаць пра тое, чаго няма. Лепш яшчэ раз нагадаю пра тое, што ёсць. А ёсць у нас цудоўная літаратура. Ёсць дзяржаўны клопат пра яе развіццё. Застаецца працаваць і працаваць! Тым больш, што наперадзе такое важнае свята — 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання, пад знакам якога і пройдзе чарговае свята беларускага пісьменства. Слаўны горад Полацк, бацька гарадоў беларускіх, месцам правядзення яго абраны невыпадкова. Гэта тая жыватворная духоўная крыніца, да якой далучацца не толькі нам, але і нашым нашчадкам.
ЛіМ, №37, 2016