Беларускае слова ў далёкім замежжы
Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў плённага супрацоўніцтва стаўся сумесны круглы стол у Выдавецкім доме «Звязда» «Беларуская літаратура ў краінах Паўднёвай Азіі», дзе абмяркоўваліся культурна-гістарычныя і літаратурныя адметнасці рэгіёна, практыка мастацкага перакладу яго нацыянальных літаратур, літаратурная спадчына Індыі, Пакістана, Непала, Афганістана на старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Далейшае плённае супрацоўніцтва патрабуе канкрэтных стратэгічных крокаў, і ад вызначэння культурнага вектара ўзаемадзеяння залежыць многае.
Пэўна, некага здзівіць актыўная перакладчыцкая цікавасць беларускіх пісьменнікаў да літаратур краін Паўднёвай Азіі. Колькі адрозненняў у шляхах гістарычнага развіцця, менталітэце… Аднак, вывучаючы культуру далёкіх экзатычных краін глыбей, можна знайсці шмат агульнага: веру ў нязломнасць духу, імкненне да незалежнасці, выключную працавітасць, прыродную кемлівасць і пачуццё гумару.
У нечым мы паяднаныя і трагічнымі старонкамі лёсу. Узгадаем, колькі беларусаў, прыкладам, праходзілі ваенную службу ў Афганістане, у тым ліку — прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Адсюль і актуальнасць «афганскай» тэмы ў беларускай літаратуры. Алесь Крыванос, Сяргей Дубовік, Алесь Дзмітрыеў, Іван Сяргейчык — вось далёка не поўны спіс тых, хто вярнуўся з Афганістана, каб расказаць нам праўду…
А вось і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў Паўднёвай Азіі і з мірнымі гуманістычнымі памкненнямі. Напрыклад, Уладзімір Счасны знаходзіўся з дыпламатычнай місіяй у Пакістане, актыўна перакладаў з англійскай мовы і ўрду. Не спадае цікавасць да багатай культуры, мовы ўсходніх краін і сёння. Яркі прыклад таму — здзейснены Ігарам Куліковым пераклад «Рыгведы» на беларускую мову. А на старонках «ЛіМа» пабачыла свет грунтоўная падборка перакладаў непальскіх паэтаў, удзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Вясёлка»: Мадхафа Прасада Гхімірэ, Балкрышана Сама, Бхімадршана Рока, Сідхічарана Шрэштха ды інш. Цёплыя стасункі звязваюць літаратараў Беларусі і Пакістана. Пераствараліся па-беларуску творы шматлікіх сучасных пакістанскіх паэтаў («Полымя» № 6 за гэты год, перакладчыкі – Адам Шостак і Алесь Бразгуноў). У лютым у Выдавецкім доме «Звязда» прайшла сустрэча з прадстаўнікамі пакістанскіх мас медыя і навукоўцамі, завязалася супрацоўніцтва з Акадэміяй літаратуры Пакістана. У 107-м нумары часопіса «Аdbiyaat» (май 2016) былі апублікаваны ўрыўкі з твораў Святланы Алексіевіч у перакладзе на мову ўрду…
Сваімі ўражаннямі ад судакранання з усходняй літаратурай, ідэямі супрацоўніцтва падзяліліся ўдзельнікі круглага стала.
Намеснік дырэктара — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота адзначыў важнасць пераемнасці беларускіх перакладчыцкіх традыцый і перакладу з мовы арыгінала:
— Гэтая сустрэча абсалютна невыпадковая. Гэта адзін з крокаў для пашырэння нашай літаратурнай прасторы і ўяўлення пра літаратуры свету ў цэлым і літаратуры усходнія ў прыватнасці. Безумоўна, хацелася б, каб мерапрыемства мела практычныя вынікі, каб з’яўляліся новыя пераклады. У нас ужо ёсць немалы досвед па перастварэнні літаратурных твораў Усходу на рускую і беларускую мовы. Напрыклад, зараз рыхтуецца тэматычны «кітайскі» нумар часопіса «Маладосць». Наладжаны і трывалыя творчыя стасункі з Казахстанам.
Індыйская літаратура таксама даўно ў полі зроку беларускіх літаратараў. У часопісе «Всемирная литература» дзякуючы намаганням тагачаснага галоўнага рэдактара Таісы Бондар даволі часта з’яўляліся як асобныя індыйскія пераклады, так і нумары, прысвечаныя індыйскай літаратуры, альманахі. Трывалае супрацоўніцтва з Пасольствам Індыі ў Рэспубліцы Беларусь давала добрыя вынікі. З’яўляліся час ад часу пераклады і ў беларускамоўнай перыёдыцы. Былі перастварэнні непальскіх ды афганскіх твораў. Часопіс «Нёман» працягвае гэтыя традыцыі. У рубрыцы «Всемирная литература в “Нёмане”» з’яўляюцца пераклады як класічных, так і сучасных аўтараў замежжа. Колішні рэдактар гэтага аддзела Юрый Сапажкоў які, на жаль, пайшоў з жыцця, пяць гадоў прысвяціў дыпламатычнай працы ў Індыі, актыўна займаўся вывучэннем і перастварэннем індыйскай літаратуры. Сапраўдным адкрыццём для нас у апошнія гады стала супрацоўніцтва з кіраўніком уласнай студыі перакладу «Аланкар» Алесяй Макоўскай. Калі да гэтага з’яўляліся пераклады індыйскіх твораў з англійскай мовы, то цяпер мы маем пераклады з хіндзі! Спадзяюся, што з дапамогай як адукацыйных і навуковых устаноў, так і захопленых энтузіястаў мы зможам зрабіць яшчэ больш для пашырэння нашых літаратурных даляглядаў.
Пра асаблівасці вывучэння старажытнай мовы санскрыт у Беларусі, а таксама ўласныя перакладчыцкія ініцыятывы распавёў паэт, перакладчык Ігар Кулікоў:
— Вывучэнне санскрыту немагчымае без знаёмства з культурай, міфалогіяй, рэлігіяй старажытнай Індыі. Дзякуючы свайму настаўніку Міхаілу Баярыну я спасцігаў усё гэта ў комплексе. Прычым М. Баярын арганізоўваў вывучэнне, карыстаючыся традыцыйнымі індыйскімі граматыкамі. Цяпер я таксама выкладаю, спрычыніўся да выдання падручніка «Уводзіны ў традыцыйны санскрыт». Паступова прыйшло жаданне перакладаць буйныя творы. Першае, за што ўзяўся, быў твор не літаратурны, а зноў-такі санскрыцкая граматыка. Гэта даволі маштабны праект. Перакладаем на некалькі моў свету, плануецца восем кніг. Потым зацікавіліся і перакладамі мастацкай літаратуры. Міхаіл Баярын стварыў каштоўны помнік старажытнаіндыйскай рэлігійна-філасофскай думкі — «Бхагават-гіту» («Богаву песню»). Пакуль пераклад яшчэ не існуе на паперы, але ўжо даступны ў інтэрнэце. У маім перакладзе выйшла першая частка «Рыгведы», у далейшым планую перастварыць усе дзесяць частак. «Рыгведа» — адзін з найстаражытнейшых твораў не толькі Індыі, але і ўсяго чалавецтва, якія дайшлі да нашага часу. Таму падчас працы над перакладам я адчуваў вялікую адказнасць і разам з тым вялікую цікавасць. Гэта ж магчымасць дакрануцца наўпрост да вытокаў індыйскіх нацыянальных ідэй, вобразнасці ў літаратуры і мастацтве!
А ў сваёй новай кнізе вершаў я змясціў урывак з «Магабхараты». Пры падтрымцы Пасольства Індыі ў Рэспубліцы Беларусь павінен у хуткім часе выйсці пераклад прыгожай лірычнай паэмы «Пасланнік воблака». Маю мару таксама перастварыць на беларускую мову «Рамаяну».
Увогуле, літаратура на санскрыце — невычарпальная крыніца для сучаснай вобразнай і ментальнай карціны свету. Не трэба думаць, што гэта толькі літаратура рэлігійнага зместу. Ёсць шмат цікавых, абсалютна свецкіх твораў: навуковыя трактаты, эратычныя паэмы і шмат чаго іншага. Гэты неабсяжны літаратурны «кантынент» яшчэ чакае свайго беларускага чытача.
Досведам асабістых кантактаў з замежнымі літаратурнымі аб’яднаннямі, а таксама ідэямі прэзентацыі беларускай літаратуры ў свеце падзяліўся намеснік дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Яўген Гарадніцкі:
— Трэба адзначыць, што нядаўняя публікацыя ў «Полымі» перакладаў сучаснай пакістанскай паэзіі адбылася дзякуючы кантактам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і Выдавецкага дома «Звязда» з Акадэміяй літаратуры Пакістана. Што важна, была заключана дамова аб супрацоўніцтве. Гэта яшчэ адзін пераканаўчы факт важнасці непасрэдных асабістых кантактаў з прадстаўнікамі замежных літаратур. Дарэчы, Акадэмія літаратуры Пакістана — дзяржаўная ўстанова з пастаянным фінансаваннем, што вельмі добра адбіваецца на развіцці іх нацыянальнага кнігавыдання, падтрымцы аўтараў і г. д. Безумоўна, і нам варта было б пераняць такі пазітыўны досвед усходніх калег.
Беларускія літаратары апошнім часам усё больш актыўна адкрываюць літаратуры розных народаў свету, перакладаюць непасрэдна з моў арыгінала. Але трэба больш увагі ўдзяляць пытанню, як беларуская літаратура прэзентуецца ў свеце. Зразумела, што на абшарах СНД мовай-пасрэдніцай часцей за ўсё з’яўляецца руская. Але для краін далёкага замежжа неабходны якасныя пераклады твораў беларускай літаратуры на англійскую. Калі падыходзіць да пытання практычна, то варта было б і нам стварыць дзяржаўную арганізацыю, якая б непасрэдна займалася прасоўваннем беларускай літаратуры ў свеце са штатнымі кваліфікаванымі перакладчыкамі.
Прагучалі падчас сустрэчы і выступленні перакладчыкаў Алесі Макоўскай, Яны Явіч, Ірыны Качатковай, Валерыі Саротнік, якія дзяліліся ўражаннямі ад працы над перакладамі літаратур Усходу, чыталі перакладныя творы.
Хочацца верыць, што дзякуючы сумесным намаганням стане рэальнасцю мара пра выданне анталогій беларускай літаратуры ў Пакістане і Непале!
ЛіМ, №37, 2016