“З любоўю, удзячнасцю, верай” — пад такой назвай адкрылася ў дзіцячай бібліятэцы №15 г. Мінска (вул. Русіянава, 48) выстаўка, прысвечаная юбілею з дня нараджэння і 40-годдзю творчай дзейнасці вядомага пісьменніка, старшыні сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова.
На ўрачыстым адкрыцці фотавыстаўкі прысутнічалі калегі, сябры юбіляра, а таксама шматлікія бібліятэкары і прыхільнікі яго самабытнага таленту. Перад прысутнымі выступілі аўтар выстаўкі — фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, паэты і перакладчыкі вершаў М. Пазнякова на іншыя мовы Анатоль Аўруцін, Лізавета Палеес, Хізры Асадулаеў, пісьменнікі Уладзімір Мазго, Іван Юркін. Вершы паэта прагучалі як з вуснаў самога віноўніка ўрачыстасці, так і артысткі эстрады Вольгі Багушыньскай. Многа добрых слоў пра юбіляра, выстаўку і супрацоўніцтва з МГА СПБ сказала дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Таццяна Швед. А затым гучалі песні на вершы Міхася Паўлавіча ў выкананні вядомага артыста тэатра і кіно, тэлевядучага, кампазітара і спевака Сяргея Краўца і яго жонкі — спявачкі Іны Кравец.
Бібліятэка падрыхтавала таксама вялікую выстаўку кніг Міхася Пазнякова.
Азнаёміцца з фотавыстаўкай можна на працягу верасня — кастрычніка.