“Суседзі” Юліі Зарэцкай
Опубликовано: 29.11.2013

Многія чытачы даўно заўважылі цікавыя, каларытныя апавяданні гэтай маладой па ўзросце, але ўжо са значным творчым багажом пісьменніцы. Творы друкаваліся ў часопісах, калектыўных зборніках, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. А цяпер вось выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (Мінск, 2013 год) асобнай кнігай пад назвай “Суседзі”.

Сюжэты твораў Юліі Зарэцкай розныя, а вось усе героі – яе землякі (нарадзілася  і вырасла Юлія Францаўна  ў вёсцы Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці). Нездарма ж сваім апавяданням пісьменніца дала ў свой час агульную назву “Дунілавіцкія былі”. У іх яна ўвекавечыла сваіх землякоў, іх імёны і прозвішчы, іх жыццёвыя гісторыі, адметнасці мовы. У творах – шмат мясцовых слоў, якія становяцца неалагізмамі беларускай літаратурнай мовы, папаўняюць яе слоўнікавы запас. Да прыкладу: каляжанка – сяброўка, пэнкнуць – лопнуць, гнэціць – дакараць, пушачка – невялікая каробачка, магавацца – быць у нерашучасці, дрэньчыць – трывожыць, прыстроіць – прыгатаваць абед і іншыя. Можна налічыць некалькі дзесяткаў такіх слоў, ужытых да месца, з карысцю, бо даюць магчымасць больш яскрава ўявіць героя і яго паводзіны. І наогул, у творах Юліі Зарэцкай шмат моўных адкрыццяў, што, паводле слоў рускага пісьменніка, галоўнага рэдактара часопіса “Сибирские огни”  Уладзіміра Бяразева, сведчыць аб тым, што напісанае ёю – сапраўдная літаратура, якая “мае сувязі з нябёсамі”...

Героі твораў Юліі Зарэцкай – цікавыя, яркія, запамінальныя. Гэта жывыя людзі, якіх быццам бы бачыш і чуеш наяве. Атрымліваецца гэта дзякуючы таму, што пісьменніца мае здольнасць угадваць чалавека і некалькімі рысамі паказваць яго ўсяго, як жывога. Кожны з іх са сваім , толькі яму ўласцівым характарам. Станоўчыя вобразы (а ёсць у апавяданнях і адмоўныя персанажы) намаляваны з сімпатыяй, любоўю, паказаны іх спрадвечная сялянская мудрасць і разважлівасць. Тым самым аўтар пацвярджае ісціну, што пісьменнікам можа быць толькі чалавек, які мае добрае сэрца і багатую душу.

Многія творы напісаны з досціпам, народным гумарам. Варта ўспомніць апавяданні і кароткія аповесці Мікалая Гогаля пра яго землякоў з Палтаўшчыны. З якім гумарам яны напісаны! Падобная моўная стыхія і ў творах нашай пісьменніцы: вобразная мова, досціпы, народныя прымаўкі і выслоўі, прычым менавіта з той мясцовасці, пра якую расказваецца. Аўтар не імкнецца штучна рассмяшыць чытача, усё атрымліваецца натуральна:

“- Праверышся, дзядзька Міхась, адпачнеш. Хоць адзін дзень пасядзіш, склаўшы рукі, - казаў вясёлы, рухавы Віцька і падміргваў Алене, яго жонцы. – На дзевак гарадскіх паглядзіш.

- Ну, хіба толькі паглядзіць, - махнула ў адказ рукой нізенькая, шырокая ў клубах кабета ды недаверліва ўсміхнулася. – Шкоды не зробіць.

- А вось вазьму ды нашкоджу! – вочы немаладога ўжо мужа, які пакінуў свае лепшыя вёсны далёка ў мінулым, загарэліся. Ён нават узяўся падкручваць сівы вус. – Пасмяешся тады.

- Ой, бацька, не смяшы мяне ды сарок на дубе. Глядзі, вунь паселі на галінах, трашчаць што ёсць моцы. Так і чакай, ад смеху на зямлю гэпнуцца...”.

А вось, напрыклад, герой аднаго з апавяданняў “бліскаў на ўсю вуліцу гарбузовым пузам”;  “дзесяць залатых чырвонцаў ганарліва блішчалі ў надзейным “сейфе”: чакалі свайго ўладальніка”; “бутэлька ў Зыгмусевай руцэ закружылася над шклянкамі касцоў і кожнаму пакланілася”...

Камізм, як пацвярджае ў сваіх творах пісьменніца, хаваецца ўсюды. І жывучы сярод яго, мы яго часцяком не бачым. А вось калі аўтар, па словах самога Гогаля, пераносіць яго ў мастацтва, у апавяданне, мы ўжо і самі над сабой будзем смяяцца так, што павалімся ад смеху, і будзем здзіўляцца, што раней не заўважалі яго.

Юлія Зарэцкая піша пра звычайнае жыццё звычайных, простых вяскоўцаў, якое, магчыма, каму-небудзь здаецца зусім не заслугоўваючым увагі пісьменніка і ўзнаўлення ў  мастацкай літаратуры. Аднак жыццё, як даказвае пісьменніца, павінна адлюстроўвацца ў яго праўдзе, такім, якое яно ёсць на самай справе. Гэта, безумоўна, нялёгка. Бо ў такім выпадку аўтар ставіць сябе ў цяжкае становішча: трэба ж паказаць сваіх землякоў праўдзіва, без прыхарошвання. А вось праўдзівае адлюстраванне іх жыцця і нораваў часта абарочваецца не толькі гумарам, але і сатырай.

Не здзіўлюся, калі Юлія Зарэцкая, развіваючы свой талент, возьмецца пісаць п’есы (камедыі), тады ўжо дакладна будзе ў нас свой Гогаль, толькі з жаночым прозвішчам. Дарэчы, Зарэцкая – яркая, адметная зорка на пісьменніцкім небасхіле нашай краіны.

Майстэрства пісьменніцы яшчэ і ў тым, што яна ўмее адной фразай, а іншы раз і адным словам прыдаць усяму апавяданню нечаканы, востры абарот. На з’явы, рэчы, сітуацыі звычайныя і прывычныя яна глядзіць як бы наноў, свежым, непрадузятым поглядам. Апавяданні яе “вынашаныя”, народжаны яе творчай індывідуальнасцю, а таму сапраўдныя мастацкія творы. Аб гэтым сведчаць многія апавяданні, змешчаныя ў кнізе “Суседзі”, якія напісаны так эмацыянальна і пранікнёна, што ніхто не застанецца раўнадушным. Так, пры чытанні апавядання “Пакуль б’ецца сэрца” – своеасаблівага маналога жанчыны, якая перажыла вайну і страціла каханага мужа, малую дачушку і іншых дарагіх людзей, - у многіх сціснецца сэрца, а ў найбольш чуллівых і слёзы з’явяцца на вачах. Немагчыма без хвалявання чытаць і такія апавяданні, як “А грэх жыве...”, “Свет не без добрых людзей” і іншыя.

Тонкім псіхолагам, нават філосафам праявіла сябе пісьменніца ў апавяданні “Каб ведаў”. Паказала, як чорны грыф  знаходзіўся ў няволі – жыў у заапарку, але не захацеў ляцець, пакідаць свой палон пасля таго, як галоўны герой апавядання выпусціў яго на волю. У гэтым бачыцца аналогія з жыццём многіх насельнікаў вялікіх гарадоў-мегаполісаў, якія задыхаюцца ад перанасялення, але не хочуць (ці не могуць?) пакінуць прывычнае асяроддзе, перасяліцца бліжэй да прыроды, волі...

Акрамя гэтай выдатнай кнігі,  на рахунку Юліі Зарэцкай – шматлікія публікацыі ў літаратурных часопісах Беларусі і Расіі, у калектыўных зборніках “Памяць сэрца”, “Падарожжа ў свет дзівосаў”, “Пакуль б’ецца сэрца”, кніга сатыры і гумару “Шчаслівыя людзі”, якая прынесла пісьменніцы перамогу ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Лепшы твор 2011 года ў галіне сатыры і гумару”. Працуючы на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”, Юлія Зарэцкая працягвае лепшыя традыцыі гумару і сатыры ў роднай літаратуры.

Автор: Міхась СЛІВА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123