Святыя ісціны
Опубликовано: 29.11.2013

Аўтара гэтай кнігі прадстаўляць не трэба. Паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы для дарослых і для дзяцей. Пераклаў шмат замежных твораў на беларускую мову, а на рускую – раманы, аповесці і апавяданні многіх вядомых беларускіх пісьменнікаў. Стварыў “Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы”, напісаў шэраг навуковых прац у галіне мовазнаўства. Многія вершы пакладзены на музыку. Аўтар гэты – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі, Літаратурнай прэміі імя В. Віткі, Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра, трох Рэспубліканскіх літаратурных прэмій “Лепшая кніга года”, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Прэміі Міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Выдатнік друку Беларусі.

Можна яшчэ працягваць расказваць аб творчых дасягненнях і заслужаных тытулах гэтага чалавека – сапраўднага Паэта Міхася Пазнякова. Наша размова пойдзе пра яго новую кнігу прозы “Паміж радасцю і болем”, якая выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” (Мінск, 2010 год). Складаецца яна з трох раздзелаў: “На паўдарозе” – апавяданні, эсэ; “Матчына надзея” – абразкі; “З новым падыходам” – гумар.

Адразу трэба сказаць, што змест гэтай кнігі – важны і патрэбны людзям, бо слова пісьменніка шырока ахоплівае навакольны свет і ў самых звычайных, штодзённых яго праявах заўважае цікавае, незвычайнае, адкрывае новыя старонкі жыцця. Варта адзначыць, што Міхась Пазнякоў ужо стварыў у паэзіі гімн Радзіме, роднаму краю, маці, бацьку, дому. І ў прозе ён працягвае гэтую працу. Працу душы і сэрца, розуму, таленту творцы, для якога “сэнс жыцця – не толькі марыць пра цудоўнае, але і тварыць яго кожны дзень...” Пісьменнік перакананы і нам даводзіць, што чалавек, глыбіня ягонай душы вымяраецца любоўю да роднай зямлі, да працы, да матулі, гэта пачатак і крыніца духоўнасці.

Як піша Міхась Пазнякоў у эсэ “І роднай вёсцы пакланюся”, напэўна, адна з самых балючых страт для чалавека – страта малой радзімы, кроўнай сувязі з ёю, страта сваіх каранёў, той энергіі і чысціні, якімі поўняць нас родная зямля і самыя блізкія людзі. Побач з пісьменнікам, у яго дзяцінстве, жылі шчырыя, клапатлівыя, добрыя, і, як ён цяпер зразумеў, святыя людзі. І жывучы зараз у сталіцы, ён адчувае, як не хапае яму тут “да болю роднага, невымоўна-светлага, шчымліва-крынічнага, таго, што ёсць толькі на радзіме”. Толькі ў роднай вёсцы ён адчувае сябе ўзнёслым і шчаслівым, тут яго сэрца звязана з усім наваколлем, з зямлёй і небам. “Тут лёгка дыхаецца, прыгожа марыцца, вольна крочыць, - піша Міхась Пазнякоў. – Тут адчуваю, як пульсуе мая першая і галоўная крыніца хараства і любові. А на любові і харастве трымаецца свет, а ў гэтым – наша чалавечае прызначэнне і сэнс жыцця... Жыві, маё Заброддзе!”

Аўтар не хавае свае пачуцці – шчырыя, непасрэдныя, сапраўдныя, глыбокія, і яны захопліваюць у палон чытача.

Як адзначаў у свой час літаратуразнаўца Васіль Жураўлёў, адной з характэрных асаблівасцей, а можа нават і самай адметнай, выразнай і яркай прыкметай мастацкай творчасці кожнага выдатнага майстра слова з’яўляецца паказ жыцця ў непадзельнай еднасці станоўчага і адмоўнага, прыгожага і пачварнага, ва ўменні арганічна спалучыць акрэслены малюнак колеру з багатай разнастайнасцю яго адценняў і паўтонаў. Менавіта такое майстэрства прадэманстраваў Міхась Пазнякоў у празаічных творах, якія ўвашлі ў яго новую кнігу. Па аб’ёму яны невялікія, чытаюцца на адным дыханні, але ж сказана ў гэтых творах аб вялікім, самым галоўным – аб любві да Радзімы і маці, аб прыгажосці і дабраце, якія робяць жыццё лепшым, змястоўным, духоўна багатым.

Пісьменнік бачыць за словамі таго, пра каго піша, тыя мясціны і падзеі, пра якія расказвае, і мы, чытачы, бачым і тых людзей, і тыя краявіды, якія апявае аўтар. Бо апявае шчыра, натхнёна, верыць у тое, што адлюстроўвае. І ў нас, чытачоў, гэта выклікае тыя ж пачуцці. Узяць хоць бы апавяданне “Ад лёсу не ўцячэш”. Першы раз я прачытаў яго ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Спадабалася, захапіла. Адчуванне было такое, быццам гэта ўсё здарылася са мной. Было нейкае ўзрушэнне, на сэрцы трывога і скруха. І вось перачытаў гэтае апавяданне ўжо ў кнізе. І зноў хваляванне, перажыванне... І адначасова радасць ад сустрэчы з галоўным героем, у якога чыстая і светлая душа.

Міхась Пазнякоў і ў прозе, як і ў паэзіі, выдатны мастак. Услухайцеся хоць бы вось у гэтую фразу: “На досвітку назіраць і слухаць, як дыміцца і звініць раса, як ружавее ўсход і выкочваецца, нібы адмытае ў возеры, вялікае сонца, якім дзівосным шматгалоссем абуджаецца ад сну прырода, як каровы хрумкаюць сакавітую росную траву...” Як бачым, сапраўдны паэт і ў прозе – лірык.

Вядома, лаканічнасць і дакладнасць – уласцівасці сапраўднага таленту. Гэта пацвярджаюць і гумарыстычныя творы Міхася Пазнякова, змешчаныя ў кнізе. Гумар яго светлы, дабразычлівы, афарызмы – дасціпныя, парадаксальныя, вясёлыя.

Гаворачы словамі вядомага літаратурнага крытыка Георгія Кісялёва, талент для таго і дадзены пісьменніку, каб ён паслужыў Радзіме, каб праславіў яе, знайшоў спрадвечныя, глыбінныя словы, каб паказаць і чужым, і сваім жа верхаглядам яе прыгажосць. Менавіта такі талент уласцівы аўтару кнігі “Паміж радасцю і болем”.

Автор: Міхась КАВАЛЁЎ
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123