На рахунку вядомага беларускага паэта і празаіка, лаўрэата шэрага літаратурных прэмій Міхася Пазнякова – не адзін дзясатак кніг для дзяцей. І ўсе яны карыстаюцца шырокім попытам і любоўю ў шматлікіх чытачоў. Не памятаю, каму належаць такія словы: “... кніга для дзяцей, якая падабаецца толькі дзецям, - дрэнная кніга. Добрыя – добрыя для ўсіх. Вальс, які прыносіць радасць толькі танцорам, - дрэнны вальс”. Дык вось калі гаварыць пра кнігі Міхася Пазнякова, то можна з задавальненнем канстатаваць, што яго дзіцячыя творы менавіта такія, добрыя – захапляюць і юных чытачоў, і дарослых.
Яшчэ адно сведчанне гэтаму – новая кніга пісьменніка “Серабрыстыя чайкі”, якая толькі што выйшла ў “Выдавецкім доме “Звязда” (Мінск, 2013) па заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Яе складаюць казкі і апавяданні, прычым у паэтычнай і празаічнай форме. Што яшчэ важна і адметна: кніга цудоўна ілюстравана мастаком Валянцінам Макаранкам, шматлікія прыгожыя, яркія малюнкі размешчаны якраз насупраць тых старонак, якія ілюструюць, дапаўняюць тэкст эмацыянальна, з дапамогай сродкаў выяўленчага мастацтва. Якое задавальненне атрымае чытач, знаёмячыся з гэтай кнігай!
Апавяданні і казкі, што ўвайшлі сюды, напісаны на самыя розныя тэмы. Займальныя і пазнавальныя, творы будуць пашыраць кругагляд дзяцей, садзейнічаць выхаванню дабрыні і суперажывання, міласэрнасці і высакародства, любові да роднай прыроды і Радзімы, патрыятызму.
Юныя чытачы з замілаваннем пазнаёмяцца з жыццём і ўзаемаадносінамі сярод “братоў нашых меншых”: як вавёрка выратавала ад немінучай смерці маладога зайчыка, як сава цэлую вёску выратавала ад пажару, нягледзячы на тое, што яе родзічаў асобныя вяскоўцы разагналі, памылкова думаючы, што гэта сава знішчыла куранятак, хаця на самай справе гэта зрабіў каршун. Рознакаляровыя матылькі даказалі, што яны сапраўдныя сябры, нікога не пакінулі аднаго, а бабрыная сям’я, сама церпячы нягоды і пакуты, зрабіла ўсё магчымае, каб маладзенькая чапля выжыла і дачакалася сваіх бацькоў, якія паляцелі ў вырай...
Што важна: творы такія цікавыя, сюжэты – захапляючыя, героі – звяры, птушкі, хлопчыкі і дзяўчынкі – намаляваны з такой любоўю і досведам аб іх унутраным свеце, што кніга захопіць у палон не толькі юнага, але і дарослага чытача, будзе прыдатнай і для сямейнага чытання, своеасаблівым мастацкім дапаможнікам у працы выхавацеля і педагога. Бо аўтар па-мастацку, вобразна вырашае пытанні сумленнасці, праўдзівасці, дабрыні. Міхась Пазнякоў – лірык, які тонка ўспрымае прыроду і ўвесь свет, мастак, чыё мастацтва прымушае чытача пакутваць і радавацца разам з аўтарам. Талент яго праяўляецца і ў прастаце, тонкім аб’яднанні пачуццяў і разваг, у нязмушаным раскрыцці свету дзіцячай душы.