Выданне новай кнігі – безумоўна, падзея. Што ж казаць, калі на рахунку аўтара з’яўляецца ажно тры новыя творы. Вядомы фантаст Уладзімір Кулічэнка на гэты раз зрабіў падарунак маленькім чытачам. У выдавецтве “Чатыры чвэрці” парупіліся, каб “Интернет-мальчик”, “Интернет-сыщик” і “Интернет-солдат” убачылі свет на самым пачатку навучальнага года, калі ад суму па летніх прыгодах можа дапамагчы толькі цікавая кніжка. На старонках новых твораў дзейнічаюць звычайныя людзі – дарослыя і дзеці, а таксама робаты, чараўнікі, піраты, а яшчэ жывёлы і птушкі, што ўмеюць не толькі размаўляць, але і… карыстацца камп’ютарам. А сюжэт з нечаканымі паваротамі не менш дынамічны, чым камп’ютарная гульня. Разам з героямі кнігі “Интернет-мальчик” чытач пазнаёміцца з карлікавым бегемотам з цырка і напружана будзе сачыць, ці атрымаецца ў іх вярнуць яго дамоў – у Афрыку. “Интернет-сыщик” прапануе знаёмства з незвычайнымі калекцыянерамі, ім давядзецца здзейсніць палёт на крызе, каб адгадаць загадку лядовага гузіка, які не растае, а ў аповесці “Интернет-солдат” разам з дзеючымі асобамі чытач будзе паляваць на залатую качку. Знаходзіць выйсце з многіх складаных сітуацый, вядома, дапаможа інтэрнэт.
– Уладзімір Уладзіміравіч, ці ўяўлялі вы, калі адпраўлялі герояў у самыя неверагодныя падарожжы, хто будзе вашым чытачом?
––Дакладна ведаю свайго адрасата: гэта дзевяці-адзінаццацігадовы хлопчык, які пачынае асвойваць інтэрнэт.Хаця адна знаёмая расказвала, што чытала свайму шасцігадоваму сыну – і яму таксама было цікава.Намагаюся сачыняць у гумарыстычнай манеры, што неяпроста. А з узростам нават і больш складана.
– Так, сённяшняе жыццё патрабуе літаратурнага адлюстравання, наўрад ці зацікавіш хлопчыкаў і дзяўчынак, якім з маленства звыклы камп’ютар, звычайнай казкай ці здарэннямі з дзядулевага дзяцінства. А самі вы добра сябруеце з сучаснымі прыладамі?
– Шчыра прызнаюся, я звычайны карыстальнік. І па некаторых пытаннях давялося кансультавацца з уласным сынам. А ці не памыліўся ў нечым, падкажуць чытачы, сустрэчы з якімі ўжо запланаваны выдавецтвам на пачатак кастрычніка.
– Улічыце іх меркаванне?
– Абавязкова. І сустрэчы такія вельмі карысныя. Бывае часам, аўтару вельмі падабаецца тое, што ён робіць, а чытачу зусім наадварот. Калі хочаш, каб твае творы чыталі, трэба ўлічваць чытацкія водгукі.
– Ці будзе мець працяг гэта серыя?
– Мне вельмі сімпатычны галоўны герой, таму развітвацца з ім пакуль не збіраюся.