“Шукаючы напрамкі і шляхі…”
Опубликовано: 23.08.2013

       Адмаўляючыся ад прапановы дыскутаваць, ці спрыяе сённяшні час паэзіі ўвогуле і ці мае права на існаванне жаночая паэзія, дакранаюся да радкоў Іны Фраловай, якім дае моц спеўная зямля Вілейшчыны.

“Шыпкі мае!//Вы мой пачатак неба,//Вы мне, здарожанай,//жаданы супакой,//Каб новы шлях адужаць – // з ветрам трэба// Глынуць гаючы баравы настой”.

Тых, хто намагаецца адмахнуцца ад гэтага нягучнага слова, абгрунтоўваючы заганы слыху ляскатам неспрыяльнага паэзіі жыцця, спытаю: што атрымаеце “в сухом остатке”? Агітку, якая, дарэчы, вельмі хутка знікае, выканаўшы сваю ролю? Жаночая паэзія бруіцца, бы лясны ручай, стварае непаўторную замалёўку паўтонаў і адценняў будзённага. Так, на яе картах не знойдзецца новых зорак. Наканаванне жанчыны – працяг жыцця і захаванне яго адвечных каштоўнасцей. Адмаўляючы жаночай паэзіі ў праве на існаванне, рызыкуеш апынуцца ў каляіне “ад калёс, што не едуць дамоў”.

На маю думку, Іна Фралова вельмі дакладна адказала пра сутнасць жаночай паэзіі, разважаючы пра сваё прызначэнне: “Не мне наканаваны гэты лёс - // з трыбун крычаць, // Як заняпала мова. // маё, я ведаю, - да дрыжыкаў, да слёз// Шукаць гармонію між вобразам і словам”.

Невялічкая і па памеры, і па тыражы,  другая кніжка паэткі, што ўбачыла свет у 2012 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор”, самой назваю дае дакладны адрас крыніцы натхнення – “Там у светлых барах” душа распраўляе крылы, не вельмі патрэбныя сярод гарадскіх муроў і штодзённых клопатаў.

Успаміны пра куточак Міншчыны, дзе прайшло дзяцінства, яркія і выразныя. Толькі тут перахоплівае дыханне, калі аблятае«з белых яблыняў цвет круглалісты», спявае пра каханне салавейка і трэцца на развітанне аб ногі котка, якой лірычная гераіня дае абяцанне вярнуцца, бо нават “Апошні ліст – мне, як усё да часу //Тут дадзены, не болей і не менш;//Адвечнае пытанне без адказу.// Апошні ліст – бы набалелы верш”.

Сістэма вобразаў Іны Фраловай традыцыйная для беларускай паэтычнай стылістыкі апошніх гадоў. У яе радках знойдуцца і лістабой, і малады мароз, “вясновы сад, сягоння адзічэлы”, “цыбаты госць” на страсе, май “над белаю зямлёю белым птахам//Ляціць у свет”. Але закрануць і “час, што вастракрылым праімчаў стрыжом”, “Юнацтва час пад прозвішчам Учора”. Запомняцца і жанчыны, што “як семкі лускалі навіны”, і “дзед сівы, старэнькі невучоны, штодзень праводзіў сонца за раку”, і брусніцы “на задворках згарэлага лета”.

Ды ўвогуле, што найбольш каштоўнае, чым “сны аб Беларусі”, узятыя ў далёкія і блізкія вандроўкі?

 

Автор: Вольга Паўлючэнка
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293012345