Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі аб’явіла літаратурны конкурс сярод юных аўтараў на лепшы мастацкі твор. Конкурс прысвечаны юбілеям класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У конкурсе на лепшы мастацкі твор у намінацыях “проза”, “паэзія”, “публіцыстыка”, “літаратурная крытыка” запрашаюць прыняць удзел юных празаікаў, паэтаў і літаратурных крытыкаў Мінска ва ўзросце ад 14 да 25 гадоў. У мэтах прапаганды роднай мовы творчыя работы канкурсантаў павінны быць на беларускай мове. Выбар жанраў – самы шырокі: апавяданне, аповесць, эсэ, абразкі, верш, паэма, нарыс, літаратурна-крытычны артыкул. Па тэматычнай скіраванасці юныя творцы таксама не будуць абмежаваныя. Яны могуць пісаць пра сваю Бацькаўшчыну, родны горад Мінск; апяваць мужнасць нашага народа; апавядаць пра працоўныя будні сучаснікаў; захапляцца прыгажосцю роднай зямлі і чалавека, што жыве на ёй; вылучаць герояў нашага часу; весці расказ пра дружбу; разважаць пра мір і шчасце, высокія чалавечыя пачуцці, мары і памкненні. Маладыя літаратурныя крытыкі мусяць разглядаць творчасць сучасных беларускіх пісьменнікаў ці класікаў.
Галоўнае патрабаванне да твораў – яны павінны быць самастойнымі, арыгінальнымі, мастацкімі. Работы, набраныя на камп’ютары, дасылаюцца або здаюцца асабіста ўдзельнікамі конкурсу Мінскаму гарадскому аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі (220034, Мінск, вул. Фрунзе, 5, пакоі 308, 309) да 30 верасня.
Журы ў складзе вядомых пісьменнікаў вызначыць пераможцаў. Па выніках конкурсу плануецца падрыхтаваць і выдаць літаратурны альманах. Найбольш таленавітыя аўтары атрымаюць магчымасць надрукаваць свае творы асобнай кніжкай у серыі “Мінскія маладыя галасы”. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца на вялікім літаратурным свяце ў Доме літаратара ў лістападзе 2012 года. Лаўрэаты і пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і падарункі.
Інфармацыйным партнёрам заснавальніка конкурсу з’яўляецца газета “Літаратура і мастацтва”.