«Неделимое русло» – пад такой назвай выйшаў з друку зборнік вершаў паэтаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі (Санкт-Пецярбургскае і Ленінградскае абласное аддзяленні). Кніга выдадзена ў Санкт-Пецярбургу выдавецтвам “Кантраст”. Сама назва вельмі сімвалічная: яна падкрэслівае непарыўнасці творчых і культурных сувязяў дзвюх самастойных дзяржаў – Беларусі і Расіі.
Упершыню за апошні час на старонках адной кнігі прадстаўлены паэтычныя творы вялікай колькасці паэтаў Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Гэта і знакамітыя, уганараваныя прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі паэты, і маладыя, якія на сённяшні дзень у значнай меры вызначаюць накірункі развіцця паэтычнага слова ў сваіх краінах. Сярод іх Казімір Камейша, Генадзь Пашкоў, Мікола Маляўка, Тацяна Сівец, Дзмітрый Дземідовіч, Міхась Пазнякоў, Наум Гальпяровіч, Змітрок Марозаў, Раіса Баравікова (Беларусь), Барыс Арлоў, Мікалай Астаф’еў, Андрэй Антонаў, Віктар Іваноў, Глеб Гарбоўскі, Ірына Маісеева (Расія). Вершы беларускіх паэтаў надрукаваны і на роднай мове, і на рускай – у перакладах Вадзіма Спрынчана, Андрэя Цяўлоўскага, Лізаветы Палеес і іншых. «Неделимое русло» – сваеасаблівая паэтычная энцыклапедыя сучаснай паэзіі.
У зборнік уключаны вершы разнапланавыя па стылю і тэмпераменту, па характару падачы галоўнай думкі, але іх аб’ядноўвае перш за ўсё любоў да свайго краю, да сваёй Бацькаўшчыны, неабыякавасць да лёсу людзей брацкіх народаў, жаданне палепшыць наша жыццё. Паэтычныя сюжэты распавядаюць як пра справы мінулых гадоў, так і пра падзеі дня сенняшняга, пра чалавечыя адносіны, няпростыя іншы раз у нашым веку.
Высокая паэзія – гэта голас душы. І калі вершы напісаны цудоўным паэтычным радком, яны заўсёды знойдуць водгук у свядомасці і сэрцы чалавека. Гэты голас не застанецца голасам у пустыні. Зборнік «Неделимое русло» якраз і з’яўляеца сведчаннем такой паэзіі.
Адкрываеццца зборнік творамі расійскіх паэтаў. Верш Глеба Гарбоўскага «Тропа во ржи» вызначае агульную накіраванасць усёй кнігі. Гэта і дзяцінства, і каханне, і вайна. Гэта страты і знаходкі, нараджэнне і адраджэнне, вера ў лепшую будучыню. Пераклікаюцца з вершам Глеба Гарбоўскага і вершы Анатоля Аўруціна: тыя ж думкі, але і папярэджанне, што нейкая бяздумная вера (ёсць і такая) не заўсёды бывае жыццедайнай, што можна «нелепым седоком… сгинуть в беззвёздной ночи».
Тэма найвялікшай павагі да сваіх бацькоў, да роднага кутка – у вершы Паўла Саковіча «Бацькоўскі дом». Радкі гучаць з такой сілай, што яны успрыймаюцца як заклінанне, гіпнатызуюць сваёй паэтычнай узнёсласцю. Верш актуальны, таму што выміраюць вёскі пад націскам не зусім разумнай цывілізацыі. Людзі забываюць свае карані, свае вытокі, а гэта ўжа не проста бяспамяцтва, а злачынства перад бацькамі, самім сабой і перад будучымі пакаленнямі. На жаль, Павел Саковіч не дачакаўся выхаду кнігі, таму яна будзе яму пасмяротным падарункам.
Выявілася і яшчэ адна цікавая з’ява. Маладыя аўтары часцей пішуць на ваенную тэму, чым пісьменнікі сталага ўзросту, якія дзіцячымі вычыма бачылі жудасныя малюнкі вайны. Такая перастаноўка асабліва важна цяпер, у сувязі з падзеямі, якія адбываюцца на Украіне. Маладым жыць і працаваць далей, абараняць заваёвы бацькоў.
Выхад кнігі «Неделимое русло» – падзея ў літаратурным жыцці. Гаварыць пра гэты зборнік вершаў можно многа, але лепш узяць у рукі і прачытать самому. Гэта тым больш прыемна, што кніга выдадзена з мастацкім густам, у цвёрдых вокладках, на добрай паперы. Спадяюся, што яе з цікавасцю прачытаюць не толькі самі аўтары, але і шматлікія чытачы.