Падаюць зоркі ці не? Дзе начуе сонца? Якія суніцы самыя салодкія? Зборнік вершаў «Гэтая кніга дзецям пра ўсё на свеце» Тамары Красновай-Гусачэнка, які выйшаў у «Выдавецкім доме «Звязда », – грунтоўны даведнік па неабсяжным свеце, які тоіць адказы на многія пытанні маленькіх.
Паэтэса, празаік і публіцыст стварыла серыю лірычных твораў для дзяцей, напоўненых гуманізмам, аптымізмам і любоўю да жыцця. Аўтар выдатна разбіраецца ў псіхалогіі маленькіх першаадкрывальнікаў, выхоўвае ў іх уменне бачыць прыгажосць прыроды, не замыкацца ў сабе, шанаваць сяброўства і дапамагаць людзям, асабліва блізкім.
«Гэтая кніга дзецям пра ўсё на свеце» нагадвае лірычную энцыклапедыю, падзеленую на пяць вялікіх частак. У першай, пра поры года, можна знайсці не толькі рыфмаванае апісанне месяцаў, але і невялікія празаічныя даведкі пра кожнае свята ў гэтыя дні – хрысціянскае альбо народнае. У іх ліку – Каляды, Новы год, Еўдакія, калі гукалі вясну, святкавалі Саракі, Вялікдзень, Благавешчанне.
Вершы так красамоўна апісваюць прыроду, што здаецца, адчуваеш пахі, бачыш колеры, ідзеш па мокрай, у дажджавых слязінках, траве альбо сухой ад пацалункаў сонца зямлі. Ўяўленне «падаграваюць» ілюстрацыі мастачкі Марысі Лось – рэалістычныя, але ў той жа час крыху чароўныя.
Набліжэнне вясны ў паэткі звязана са светлай надзеяй. Крыштальна чыстае і салодкае паветра, квітнеючая вярба, далікатныя пралескі – хіба можна тут ўпасці ў хандрыць? Не забывае аўтар і пра маму, самую любімую, цярплівую і мудрую, прысвячаючы ёй не адзін верш.
Лета ўрываецца ў свядомасць чытачоў яркімі фарбамі, лунае над палямі і лясамі, пырскае ягадным сокам, ўсыпляе мядовым пахам. Восень у кнізе прыходзіць разам з цэлым парадам “грыбных” вершаў – пра апенькі «ў белых спаднічках, на ножках тоненькіх», баравікі ў «аксамітных капялюшыках», жоўтыя сястрычкі-лісічкі. Завяршаецца раздзел лірычным цыклам пра зіму, «нявесту у белым», якая апранула дрэвы ў кажушкі і ператварыла рэчкі ў ледзяныя люстэркі. Паэтка не забывае нагадаць дзецям, што ў гэтую пару трэба цяпло апранацца, каб не захварэць!
Другая частка кнігі – «Свет спазнаючы, мы вучымся жыць» – напоўнена невымернай любоўю да маленькіх. Вось, дзеці гуляюць ў хованкі, вучацца кулінарыць – пячы яблычныя пірагі ці выціскаць сок з садавіны, робяць зарадку з раніцы. У хлопчыкаў і дзяўчынак Тамары Красновай-Гусачэнка няма дрэнных звычак і шкодных характараў. Усе яны – клапатлівыя, працавітыя, акуратныя, тыя, з каго варта браць прыклад. У павучальнай, але ненадакучлівай манеры аўтар вучыць дзяцей дапамагаць дарослым, слухацца іх, не крыўдзіць, есці не толькі цукеркі, але і суп, таму што ён больш карысны, чытаць кніжкі, каб быць разумнымі.
У трэцяй частцы зборніка «Усё ў прыродзе ўлічана» гаворыцца пра родны край, дарагі сэрцу, мілыя і блізкія беларускія пейзажы. «В каждой маленькой травинке/Тайна вечности/Живёт», – захапляецца паэтэса і нагадвае, што трэба заўважаць прыгожае вакол, не зацыклівацца на камп’ютарнай псеўдарэальнасці.
Чацвёрты раздзел кнігі «Рабятам пра зверанят», як і вынікае з назвы, –пра жывёл. Старонкі засяляюць бабры, якія будуюць дом з асіны і рабіны, сінічкі, што клапатліва запасаюць на зіму мошак і жукоў, верныя сабакі – Дружок і Барбос. Інтэрв'ю з сапраўдным (між іншым, добрым) Кракадзілам дзеля асаблівага інтарэсу – прыкладаецца. Усе героі вельмі паказальныя, таму што цэняць сяброўства і берагуць адзін аднаго!
Пяты і апошні раздзел «Свет. Зоркі. Сусвет» паглыбляе думкі ў атмасферу не халоднага космасу, а цеплыні роднай хаты, якая павінна быць цэнтрам усяго свету для дзіцяці. Пра гэта варта задумацца таксама мамам і татам. Нездарма кніга рэкамендуецца для чытання дарослымі сваім дзецям. Аўтар як бы няўзнак выхоўвае абодва пакалення, сціраючы межы і збліжаючы маленькіх дачок, сыноў і іх бацькоў.