У яго кнігах вельмі многа не толькі аўтабіяграфічнага, але і сапраўдных гісторый з жыцця людзей, якіх ён сустракаў. А цікавыя сустрэчы з гэтым французам здараюцца ледзь не кожны дзень. Яго проза нібыта ўвабрала ў сябе асаблівасці жыцця ў краінах, дзе пісьменнік жыў і працаваў. Таму кажуць, што яго кнігі хочацца чытаць павольна, заўважаць дэталі, запамінаць усё, што прамаўляе голас аўтара. Ён з задавальненнем распавядае пра сябе, сваё пісьменніцкае крэда, расказвае цікавыя выпадкі, што здараліся падчас працы на розных кантынентах. Ён разважае ў стылі Далёкага Усходу, але лічыць сябе грамадзянінам краіны, якой у ранейшых межах ужо не існуе. Знаёмцеся: французскі празаік Мішэль Луё.
Спадар Мішэль не так даўно быў госцем Беларусі. Ён правёў некалькі сустрэч і з задавальненнем адказваў на пытанні публікі. На адну з імпрэз, якая прайшла ў сталічным «Кніжным салоне», завітала і карэспандэнт ЛіМа. Мадэратарам дыскусіі стала
пісьменніца Людміла Рублеўская, а паразумецца з французскім госцем дапамагала перакладчыца Юлія Новік. Хоць у якасці асноўнага кірунку для абмеркавання была акрэсленая тэма суадносін асобы пісьменніка і патрабаванняў кніжнага рынку, гутарка крыху выйшла за яе межы.
Грамадзянін Аўстразіі
— Я адразу ж палюбіў Беларусь, таму вельмі хачу распавесці пра сваю радзіму. Калі чалавек старэе, то ўсё больш звяртаецца да сваіх каранёў. Нарадзіўся я ў французскім рэгіёне Латарынгія. Краіна ў VI ст. называлася Аўстразія. Гэтае слова мне падабаецца, бо яно злучае такія часткі, як «Ост-» у значэнні «нешта ўсходняе» і «Азія». Там вытокі майго светабачання, якое пазней развіваецца ў розных краінах — ад Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і да Дальняга Усходу. Я некалькі гадоў пражыў у Японіі, падарожнічаў у Карэю і Кітай. Таму Аўстразія для мяне выдуманая і рэальная адначасова.
Гістарычна яна знаходзілася на тэрыторыі, што цяпер уключае Бельгію, Люксембург і ўсходнюю частку Германіі. Гэта была вялікая краіна, якая часта змяняла назвы і паступова станавілася ўсё меншай, а цягам стагоддзяў выжывала паміж рознымі тэрыторыямі і абласцямі. Пасля смерці апошняга герцага Латарынгія была далучана да Францыі. Затым — рэвалюцыя, напалеонаўскія войны, і ўраджэнцы Латарынгіі змагаліся ў французскім войску. Вось чаму адзін з маіх продкаў ваяваў на Беразіне і нават атрымаў медаль ад Напалеона. Затым канцлер Германіі Ота фон Бісмарк у важны для Еўропы перыяд далучыў да Германіі Эльзас і частку Латарынгіі, менавіта тую, адкуль я родам. Пасля Першай сусветнай вайны гэтая тэрыторыя зноў была вернутая Францыі. Такім чынам атрымалася, што мой прадзед нарадзіўся французам, а памёр немцам, дзядуля, наадварот, нарадзіўся немцам, а памёр французам. Бацька лічыўся немцам, але быў французам па сваім светапоглядзе і нават удзельнічаў у супраціўленні. Такая зменлівая сітуацыя ляжыць у аснове маёй сямейнай і асабістай гісторыі.
Сваім шляхам
— За той час, што пішу, я надрукаваў каля 15 кніг, кантактаваў з рознымі выдаўцамі. Былі пісьменніцкія поспехі і творчыя няўдачы. Аднак, на шчасце, кнігі не з’яўляюцца асноўным маім прыбыткам, бо ўсё жыццё я працаваў у дыпламатычнай сферы, выкладаў, і цяпер атрымліваю пенсію. На сваіх кнігах не толькі не зарабляю, але нават губ-
ляю. У Францыі склалася такая сістэма: калі пісьменнік вядомы, то яго кнігу публікуе буйное выдавецтва, прадумвае сістэму прамоцыі, аплачвае вандроўкі, атэлі, рэстараны… Калі аўтар не такі паспяховы, ён працуе цалкам за свой кошт.
Я ж проста вельмі цвёрда рухаюся па шляху, які абраў сам сабе, і пішу менавіта тыя кнігі, якія мне самому падабаюцца і якія хочацца пісаць. Мне падаецца, што жаданне пісаць — гэта нават больш глыбокае пачуццё, чым каханне. Калі не дасягну поспеху — тым горш, але я не хачу адаптавацца да нейкіх правілаў рынку і гуляць у адпаведнасці з імі. Усё ж варта верыць і ў тое, што мары і жаданні здзяйсняюцца. Распавяду вясёлую гісторыю. Доўгі час я марыў, каб выдавец быў мне і сябрам. Не паверыце, але пры публікацыі маёй апошняй кнігі гэта зусім нечакана здарылася!
Неяк быў я ў горадзе Мец, адміністрацыйным цэнры Латарынгіі, і малады чалавек у мяне запытаўся, на які аўтобус сесці. Ён сказаў, што я падаўся яму прыемным, і прапанаваў выпіць кавы. Мы пагутарылі, і я запытаўся, чым ён займаецца. Ён кажа: «Я выдавец». А ў мяне якраз быў з сабою рукапіс у партфелі, таму адразу ж прапанаваў пазнаёміцца з кнігай. Пачуў у адказ: «Нават не чытаючы, друкую!» Натуральна, гэта выглядае як казка, але мара здзейснілася. Усё магчыма, варта толькі верыць. Сёння я магу сцвярджаць, што мой выдавец — другі грамадзянін Аўстразіі.
Мэтры
і выпадковыя героі
— Мне падаецца, што імкнуцца да пісьменніцкага поспеху — рабіць выбар на карысць жыцця паводле чужых правілаў. У такіх умовах трэба і ўлічваць кан’юнктуру рынку, і арыентавацца на ўмоўнага чытача, і прыслухоўвацца да меркавання выдаўцоў. Мне ж хочацца жыць, проста звяртаючы ўвагу на свае адчуванні і жаданні. Можа быць, мае кнігі стануць папулярнымі гадоў праз трыста. Гэтага будзе дастаткова.
На працягу стагоддзяў у Францыі да пісьменнікаў ставіліся як да мэтраў думкі. Дзідро, Русо, Вальтэр, Гюго, Камю, Сартр, Арагон... А калі я быў студэнтам, то мы часта спрачаліся, бо ў кожнага быў свой улюбёны мэтр. Аднойчы, ужо падчас вучобы ва ўніверсітэце, я пазнаёміўся з вельмі прыгожай немкай з добрай сям’і. І неяк яна сказала, што вельмі любіць Сартра, а я — што вельмі люблю Камю. Усё, знаёмства было скончанае.
Можна сказаць, што скончылася і цэлая эпоха вялікіх мэтраў. Сёння ніводзін з пісьменнікаў, нават лаўрэат самай прэстыжнай прэміі, не стане такім гігантам думкі, як мэтры мінулых стагоддзяў.
Эфект «айсберга»
— У Германіі, Італіі, Іспаніі можна стаць запатрабаваным пісьменнікам, нават калі ты родам не са сталіцы. Аднак у Францыі ўсё не так. Што датычыць моды, яна заўсёды мела важнае значэнне для Парыжа. Гаворка не толькі пра адзенне, але і пра ідэі. Хоць мы вельмі ганарымся сваёй рэвалюцыяй, але з таго часу, як поспех атрымлівалі адно набліжаныя да караля творцы, якія маглі паказаць уплывовым асобам свае работы, амаль нічога не змянілася. Калі вы парыжанін і ў вас ёсць сяброўка ў вялікім выдавецтве, якая пакажа рукапіс раней за астатнія, вы маеце больш шанцаў на поспех. А пачатковец з усходу краіны мае ўсе шанцы застацца невядомым.
Магчыма, я перабольшваю, але ў гэтым ёсць доля праўды. Да прыкладу, калі публікуеце кнігу ў вялікага выдаўца, то яна будзе распаўсюджвацца па ўсіх бібліятэках і кнігарнях краіны, у прэсе з’явяцца артыкулы, і вы станеце вядомым чалавекам. Вас будуць запрашаць на тэлебачанне, пазнаваць на вуліцы, а на кніжных салонах усе будуць імкнуцца атрымаць менавіта ваш аўтограф. Дакладней, не ваш, а таго ўяўнага «чалавека з экрана».
Літаратуру можна параўнаць з айсбергам. Тая частка, што бачная, — аўтары, якія навідавоку, якіх усе ведаюць нават у твар. Сярод іх ёсць добрыя пісьменнікі, але ёсць і тыя, хто проста атрымаў масавы поспех. Крыўдна, што гэтыя не вельмі якасныя творы з ліку запатрабаваных перакладаюць на замежныя мовы, іх прадстаўляюць за мяжой, і толькі яны будуць вядомыя ва ўсім свеце. Але ёсць і схаваная пад вадой частка айсберга — кнігі, што друкуюцца ў малых выдавецтвах ці нават самвыдатам і фактычна не трапляюць на рынак. Іх аўтараў не паказваюць па тэлевізары. Нават калі такія пісьменнікі і ствараюць вельмі якасныя тэксты, то ўсё роўна яны на ўсё жыццё застаюцца «ў сутарэннях» і не могуць узняцца на ўзровень папулярных аўтараў.
Існаванне
на памежжы
— Я ўжо казаў, што не хачу гнацца за поспехам. Нават калі мае кнігі не будуць папулярнымі ў Парыжы, то застануся сабой. Адчуваю, што нібыта знаходжуся на памежжы. Гэты стан можна апісаць у дачыненні да розных аспектаў жыцця. Я паміж светлым і цёмным, паміж Францыяй і Германіяй, паміж Усходняй і Заходняй Еўропай, паміж Еўропай і Азіяй. Вось мой шлях. І знаходзяцца людзі, якія цікавяцца маімі кнігамі і гэтай праблематыкай. Хачу дадаць сур’ёзна і адначасова з гумарам, што, як усе людзі, я жыву паміж жыццём і смерцю, нават аднойчы ў Празе перажыў клінічную смерць. Ідэю памежжа перадаю тым, што мае вушы — каб чуць, а вочы — каб чытаць.
Я з таго пакалення, якое больш любіць кнігу на паперы, але ведаю, што ў ЗША электронныя выданні займаюць ужо 30 працэнтаў рынку, але ў Францыі пакуль толькі 5 працэнтаў. Неяк цягам шасці гадоў у мяне не было магчымасці публікаваць кнігі, але потым пашчасціла пазнаёміцца з невялікім новым выдавецтвам, заснаваным маладымі людзьмі, якія з павагай паставіліся да майго досведу і без ваганняў друкавалі мяне. Менавіта яны першымі ў Францыі пачалі публікаваць творы ў інтэрнэце. Дарэчы, там я выдаў каля васьмі кніг. Спачатку гэты праект не вельмі любілі кнігарні і разглядалі яго як канкурэнта. Цяпер каманда займаецца ў тым ліку кнігамі на паперы. Адметна, што ў той час як у іншых выдаўцоў прыбытак зніжаецца, у іх ён павялічваецца.
Сёння часта кажуць пра канец эпохі кнігі. У цэлым я песіміст, але ў гэтым пытанні хачу застацца аптымістам і веру ў тое, што заўсёды будуць знаходзіцца людзі, якія сапраўды любяць кнігу. У 1970-х гадах таксама пісалі пра канец літаратуры, аднак яе жыццё працягваецца. Але сёння пытанне ў тым, што літаратуру чытаюць тыя ж колы людзей, якія чыталі і раней. Лічыцца, што гэта выбраная частка насельніцтва кожнай краіны. Магчыма, так і трэба. Калі ў літаратуры, культуры няма магутнасці, улады, то ў гэтай слабасці хаваецца яе моц.
ЛіМ, №42,2014