У «Маладосці» (№№ 6 — 7) была апублікавана аповесць Віталіі Багун «Гігантык». Гісторыю пра турыстычнае падарожжа некалькіх тысяч зямлян на Юпітэр можна смела аднесці да навуковай фантастыкі. Аўтарка запрашае чытача ў будучыню, каб паказаць, як змяніліся Зямля, грамадства і сам чалавек.
Падчас палёту на касмічным лайнеры пасажыры трапляюць у разнастайныя сітуацыі, якія вымушаюць іх дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі жыццёвымі прынцыпамі. Сутыкненне «Гігантыка» з астэроідам становіцца ключавой падзеяй, якая расстаўляе кропкі над «і» ў лёсах касмічных турыстаў.
Са сродку перамяшчэння «Гігантык» ператвараецца ў асобную краіну ці нават планету, на якой складваецца адмысловы лад жыцця. Апошняя мадэль касмічнага лайнера сабрала на сваім борце людзей розных прафесій, узросту, нацыянальнасцей (пра што сведчаць імёны), адрознага светапогляду і выхавання.
Аднак пры гэтым паміж пасажырамі лайнера не існуе моўных бар’ераў. Усе героі размаўляюць па-беларуску. Зразумела, яны дзейнічаюць у беларускамоўнай аповесці, але раптам аўтарка пераконвае чытача, што наша мова стане адзінай для жыхароў усёй Зямлі і па-за яе межамі?..
Віталія Багун закранае ў творы адвечна актуальныя праблемы самых розных маштабаў: наладжванне міжпланетных сувязей, сістэма каштоўнасцей у грамадстве, міжасобасныя адносіны, канфлікт асобы з унутраным «я». Пытанні асваення чалавекам касмічнай прасторы займаюць тут далёка не першае месца. Аўтарка звяртае ўвагу на складаныя моманты ўзаемаадносін паміж людзьмі, у прыватнасці, на непаразуменні бацькоў і дзяцей (што выдатна адлюстроўвае прыклад Аўроры і спадара Ніколіча), крывадушныя адносіны жонкі і мужа (Астра і Тэадор Пырнік). У творы выразна акрэслена праблема інтэлектуальнай дэградацыі чалавецтва: «…яму было цікава, што Саламея чытала. Ён быў здзіўлены, што яна ўвогуле ўмела чытаць», «…хаця кнігамі доўгі час ужо ніхто не карыстаўся…».
Асаблівае месца ў аповесці займае пытанне знішчэння духоўнага свету асобы. Такія заганы чалавечай натуры, як пыха, зайздрасць, ганарлівасць, прага «лёгкіх» грошай, на думку пісьменніцы, не толькі «забіваюць» душу, але часам прыводзяць да фізічнай смерці чалавека. Так, Менахем Грын (фінансіст па прафесіі) з самага пачатку касмічнай вандроўкі шукае магчымасць забіць Рафаэля Кліментавіча — кіназорку, у якога закаханая «прыгажэйшае сапрана ў Сонечнай сістэме» Антуанэта Цюль. Безадказнае каханне Менахема да спявачкі падштурхоўвае яго да злачынства. Грын вырашае здзейсніць забойства, але не сваімі рукамі. Па дапамогу ён звяртаецца да «пасажыра трэцяга класа» Ката Трума (дарэчы, якраз імя ўказвае на прызначэнне названага героя ў творы). Грошы — плату за забойства — Трум бярэ без сумненняў і ваганняў, праўда, пазней за спробу злачынства пазбаўляецца ўласнага жыцця.
Процілегласцю Менахема Грына з’яўляецца Рафаэль Кліментавіч. Ён зведаў усе выгоды жыцця знакамітасці (славу, грошы, задавальненне ўсіх жаданняў і інш.). Але ці лічыць гэты чалавек сябе шчаслівым? Ён падаецца легкадумным, часам мяккацелым, аднак у крытычнай сітуацыі паводзіць сябе непрадказальна рашуча і смела. У чым прычына? Не абышлося тут без кахання. Рафаэль быў вядомы ў грамадстве не толькі як зорка шматлікіх кінастужак, але і як выдатны палюбоўнік. Пераважная большасць людзей з яго акружэння — жанчыны, з якімі ён меў і прафесійныя, і інтымныя адносіны. З’яўленне на лайнеры інжынера Жасмін Бетэльгейзэ карэнным чынам змяняе Рафаэля. Для яго Жасмін — ідэал жанчыны, жонкі, маці.
Падрабязна апісваюцца ў творы стасункі паміж мужчынам і жанчынай. Часцей за ўсё гэтыя зносіны заснаваны на жаданні самасцвярджэння праз тое, каб быць з лепшым/лепшай. Аднак знайшлося месца і сапраўднаму каханню, заснаванаму на паразуменні і ўзаемадапамозе.
У спакойнае, размеранае жыццё жыхароў «Гігантыка» прыходзіць бяда: карабель сутыкнуўся з астэроідам. Унікальны суперсучасны касмічны лайнер, створаны рукамі чалавека, робіцца яго ж пагібеллю. «“Гігантык” ператварыўся ў вялікую пастку, у пераходах якой заблыталіся тысячы людзей, асуджаныя на гібель, незалежна ад таго, ці імкнуліся яны зрабіць нешта, каб выратавацца». Створаная ў дапамогу чалавеку тэхніка можа стаць прычынай яго знішчэння.
Экстрэмальная сітуацыя раскрывае многіх герояў. Капітан Георг Славінскі своечасова аддае загады, якія захоўваюць жыцці тысячам людзей. Доктар Розан, які падчас палёту лячыў чалавечыя целы, цяпер намагаецца ратаваць душы. Сваёй прамоваю ён дае надзею асуджаным на смерць людзям. Усяслаў Зорыч — стваральнік «Гігантыка» — адчувае сваю віну, таму як можа дапамагае іншым. Катастрофа стала лёсавызначальнай падзеяй у жыцці многіх герояў: нехта згубіў блізкіх, а хтосьці знайшоў сваё шчасце.
Такім чынам, уводзячы ў твор надзвычайную сітуацыю, аўтарка характарызуе людзей будучыні. Хтосьці гатовы аддаць сваё жыццё дзеля іншага (Рафаэль — дзеля Жасмін, капітан Славінскі і Зорыч — дзеля пасажыраў), а нехта, ратуючы сябе, забываецца на тых, хто побач. Напрыканцы аповесці выжываюць толькі самыя вартыя. Як бачым, людзі будучага мала адрозніваюцца ад сённяшніх, але ёсць надзея, што нашы далёкія нашчадкі будуць лепшымі за нас.
Варта адзначыць схільнасць пісьменніцы характарызаваць вобразы герояў не праз аналіз іх дзеянняў, а праз наданне ім красамоўных прозвішчаў (Крылля Жабіна, Кат Трум і інш.). Мова герояў суадносіцца з жанрам твора, пры гэтым не ўзнікае неабходнасці звяртацца да слоўнікаў ці энцыклапедый, каб удакладняць сэнс шматлікіх навуковых тэрмінаў.
Кампазіцыя аповесці не дазваляе чытачу пераключыцца на нешта іншае, твор чытаецца хутка і лёгка. Магчыма, прычынай таму — выкарыстанне прыёмаў «забягання наперад» і рэтраспекцыі. Наяўнасць некалькіх храналагічных ліній спрыяе ўважліваму чытанню. Успаміны галоўнага героя часта перарываюць асноўную сюжэтную лінію, прычым па меры яе развіцця паглыбляецца зварот у мінулае.
Аповесць папярэджвае людзей пра магчымыя вынікі навуковатэхнічнай рэвалюцыі і вымушае задумацца пра тое, як у сучасным свеце застацца Чалавекам.
ЛіМ, №39,2014