Вяртанне Тураўскага Евангелля
Опубликовано: 01.09.2014

Напярэдадні Дня ведаў, Свята беларускага пісьменства і Дня бібліятэк, у галоўнай кніжніцы краіны прайшла прэзентацыя факсімільнага перавыдання Тураўскага Евангелля. Гэтая кніга датуецца ХІ стагоддзем і з’яўляецца самым старажытным помнікам у рукапіснай спадчыне Беларусі. Сёння арыгінал нашай святыні знаходзіцца за мяжой — у Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, але дзякуючы перавыданню ў выглядзе факсіміле кніга зойме сваё месца на паліцах беларускіх кніжніц. Праект быў рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай краіны пры падтрымцы кампаніі Xerox і Апякунскага савета НББ. 

Напярэдадні Дня ведаў, Свята беларускага пісьменства і Дня бібліятэк, у галоўнай кніжніцы краіны прайшла прэзентацыя факсімільнага перавыдання Тураўскага Евангелля. Гэтая кніга датуецца ХІ стагоддзем і з’яўляецца самым старажытным помнікам у рукапіснай спадчыне Беларусі. Сёння арыгінал нашай святыні знаходзіцца за мяжой — у Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, але дзякуючы перавыданню ў выглядзе факсіміле кніга зойме сваё месца на паліцах беларускіх кніжніц. Праект быў рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай краіны пры падтрымцы кампаніі Xerox і Апякунскага савета НББ.

Агульная колькасць раннеславянскіх рукапісаў, да якіх адносіцца і Тураўскае Евангелле, невялікая, таму, безумоўна, кожны з іх заслугоўвае ўсебаковага вывучэння. Прафесар, доктар педагагічных навук, дырэктар НББ Раман Матульскі падчас прэс-канферэнцыі з нагоды прэзентацыі факсіміле Тураўскага Евангелля падкрэсліў:

— Асноўнае прызначэнне нацыянальнай бібліятэкі любой краіны — захаваць кніжныя скарбы, духоўную спадчыну народа. На жаль, так здарылася, што Нацыянальная бібліятэка ў Беларусі была створаная параўнальна нядаўна. Такія кніжніцы зазвычай будуюцца на падмурку буйных калекцый. У нас жа значныя кнігазборы былі разбураныя, і Нацыянальная бібліятэка стваралася амаль з нуля. Таму галоўная місія ўстановы больш складаная: нам патрэбна не толькі захоўваць, але і збіраць, вяртаць сваю калісьці страчаную спадчыну. Вярнуць арыгіналы вельмі складана, нават немагчыма, бо выданні, вартыя ўвагі Нацыянальнай бібліятэкі, захоўваюцца ў дзяржаўных кнігасховішчах розных краін, зразумела, імі не гандлююць. На прыватным рынку іх таксама не знойдзеш. Адзінае выйсце — вярнуць шляхам факсімільнага ўзнаўлення. Менавіта ў гэтым кірунку мы актыўна працуем.

І сапраўды, ужо некалькі значных выданняў вярнуліся на Беларусь у выглядзе факсіміле. Варта прыгадаць хаця б узнаўленні Слуцкага Евангелля, Полацкага Евангелля, што выйшлі ў Выдавецтве Беларускага Экзархата, а таксама маштабны праект па перавыданні спадчыны Францыска Скарыны, які цяпер рэалізоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы пры падтрымцы Апякунскага савета. Кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі Xerox у Рэспубліцы Беларусь, старшыня Апякунскага савета НББ (дарэчы, ураджэнец Турава) Аляксандр Швец заўважыў:

— У Беларусі, на жаль, захавалася не так шмат помнікаў. Я зрабіў бы нават такое параўнанне: Тураўскае Евангелле з’яўляецца не менш важным для нашай краіны, чым Мірскі замак, палац Радзівілаў у Нясвіжы. Па значнасці для ўсведамлення нацыянальнай самасвядомасці ён з’яўляецца для беларусаў ледзь не асноўным у шэрагу помнікаў, на якіх грунтуецца наша гісторыя. Таму, з пункту гледжання рашэння культурных пытанняў, асабліва для моладзі, надзвычай важнай нам бачыцца праца па факсімільным перавыданні ключавых для беларускай самаідэнтычнасці помнікаў кніжнай культуры.

Аляксандр Іосіфавіч таксама звярнуў увагу на тое, што кампанія Xerox, якая ў Беларусі працуе ўжо больш як 20 гадоў, вялікую ўвагу звяртае на нацыянальную адказнасць бізнесу, падтрымлівае культуру і адукацыю. Так, у межах працы Апякунскага савета Нацыянальнай бібліятэкі два гады таму ўжо было прадстаўленае факсіміле віленскага “Буквара” 1767 года. Тураўскае Евангелле — наступны і вельмі важны крок супрацоўніцтва.

Варта падкрэсліць, што ў выпадку з факсіміле Тураўскага Евангелля ў рукі чытачу трапляе не толькі добрая фотакопія арыгінальнага рукапісу — тут можна паглядзець на ўсе 10 лістоў старажытнай кнігі, якія захаваліся да нашага часу, пазнаёміцца з перакладам старажытнага тэксту, прачытаць культурна-гістарычныя нарысы, навуковыя даследаванні, прысвечаныя Тураўскаму Евангеллю і гісторыі старажытнага Турава. Па сутнасці, мы маем справу з комплекснай працай, даведнікам, які адкажа на любыя пытанні пра кніжны помнік. Больш за тое, навуковыя каментары, гістарычныя нарысы прадстаўлены ў выданні на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гэта ўжо амаль традыцыя для выданняў НББ, бо такія шматмоўныя кнігі могуць паказаць багацце нашай культуры не толькі беларусам, але і сусветнай супольнасці.

Кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алесь Суша падкрэсліў, што рэалізацыя гэтага праекта была б немагчымая без супрацоўніцтва шматлікіх устаноў розных краін. Так, Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук прадаставіла якасную лічбавую копію Тураўскага Евангелля (дарэчы, гэта самая старажытная кніга, што захоўваецца ў зборах Літвы). Ініцыятыву падтрымалі і беларускія навукоўцы. Доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Лысенка, які цягам больш як паўстагоддзя займаецца вывучэннем гісторыі старажытнага Турава, адмыслова для гэтага выдання напісаў нарыс, прысвечаны гісторыі тураўскай зямлі. Сімвалічным і надзвычай важным стала супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Выданне пачынаецца з прывітальнага слова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Алесь Суша, у сваю чаргу, зазначыў, што менавіта такі варыянт шматбаковай працы можа даць добрыя вынікі ў будучыні. Многія помнікі беларускай кніжнасці яшчэ чакаюць свайго вяртання ці новага адкрыцця.

— Тураўскае Евангелле — самая старая кніга, што з’явілася на тэрыторыі Беларусі, — адзначыў прафесар Пётр Лысенка, — Але і на тэрыторыі Расіі, у старажытным Ноўгарадзе, у той жа час была напісаная кніга, што лічыцца самай старой. Гэта Астрамірава Евангелле, якое датуецца 1056 — 1057 гг., яго напісаў дыякан Грыгорый. Абедзве кнігі напісаныя такім самым шрыфтом і спосабам. Значыць, культура Тураўскага княства і Вялікай Русі развіваліся на адным узроўні. Беларусь не адставала. На вялікі жаль, гэты помнік не ўдасца вярнуць на радзіму, але ніхто не аспрэчыць таго, штоТураўскае Евангелле сведчыць пра высокі культурны ўзровень развіцця на нашай зямлі яшчэ ў ХІ ст. Гэтая кніга была адным з фактараў нараджэння, станаўлення і паспяховай працы такой выбітнай асобы, як Кірыла Тураўскі.

Факсімільнае выданне Тураўскага Евангелля выйшла тыражом 500 асобнікаў. Як сцвярджаюць кіраўнікі праекта, гэта сацыяльны тыраж, які будзе распаўсюджвацца бясплатна: кнігі трапяць на паліцы бібліятэк, універсітэтаў, устаноў культуры, у кабінеты дзяржаўных дзеячаў. У Дзень ведаў 40 новых школ краіны атрымаюць Тураўскае Евангелле ў падарунак ад прадстаўнікоў мясцовых улад. Прэзентацыя выдання пройдзе і ў Заслаўі, падчас святкавання Дня беларускага пісьментва. У планах Апякунскага савета — выпуск камерцыйнага тыражу, такім чынам, крыху пазней асобнікі факсіміле Тураўскага Евангелля з’явяцца на паліцах кнігарняў.

Фота Кастуся Дробава 

ЛіМ, №34, 2014

Автор: Марына ВЕСЯЛУХА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
31123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
2829301234