У выдавецтве «АмеліяПрынт» (г. Магілёў) сёлета выйшла ў свет новаая кніга члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, магілёўскага краязнаўцы Віктара Іванавіча Арцем’ева “Вайна на свае вочы”. Аўтар зборніка нарадзіўся на Шклоўшчыне ў 1927 годзе, зведаў усе жахі нямецкай акупацыі ў 1941—1944 гадах .
Зборнік змяшчае нарысы і публіцыстычныя артыкулы. У іх расказваецца пра жыццё мірных жыхароў вёсак Радзішына, Ордаць, Шастакі, Дзіўнава, Патапава — Шклоўскага, Лёўкаўшчына, Папоўцы і Бушкава — Чавускага, Цімохаўка і Паршына — Горацкага, Карзеева — Дрыбінскага, Ражкі — Круглянскага, Масток — Магілёўскага раёнаў у гады мінулай вайны.
У публіцыстычных артыкулах «Злачынствы акупантаў і іх пасобнікаў не маюць тэрміну даўнасці» і «А на самой справе: калі было галадней?» аўтар спрабуе паглядзець на далёкую вайну з пазіцый сучаснасці. Ён дае высокую адзнаку подзвігу нашага народа ў вайне і робіць вывад, што нельга забываць яе ўрокі, трэба свята берагчы Перамогу, здабытую крывёю і самаахвяраваннем мільёнаў людзей.
Зборнік «Вайна на свае вочы» прызначаны шырокаму колу чытачоў; яго старонкі скарыстаюць настаўнікі, а таксама краязнаўцы для выхавання моладзі ў духу патрыятызму і любові да Айчыны.