Чалавек створаны для жыцця
Опубликовано: 22.08.2014

 

“Блаславёны той, хто знайшоў сваю справу ў жыцці: большага нам не дадзена”, ― сказаў брытанскі пісьменнік Томас Карлайл.

Пэўна, пісьменніцу Ірыну Фамянкову можна лічыць блаславёнай. Сёння яе імя добра вядома гродзенскім чытачам, а кнігі яе карыстаюцца папулярнасцю: на паліцах Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. Макаёнка іх не заўсёды можна знайсці.

Ірына Васільеўна нарадзілася ў Расіі, але ўсё жыццё пражыла ў Гродне, дзе прапрацавала у школах больш за 40 гадоў. Настаўніцкі вопыт, сувязь з псіхалогіяй, этыкай, багаты жыццёвы досвед склалі аснову, з якой вырасла яе творчасць. Да ўсяго — праца пазаштатным карэспандэнтам пры газеце “Гродзенская праўда”, што таксама паслужыла штуршком для літаратурнай творчасці.

Творы І. Фамянковай друкаваліся ў газетах “Савецкая Беларусь”, “Семейный очаг”, “Літаратура і Мастацтва”, “Гродзенская праўда”, “Милицейский весник”, “Женская газета”, “Перспектыва”, у часопісах “Неман”, “Новая Немига литературная”, “Алеся”, у альманахах “Галасы”, “На Нёманскай хвалі” і ў шэрагу калектыўных зборнікаў, у тым ліку кнігах серыі “Вера. Надзея. Любоў”.

Першы самастойны зборнік прозы “Радасць і смутак” (“Радость и печаль”, 2006) паказаў уменне аўтара працаваць у жанры кароткага апавядання. Збольшага яны вымалёўваюць чалавечыя характары і ўзаемаадносіны. Героі па-рознаму праходзяць жыццёвыя выпрабаванні, але часцей за ўсё перамагаюць, захаваўшы пры гэтым высокае пачуццё годнасці.

Другая кніга І. Фамянковай “Трапятанне ліста” (“Трепет листа”, 2007) змясціла больш аб'ёмныя творы: аповесць, нарысы, успаміны. У іх можна заўважыць пэўную эвалюцыю: асэнсаванне жыццёвых фактаў, псіхалагічнае абгрунтаванне ўчынкаў герояў, стварэнне запамінальных карцін прыроды і вобразаў другога плана, прататыпамі для многіх сталі сябры, блізкія і проста знаёмыя людзі. Праблема ўзаемаадносін розных пакаленняў вельмі кранальна раскрыта ў аповесці, якая дала назву кнізе.

Жаночыя лёсы ― галоўная тэма кнігі “Усмешка раніцы” (“Улыбка утра”, 2008). Гераіні лірычных аповесцей умеюць пераадольваць цяжкасці і заставацца Жанчынамі ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Тут жа апісаны гісторыі пра каханне, якое не часта здараецца ў жыцці і лічыцца сапраўдным падарункам лёсу. У аповесцях І. Фамянковай ёсць месца таямніцы ды інтрызе.

За зборнік “Водар белага наліву” (“Аромат белого налива”, 2010) Ірына Васільеўна была ўганаравана дыпломам лаўрэата рэспубліканскага конкурсу “Лепшы твор 2010 года” ў намінацыі “Проза”. У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, у якіх выявілася ўменне аўтара дакладна перадаць думкі без доўгіх тлумачэнняў, і непатрэбных падрабязнасцей.

У 2013 г. выйшаў новы зборнік апавяданняў І. Фамянковай “Усё пачынаецца з дзяцінства”. А. Карлюкевіч у водгуку на яго напісаў: “Новы зборнік апавяданняў адкрывае твор з вельмі сімвалічнай назвай “Вясёлка настрою”. Уся кніга ўяўляецца мне вясёлай, напоўненай колерамі вясёлкі, яркім успрыманнем падзей, якія адбываюцца. Гісторыі, апісаныя аўтарам, носяць павучальны характар​​. Нас чакаюць сустрэчы з рознымі сітуацыямі, дзе дзецям і дарослым трэба прыняць рашэнне. Часам вельмі сур'ёзнае і важнае”.

 Як настаўніца аўтар асабліва пранікліва ставіцца да праблемы сталення асобы ў падлеткавым узросце. У навеле “Цюльпаны” ўзлаваны хлопчык, не зразумеўшы настаўніцу ў канфліктнай сітуацыі, знішчае кветкі ў яе кветніку. Прайшло шмат гадоў. “І аднойчы ў прыцемках сакавіцкага вечара ў дзверы майго дома пастукалі. На парозе стаяў высокі, прыгожы, падцягнуты юнак, у якім я ледзь пазнала Раланда. Ён працягнуў мне вялікі букет чырвона-жоўтых цюльпанаў, ад якіх пахла вясной”. Паразуменне дасягаецца шляхам доўгіх роздумаў.

Апавяданне “У палоне інтэрнэту” прысвечана надзённай праблеме інтэрнэт-залежнасці маладога пакалення. Аўтар даводзіць, што важна  своечасова спыніцца. Гераіня твора здолела гэта спасцігнуць, зразумеўшы, што “рэальнасць значна цікавейшая за любую віртуальнасць”.

Таксама вылучаецца апавяданне “Патэлефануй”. Аўтар псіхалагічна дакладна апісвае характар ​​дзяўчынкі Жэнькі, умела перадае патаемныя зрухі душы, якая праходзіць праз першае каханне. Урэшце дзяўчынка ідзе на сустрэчу да хлопчыка і знаходзіць для яго патрэбныя словы (хлопчык патрапіў у дзіцячы дом).

І. Фамянкова закранае і глыбока трагічныя тэмы, як, напрыклад, сітуацыя на мяжы жыцця і смерці. У апавяданні “Для жыцця” пісьменніца апісвае вялікі душэўны боль, з якім змагацца няпроста. Але змагацца варта, варта шанаваць святасць жыцця і паважаць немінучасць смерці. Пісьменніца лічыць, што заўсёды знойдзецца чалавек, які верне веру і радасць, трэба толькі ўмець слухаць. Апавяданне можна назваць пратэстам супраць дзіцячага суіцыду; яно сцвярджае простую, але бясспрэчную ісціну: “Чалавек створаны для жыцця!”

На думку Томаса Карлайла, якога мы згадвалі напачатку, “пісьменнік ― той жа святар”. Натуральна, не ўсе людзі вернікі і не ўсе ўспрымаюць рэлігійнае павучанне. Але ў іншым сэнсе, адцягненым ад літаральнага ўяўлення пра абавязкі святара, пісьменнік робіць тое ж самае: звяртаецца да чалавека з, умоўна скажам, “ісцінай”, загорнутай у мастацкую, часта займальную форму.

Творчасць Ірыны Фамянковай заклікае нас падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць, ратаваць і дараваць. У яе творах ― прага дабрыні, святла, міру. Але галоўнае, што спасцігае чытач, гэта даўняя думка: каханне (любоў) — аснова жыцця.

ЛіМ, №33, 2014 г. 

Автор: Вольга ТАРАСАВА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
31123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
2829301234