Каб не ўмёрлі... лісты
Опубликовано: 11.08.2014

Цягам многіх стагоддзяў яны былі спадарожнікамі жыцця, бадай, кожнага чалавека. Прыносілі радасць, давалі надзею, суцяшалі ці расчароўвалі. Іх нават сёння многія захоўваюць як сямейныя рэліквіі, звяртаюцца да іх, проста разглядяюць ці перачытваюць. Напісаныя на паперы, лісты сталі часткай агульнай гісторыі чалавецтва, асабістага летапісу амаль кожнага з нас. “Свет без лістоў быў бы светам без кіслароду”, лічыць брытанскі журналіст і пісьменнік Сайман Гарфілд, таму і прысвячае ім цэлую кнігу ў жанры нон-фікшн. Выданне “Лісту: цікавая гісторыя карэспандэнцыі” (To the Letter: a Curious History of Correspondence) пабачыла свет сёлета ў лонданска-эдынбургскім выдавецтве Canongate.

“Лісты маюць уласцівасць падаўжаць нам жыццё. Яны паказваюць матывацыю і паглыбляюць разуменне. Гэта відавочна. Яны змяняюць жыцці і наноў манціруюць гісторыю. Аднойчы свет звыкся да іх дапамогі — як каталізатара чалавечых адносін і вадаспаду думак, маўклівага трубаправода каштоўнага і выпадковага… Падавалася немагчымым, што іх значнасць калісьці не будзе ўспрымацца як відавочная ці ўвогуле адсунецца ўбок”, — так разважае пісьменнік у прадмове да гэтага незвычайнага выдання. І сапраўды, складана ўявіць гісторыю, напісаную без уліку перапіскі паміж значнымі дзеячамі часу, літаратуру — без лістоў закаханых пісьменнікаў ці зацікаўленых біёграфаў. Знікненне лістоў як з’явы прывяло б да знікнення цэлага эпісталярнага жанру, а наша мова пабяднела б на мноства ласкавых звароткаў, эпітэтаў, метафар. Свет стаў бы не такім шчырым, бо менавіта паперы многія давяралі свае самыя патаемныя думкі, выказвалі самыя глыбокія пачуцці.

Але сёння, у час панавання інтэрнэту, лісты перажываюць перыяд заняпаду. Пагадзіцеся, ліст, дасланы па электроннай пошце, зусім не выклікае такога хвалявання і задавальнення, як напісаны на паперы ад рукі. Ды і электронную перапіску наўрад ці нехта будзе збіраць, перавязваць чырвонай стужкай, захоўваць гадамі і выдаваць асобнай кнігай. Самы лепшы лёс, які чакае віртуальны ліст, — магчымасць не быць выдаленым у “кошык” і перамяшчэнне ў катэгорыю “выбранае”.

“Я паспрабаваў даследаваць, як мы пісалі адзін аднаму цягам стагоддзяў і як нашы лісты адлюстроўваюць нашы жыцці, — разважае Сайман Гарфілд. — Я разглядаю ролю, якую лісты адыгрывалі як літаратурны прыём у творчасці Шэкспіра і эпісталярным рамане, даследую некаторыя прыклады перапіскі вялікіх асоб рознага часу — Цыцэрона і Петраркі, Джэйн Осцін і Тэда Х’юза (таксама Джона Кітса, Вірджыніі Вульф, Джэка Керуака)”.

Але не трэба думаць, што кніга Саймана Гарфілда, якая мае аб’ём больш як 450 старонак, — усяго толькі плач па лістах на паперы. Гэта зусім не так. Пад яркай стылёвай вокладкай хаваецца мноства цікавых фактаў. Ці ведалі вы, што ў Віктарыянскай Англіі павага да ліставання была настолькі вялікая, што нават Оскар Уайльд мог проста выкінуць праз акно свайго пакоя ў Чэлсі лісты з ужо наклеенымі маркамі і быць упэўненым, што нейкі мінак абавязкова занясе іх у найбліжэйшую паштовую скрынку? Што Льюіс Кэрал распрацаваў дызайн спецыяльнага кашалька для захоўвання марак і напісаў дапаможнік па складанні лістоў? Так, некаторыя парады пісьменніка досыць відавочныя. Кэрал раіў: “Пішыце разборліва, а перад тым як адказаць на чыйсьці ліст, пераканайцеся, што вы прачыталі яго ўважліва і напісалі на канверце правільны адрас”. Некаторыя парады досыць асабістыя і, напэўна, адлюстроўваюць вопыт самога аўтара: “Калі вы пішаце, што далучаеце чэк ці чыйсьці ліст, спыніцеся на хвілінку, вазьміце дакумент, пра які ідзе гаворка, і пакладзіце яго ў канверт. Калі вы гэтага не зробіце, то будзьце ўпэўненыя, што знойдзеце той самы чэк побач, але ўжо пасля таго як пошта будзе адпраўленая”.

Кніга “Лісту: цікавая гісторыя карэспандэнцыі” прапануе і іншыя парады па напісанні лістоў — складзеныя ў адпаведнасці з самымі аўтарытэтнымі дапаможнікамі розных часоў, распавядае, як зрабіць нябачнае чарніла, і знаёміць з сумнай гісторыяй месца, куды трапляюць мёртвыя лісты. Тут можна пабачыць выявы марак розных часоў, незвычайныя паштоўкі і рэкламу-заклік пісаць лісты, прачытаць вытрымкі з трагічных і лёсавызначальных ліставанняў. Сайман Гарфілд спадзяецца, што кніга абудзіць у чытача жаданне ўзяць аркуш паперы, ручку, напісаць пра свае думкі, падзеі жыцця і адрасаваць ліст сябру ці сваяку.

Хочацца спадзявацца, гэтае выданне хаця б нагадае пра залаты век лістоў ці на некаторы час адцягне смерць цэлай эпохі ў гісторыі чалавецтва — эпохі ліставання.

ЛіМ, №30, 2014 г. 

Автор: Марына ВЕСЯЛУХА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
31123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
2829301234