Дом для сяброў
Опубликовано: 25.07.2014

 

Гадавіна са дня смерці Юрыя Сапажкова – паэта, журналіста, рэдактара, перакладчыка, выдаўца. Вочы яшчэ шукаюць яго постаць у натоўпе аднадумцаў, з тэлефоннай кніжкі яшчэ не выкрэслены знаёмы нумар – сэрца не хоча верыць, што яго больш няма, бо на палічцы стаіць кніжка яго вершаў, і калі вачыма прабагяеш радкі, гучыць яго голас.

Аўтарамі літаратурнага помніка паэту – кнігі “Тёплое пожатие руки: литературное приношение Юрию Сапожкову”, што ўбачыла свет у выдавецтве “Каўчэг”, – сталі Алег Ждан, Таццяна Шпартава, Зінаіда Краснеўская, Леанід Галубовіч, Юрый Мацюшка, Наталія Касцючэнка, Мікола Шабовіч і Мікола Кандратаў. На адлегласці года без яго выразна акрэслілася галоўнае, чым быў для дарагі для тых, з кім перакрыжоўваў лёс.

“Ён быў разумны і таленавіты. Цярплівы і вялікадушны. Працалюбівы і азартны. Але яму не хапала эгаізму – якасці, як сведчаць лёсы некаторых літаратараў, не лішняга ў жыцці паэтаў”, – адзначае калега Юрыя Міхайлавіча Алег Ждан. (Іх сталы ў рэдакцыйным пакоі часопіса “Нёман” стаялі побач.)

Рускі родам, “не ставіць сябе ў позу гэткага “пракуратара”, а хутчэй займае пазіцыю спагадлівага “суайчынніка”, не менш адказнага за будучыню беларусаў, чым яны самі…” – падкрэсліваў Леанід Галубовіч.

“Вялікае шчасце, калі даводзіцца працаваць з рэдактатарам неабыякавым, строгім, які дакладна ведае, што менавіта павінна атрымацца ў выніку”, – ўзгадвае перакладчыца Зінаіда Краснеўская бездакорны літаратурны густ Юрыя Міхайлавіча. Высока цэніць і яго талент перакладчыка з англійскай – Сапажкоў працаваў без падрадкоўніка.

Ці ўсё паспеў рэалізаваць са шматлікіх творчых задумак? Сёння нам здаецца – шмат. Дзе браў час? Пра паэта, як і пра выдатнага этнографа Міколу Раманюка, казалі: “У яго не было часу на пустыя размовы”. Пра яго патрабавальнасць да сябе, працу над першым зборнікам вершаў, жыццё ў Індыі, сустрэчы Юрыя Міхайлавіча са Святаславам Рэрыхам і яго жонкай Дэвікай Рані – ва ўключаным у кнігу артыкуле вядомага беларускага журналіста Рамана Ерохіна, з якім мы развіталіся назаўсёды ў 2011 годзе. Незадоўга да сыходу ён шчодра адарыў журналістаў шыкоўнай кнігай «Интонация вздоха», у якой расказаў пра сваіх сучаснікаў, у тым ліку і Юрыя Сапажкова. Нягледзячы на разніцу ў пятнаццаць гадоў, моцна пасябравалі і нават атрымалі мянушку “Ільф і Пятроў” за сумесна напісаныя нарысы.

І тыя, хто добра ведаў паэта, і тыя, хто ўпершыню адкрые яго для сябе дзякуючы гэтай кнізе, будуць чытаць яе з вялікай увагай. Партрэт асобы – вельмі сціплага ў штодзённым жыцці чалавека – складаецца з любоўю ўзгаданых сябрамі рыс.

               Кожную раніцу апранаў спартыўны касцюм і бегаў. Прызнаваўся, што радкі прыходзяць выключна на хаду, а за сталом толькі шліфуюцца. Гэта прызнанне і развагі пра сутнасць паэзіі захавала ў занатаваным маналогу Сапажкова Таццяна Шпартава, рэжысёр дакументальнай стужкі пра нашага сучасніка.

Нібы каштоўнаму камяню, радаваўся ён творчым знаходкам іншых паэтаў, сваімі тактоўнымі заўвагамі дапамог навучыца адточваць гучанне радка многім пачаткоўцам на гэтым шляху. Не шкадаваў добрых словаў для тых, у каго атрымлівалася. Удзячнасць настаўніку, сябру і дарадцу гучыць у прысвячэннях Юрыя Мацюшкі і Міколы Кандратава, якія таксама ўвайшлі ў гэты зборнік.

Яго афрыстычныя вершы, якія прымушалі адначасова і ўсміхнуцца, і засумаваць, на беларускую мову пераклалі Мікола Шабовіч і Мікола Кандратаў. Укладальнікі зрабілі вельмі добры ход: кожны чытач мае магчымасць ацаніць моцны акордам верша і майстэрства перакладчыка ў трансфармацыі вобразаў – арыгінал і пераклад месцяцца на суседніх старонках. Напрыклад, “Начная цішыня”. У Сапажкова: “Жизнь катится, чуть прогибая оси. // Сентябрь, октябрь, ноябрь на перелом. // В который раз уже трехтомник осени выходит в свет огромным тиражом”. У Міколы Шабовіча: “Жыццё імчыць, ажно пружыняць восі: // За вераснем – кастрычнік, лістапад…// Каторы раз ужо трохтомнік восені // Збірае шматмільённы свой наклад”.

Яго светлую ўсмешку захавалі фотаздымкі Валерыя Вядрэнкі. Сапраўды, ён быў вельмі светлы чалавек і душы кожнага, хто апынуўся побач, пакінуў добры след. Тыя, каму давялося працаваць з Юрыем Міхайлавічам, прыняў удзел у выданні: камп’ютарную вёрстку зрабіла Юлія Шабан, імя якой вы знойдзеце ў выходных даных многіх беларускіх кніг, у тым ліку і тых, выдаўцом якіх быў паэт. Карэктуру вычытала Наталля Кучмель. Прозвішчы тых, хто паспрыяў выданню гэтай кнігі, чытач знойдзе на апошняй старонцы вокладкі.

У артыкуле Н. Касцючэнкі чытаю: найвышэйшым дасягненнем паэт лічыў пакінуць пасля сябе дом для сяброў, у якім незачыненыя дзверы, гарыць агонь і ёсць соль. Юрыю Міхайлавічу ўдалося пабудаваць сваімі вершамі такі дом. Сімвалічна, што прэзентацыя кнігі адбылася ў Коласавым доме, дзе заўсёды ўтульна паэтам.

Автор: Вольга Паўлючэнка
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123