У інтэрнэце часта можна натрапіць на адмысловыя даведнікі-парады для падарожнікаў, якія распавядаюць, куды пайсці і што абавязкова трэба паглядзець у пэўным горадзе ці краіне. А экстрэмальны гайд “Кніжнага свету” мае на мэце іншае. Да прыкладу, як знайсці кнігу ў горадзе, дзе кніжныя крамы зачыняюцца досыць рана. Як, прабавіўшы дзень на экскурсіях ды дзелавых сустрэчах, усё ж паспець набыць раман Фіцджэральда ў арыгінале ці прывезці сваякам у падарунак ілюстраванае выданне пра Бундэстаг.
Таму ўявіце: вы ў Берліне, у вас мала часу, не так шмат грошай, на вуліцы вечар. Заданне: знайсці кнігі (вы ж бібліяфіл!). Дык куды ісці?..
Аэрапорты, вакзалы
Гасцей горада, якія толькі што выйшлі з самалёта ці цягніка, сустракаюць утульныя невялічкія крамкі з кнігамі і часопісамі. Натуральна, яны ж праводзяць у падарожжа. Тут можна атрымаць бясплатную карту горада са схемай руху гарадскога транспарту, набыць папулярныя раманы ў мяккай вокладцы ці карысныя выданні для турыстаў. Ніякіх лішкаў і дарагой глянцавай паперы, усё проста, густоўна. Вялікі плюс такіх магазінаў у тым, што зачыняюцца яны позна, таму верагоднасць выправіцца ў падарожжа без кніжкі малая.
Галоўны корпус Гумбальдскага ўніверсітэта
Еўрапейцы кажуць, што ў Беларусі даволі складана, ідучы па вуліцы, натрапіць на кнігі: абавязкова трэба шукаць кнігарню. У Берліне гэтае правіла не працуе. Каб даведацца, якая манаграфія лепш распавядзе пра адметнасці шэкспіраўскай драмы ці ў чым заключаецца індывідуальнасць стылю Клода Манэ, зусім не абавязкова наведваць аддзелы літаратуразнаўства і выяўленчага мастацтва цэнтральнай кнігарні горада. Варта проста падысці да варот галоўнага будынка Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта. Тут, на вуліцы Унтэр-дэн-Ліндэн, непадалёк ад Берлінскага сабора, на століках гандляроў хаваюцца сапраўдныя скарбы. Кнігі ў большасці выпадкаў патрыманыя, імі ўжо карысталіся студэнты ўніверсітэта. Ды гэта не перашкода для бібліяфіла. А кошт выданняў тут ніжэйшы, чым у кнігарні, ды і гандляры з задавальненнем пагутараць на цікавую вам тэму. Калі вы шпацыруеце па цэнтры горада і маеце зусім невялічкі перапынак паміж экскурсіямі, то патрапіць у гэтае месца — проста шчасце.
Гандлёвыя цэнтры
Як і ў кнігарнях для падарожнікаў, у кніжных крамах, размешчаных у вялікіх гандлёвых цэнтрах, вы не знойдзеце дарагіх альбомаў ці рэдкіх выданняў. Тут у асноўным прадаюцца бестселеры, электронныя кнігі (адмысловыя картонкі са спасылкай на сайт выдавецтва з кодам, які дазваляе спампаваць кнігу), а таксама тое, што прафесіяналы называюць “спадарожнымі таварамі”, — нататнікі, вокладкі для кніг, ручкі, сувеніры. Але бібліяфіл і тут знойдзе, чым паласавацца: вось -- рэтра-магніцікі на лядоўню з выявамі кніжных вокладак, герояў раманаў ці іх экранізацый, прыгожыя закладкі і незвычайныя аксесуары. Больш за тое, тут можна добра бавіць час вымушанага чакання сяброў ці калег. Гандлёвыя цэнтры зачыняюцца не так рана, як спецыялізаваныя кнігарні, што таксама надзвычай важна для госця нямецкай сталіцы, які абмежаваны ў часе.
Крамы сетак Humana і “1 еўра”
Гэты варыянт падыдзе аматару літаратуры, у якога зусім мала грошай. Кнігу тут можна набыць літаральна за 1 еўра (вынікае з назвы самой сеткі), а ў магазіне Humana -- патраціць яшчэ менш. У першым выпадку вы будзеце мець справу з таннымі выданнямі невысокай якасці, а ў другім — з кнігамі second hand. Калі гаворка пра такія невялікія грошы, то і вагацца не трэба. Проста знаходзіць цікавую кнігу і набываць.
Крамы сувеніраў
У беларускіх кнігарнях сувеніры — спадарожны тавар да кніг. У берлінскіх — наадварот. Кожны магазін больш-менш прыстойнага памеру -- з торбамі, футболкамі, кубкамі і магніцікамі з надпісам “Я люблю Берлін” -- мае яшчэ і асобную паліцу з кнігамі. Тут можна пабачыць не толькі альбомы і календары з выявамі адметных мясцін горада, але і цікавую падборку выданняў, прысвечаных графіці ці вулічнаму мастацтву. Вялікі плюс такіх магазінаў у тым, што іх не трэба доўга шукаць (яны літаральна паўсюль!) і працуюць ледзьве не да ночы. Але варта быць асцярожным і не набываць упадабаную кнігу адразу. Ёсць верагоднасць, што ў краме сувеніраў на іншай вуліцы ці ў іншым раёне вы пабачыце яе па ўдвая ніжэйшым кошце.
Музеі, гістарычныя мясціны
Адно з асноўных правілаў месца, дзе часта бываюць турысты, — “выхад праз сувенірную краму”. У Берлінскім саборы ў ліку розных прыгожых і не зусім патрэбных рэчаў вам прапануюць шырокі асартымент шыкоўных альбомаў, надзвычай дарагіх даследаванняў мінулага краіны, асобных біяграфій гістарычных дзеячаў. А вось пасля наведвання Рэйхстага кнігі на розных мовах можна атрымаць абсалютна бясплатна. Да прыкладу, ілюстраванае выданне “Бундэстаг — кароткі агляд”, з добрымі фотаздымкамі, на якаснай паперы. Чым не сувенір? Больш за тое, многія гіды-экскурсаводы самі з’яўляюцца аўтарамі манаграфій, прысвечаных некаторым аспектам працы музея ці гісторыі памятных мясцін. Калі пашанцуе, то яны прэзентуюць вам кароткія брашуркі-вытрымкі з кніг. Так, выдатны гід Карын Фелікс у Германіі і Расіі хутка прадставіць сваё даследаванне “Калі ажывае гісторыя. Надпісы на сценах Рэйхстага на рускай мове і іх гісторыя” (пра гэтае выданне мы больш падрабязна распавядзём на старонках аднаго з наступных выпускаў “Кніжнага свету”).
Dussmann, проста Dussmann
Рай! Шчасце! Месца, дзе хочацца жыць! Усё гэта можна сказаць пра культурны дом Dussmann, што знаходзіцца ў самым цэнтры Берліна па адрасе Фрыдрыхштрасэ, 90. Трохпавярховая кнігарня, якая працуе да поўначы! Крамы з дыскамі, вінілавымі пласцінкамі! Асобны двухпавярховы аддзел з выданнямі на англійскай мове! Мара для беларускага бібліяфіла, які любіць пачытаць кнігу, перш чым яе набыць. Мноства ўтульных крэслаў, канап, цікавых куточкаў, дзе можна спакойна заглыбіцца ў твор. Калі хочаш — хоць на падлогу сядай і чытай.
Варта асобна спыніцца на асартыменце аддзела выданняў на англійскай мове. Любая кніга папулярнай класікі ў мяккай вокладцы тут каштуе 4 еўра (пагадзіцеся, танна). Шмат навінак, навукова-папулярнай літаратуры. Да прыкладу, выданні пра Першую сусветную вайну займаюць аж тры паліцы шафы (кансультант мне падказаў, што сёлета ў Германіі да гэтай тэмы асабліва высокі інтарэс з боку як выдаўцоў, так і чытачоў). Тут ёсць і расхваленая крытыкай, а таму вельмі папулярная работа Крыстафера Кларка “Лунацікі, або Як Еўропа ўступіла ў вайну ў 1914 годзе”, і даследаванне Філіпа Блома “Гады галавакружэння. Змены і культура на Захадзе, 1900 — 1914”, і нават выданне “Першая сусветная для чайнікаў”, дзе ў пытаннях і адказах, вельмі лёгкай мовай распавядаецца пра перадумовы вайны, ход ваенных дзеянняў і вынікі для кожнай з краін-удзельніц.
У асноўным аддзеле кнігарні ёсць навінкі і бестселеры, ужо перакладзеныя на нямецкую мову. Цяпер дакладна зразумела, чаму нямецкія выдаўцы спяшаюцца набываць правы на пераклад і рабіць яго прэм’еру ў дзень выхаду кнігі на мове арыгіналу. Кожны дзень пратэрміноўкі забяспечвае ўсё большую колькасць наведвальнікаў у аддзеле англамоўнай літаратуры, а значыць — большы прыбытак замежным выдаўцам.
Думаю, не трэба паўтараць параду: кіруйцеся адразу ў Dussmann.
Інтэр’еры
Бібліяфілу важна не толькі набыць саму кнігу, але і пабачыць, што тэма чытання запатрабаваная грамадствам. Таму варта шукаць кнігарні і крамы, ды ў гэты час прыглядацца да наваколля. Кнігі могуць напаткаць у любы момант: вось лавачка са старых выданняў (на такую нават сядаць шкада), яркае графіці з выявай чалавка, які чытае, на сцяне дома, адмысловыя пано на кожным з паверхаў Бундэстага, зробленыя з расфарбаваных кніг (ці іх муляжоў), сімпатычны плакат у рэдакцыі газеты Taz, які сцвярджае: “Чалавек можа абысціся без многіх рэчаў, акрамя коцікаў і літаратуры”…
Такія невялічкія адкрыцці грэюць душу кніжніка не менш, чым новыя пахкія асобнікі ў чамадане. Яны бясплатныя, ды і пры пасадцы ў самалёт не давядзецца дадаткова плаціць за перавышэнне дазволенай вагі багажу. Прыемных адкрыццяў!
ЛіМ, №28,2014 г.