Спектр кніг, якія выпускае Выдавецтва Беларускага Экзархата, на дзіва шырокі, але ўсё гэта, безумоўна, літаратура духоўна-асветнага кірунку, што прапагандуе маральныя каштоўнасці, вучыць дабру, справядлівасці. Гэта датычыць і кніг, адрасаваных юным чытачам, а яны ў выдавецкім партфелі займаюць вялікае месца і, што асабліва важна даюць шмат розуму і сэрцу хлопчыкаў і дзяўчынак. У шэрагу іх і зборнікі “Дзецям пра маму” і “Дзецям пра тату”, складзеныя Аляксандрам Вялько. А сабраны ў іх пад адной вокладкай паэтычныя і празаічныя творы пра тых, хто для дзетак самы дарагі і блізкі.
Які твор ні вазьмі – гэта добры свет добрых людзей. Аднак не толькі іх. Паколькі ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана, не абыдзены ўвагай і браты нашы меншыя, як, да прыкладу, у апавяданні С. Савіцкай “Ласіны след”. Маленькае ласяня стараецца як мага хутчэй спазнаць навакольны свет, але, адкрываючы яго, пастаянна сутыкаецца з незразумелымі з’явамі. Тады на дапамогу прыходзіць… Канечне ж, мама. Мама Ласіха свайго сыночка і падтрымае, і абнадзеіць, дый падкажа, як лепш паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі.
Важкія выхаваўчыя моманты і ў творах, што ўвайшлі ў зборнік “Дзецям пра тату”. Адметнасць кніжкі і ў тым, што ў ёй змешчана некалькі прытчаў. Павучанні, што гучаць у творах згаданага жанру, ненавязлівыя, але глыбокія і змястоўныя. Ёсць маленькім чытачам пра што задумацца. Як і ёсць пра што паразважаць. Прынамсі, пасля знаёмства з прытчай “Воля бацькі”. Пачатак традыцыйны, характэрны для твораў фальклорнага жанру: “У чалавека было два сыны”. Папрасіў ён аднаго з іх, каб папрацаваў замест яго ў вінаградніку. Той спачатку адмовіўся, але потым усё ж пайшоў працаваць. Другі ж сын адразу згадзіўся працаваць, дый толькі далей абяцання справа не пайшла. Завяршэнне прытчы заклікае да роздуму пра тое, хто з сыноў сапраўды выканаў волю бацькі.
Светлае апавяданне М. Пазнякова “Сынок”. Герой-апавядальнік твора прыехаў да свайго сына Руслана, які летам адпачываў у бабулі ў вёсцы, а той пазнаёміў яго са сваім сябрам Валодзькам, у якога, як высветлілася, няма бацькі. Зразумела, што з-за гэтага хлопчык вельмі перажывае, старэйшыя дзеці пасмейваюцца з яго. Валодзька ж, пазбаўлены бацькоўскай чуласці, незнарок называе татам чужога яму чалавека. Нечакана і ў самога апавядальніка з’яўляецца да Валодзькі бацькоўскае пачуццё, і ён звяртаецца да яго, як да сынка…
Згаданыя кнігі добра запатрабаваныя чытачамі: яны ўжо вытрымалі па тры выданні. Падобная літаратура сёння, калі нярэдка страчваюцца маральныя арыенціры, неабходная, што, на шчасце, разумеюць выдаўцы.