Яшчэ адна кніга
Опубликовано: 17.06.2014

 

ЯШЧЭ АДНА КНІГА
 
Летась у мінскім выдавецтве «Ковчег» выйшаў зборнік выбранай лірыкі Аляксандра Быкава «За межы круга». Гэта паэзія сціплая і спакойная пры гэтым вельмі шчырая, нават спавядальная. Чысціня думак і слова — аснова творчасці А. Быкава.
 
Першы раздзел мае назву «Дарога да маці», і дарога гэта на сямнаццаты кіламетр шашы Барысаў-Зембін, дзе на Елісееўскіх могілках пахавана маці паэта Ганна Нарцызаўна: «Зламалася нясцерпна-хрустка // Душа, як звонкая страла ... // Вянцом няношаная хустка // Лягла паверх твайго чала». Паэт разважае пра хуткацечнасць жыцця і пра свае дзіцячыя мары: «Здавалася, як быў малечаю, // Лістком бярозавым трымцеў, // Што маці, як і сонца, вечная // І на яе адну спадзеў». З цягам часу стала ясна, што жыццё мае свой радасны пачатковы адлік, але, на жаль, у яго ёсць і канцавы прыпынак, які яшчэ нікому не ўдалося абмінуць. «Чорная зграя // Птушак пасела. // Хата матулі // Асірацела. // Асірацела... // І на падворку // Ветрык нясмелы, // Роспачна горкі // Ціха гартае // Жоўтае лісце. // Быццам шукае // Нейкае выйсце...». Аднак жыццё не спыняецца, працягваецца ў нашчадках. Радкі А. Быкава пра ўнука лёгкія, светлыя, але пяшчота мяжуе са смуткам: «Восень лісты губляе, // Губіць мяне, натхняе. // Восень зіму прарочыць, // Крочыць паціху, крочыць. // Час — ён ляціць, як коннік, // Белым фарбуе скроні. // Ўнучак у класе першым // Вучыць пра восень вершык. // Там, за мяжой нябачнай, // Сонца садзіцца мячык. // Грэе яно паэта // Водбліскам шчодрага лета».
Вершы паэта збольшага аўтабіяграфічныя. Аднак часта асабістае пераліваецца за межы біяграфіі філасофскімі разважаннямі. «Віктосева крыніца» становіцца сімвалам чысціні краіны, яе бясконцасці ў часе: «Жыве яна, бруіцца — // Не вычарпаць да дна — // Віктосева крыніца // Пад Мядзелам здаўна. // Зусім непадалёку // Хай гора да агні — // Глыбінныя вытокі, // Як нашы карані...» Просты на першы погляд верш «Цішка» на самай справе можна назваць энцыклапедыяй жыцця сучаснай выміраючай вёскі («У Зацішшы зацішна, // Сум забітых хацін»): мужчынская частка насельніцтва амаль цалкам перасялілася ў лепшы свет («І захмелены Цішка — // На ўсю вёску адзін»), а жанчыны сталага веку просяць дапамогі ў адзінага аднавяскоўца («Так бабулькі папросяць — // Не адмовіш ніяк. // Узарэ ён і скосіць // За гарэлачны смак»), яму цяжка ўжо даецца гэтая дапамога («Яблык падае спелы // На вячэрні мурог. // Дрэме Цішка змарнелы — // Выратоўца і Бог»). Цішка выразна паўстае перад вачыма: невялікага росту, худы і счарнелы тварам ад сонца і цяжкой працы чалавек, які так і не нажыў багацця, але захаваў якасці, што здаўна пакладзены ў аснову вясковага жыцця: працавітасць, пачуццё ўзаемадапамогі, дабрыню, любоў да зямлі і спачуванне да людзей, што яе насяляюць.
А. Быкаў з усёй сур’ёзнасцю ставіцца да прызвання паэта. Нягледзячы на сціпласць і невысокую ацэнку сябе як творцы («Нашы музы бабулямі сталі — // А мы так і не выйшлі ў паэты»), у вершы «Споведзь» ён выказвае поўнае разуменне вялікай місіі пісьменніка, у тым ліку — сваю адказнасць перад чалавецтвам: Каментарыі тут ці патрэбны:
 
Мудрагеліста як ні пішы —
У паэтаў ёсць вечнае неба
І бясконцая споведзь душы...
Перамелюць касмічныя жорны
Лёсы нашыя ў пыл зямны —
І часцінкаю станем міжзор’я,
Абудзіць каб той свет нямы!
 
Па-свойму А. Быкаў звяртаецца да Бога: «Дайшоўшы да апошняе мяжы, // Парушылі мы некалі ўсе храмы. // І вось цяпер, хто крыжаваў крыжы, // Укленчыў там бадай што першы самы». Вера і святасць прыходзяць да чалавека паступова, гэты няпросты працэс мы бачым у адным з вершаў аўтара: «...Растуць, як з дожджыку грыбы, // Ў айчыне храмы. // Ляцелі некалі на дол // Званы й галовы... // А сёння вось і я прыйшоў // У храм, у новы. // Прыйшоў не каяцца слязой // І не маліцца... // Хаця б нясмелаю рукой // Перахрысціцца». І ў сувязі з гэтай тэмай імпануюць разважанні аўтара пра месца чалавека ў Сусвеце: «Калі ўсё належыць // высокаму Богу — // Як зведаць нам межы // Свайго эпілога? // Мо станем расою // Ці пылам дарожным? // Пякучай слязою // У свеце астрожным?.. // А можа, за краем, // За новай адлігай, // У Богавай краме — // Яшчэ адной кнігай?!.»
Автор: Надзея СЕНАТАРАВА, “ЛіМ”
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123