Пра цябе і пра мяне
Опубликовано: 22.05.2014

 

На рахунку літаб’яднання “Акорд”, якім кіруе Тамара Залеская, з’явілася трэцяя кніжка. Па добрай традыцыі “Акорда” паспрыяла яго з’яўленню выдавец Анастасія Печанко.Зборнік празаічных твораў “Чыстая праўда і фантазія” аб’яднаў на сваіх старонках аповесці і апавяданні людзей рознага ўзросту, членаў СПБ і пачаткоўцаў. Творы пісьменнікаў Тамары Залескай і Юрыя Юлава вядомы чытачу, што ўважліва сочыць за беларускай перыёдыкай. Знаёмы кніжныя аматары і з Міколам Ліннікам, Уладзімірам Тулінавым, Ядвігай Рай, а вось імя Андруся Данілевіча адкрыюць для сябе ўпершыню і, несумненна, запомняць.
Вокладку кніжкі ўпрыгожвае рэпрадукцыя карціны Густава Клімта “Пацалунак”, што задае адпаведны настрой. Адносіны паміж мужчынам і жанчынай – а ці не гэта галоўны рухавік літаратуры ўвогуле? – аналізуюцца дастаткова сур’ёзна і ўсебакова аўтарамі сталымі і маладымі. Аднолькава ўважліва чытач паставіцца і да гісторыі сустрэчы Алены Пцічкінай і мастака Васіля Кацёначкіна Т. Залескай, якім вельмі ўтульна ў гэтым жыцці ( “Мастак Ленін і яго муза”), і да фантазій Юрыя Юлава “Нэлька і Ніка” і “Чучмара”, героі якіх наадварот намагаюцца ўцячы ад рэальнасці. Цёпла ўсміхнуцца герою А. Данілевіча старшакласніку Алесю, які пра зоркі ведае “самае галоўнае – яны прыгожыя і прыносяць людзям шчасце” (“Знічка”). Міжволі прыгадаюць сваіх суседзяў, пазнаёміўшыся з некалькімі пакаленнямі сям’і Якава Елісеевіча ў “маленькай аповесці пра вялікія праблемы”, якую Т. Залеская назвала “Чыстая праўда”. Аўтары зборніка не пазбягаюць балючых тэм. Жорсткасць і бязлітаснасць тых, хто навокал, адчуваюць на сабе героі і ў “ідэальным” грамадстве (“Капсула” Т. Залескай), і ў паўсядзённым жыцці (“Апошняя вясна” А. Данілевіча, “Снягурка, ці Яна была актрысаю” Ю. Юлава) На шчасце, іншы раз збавенне прыходзіць адтуль, адкуль яго зусім не чакаў. На начной дарозе жанчыну з двума дзецьмі падвозяць да дому не шафёр грузавіка, не ўладальнікі ўтульнага аўто, а шалёныя байкеры(“Начныя анёлы” У. Тулінава).
 
Магчымасць выдаваць такія зборнікі – а “акордаўцы” выдаюцца за свой кошт – на карысць літпрацэсу, бо дапамагае ўявіць усю яго поўніцу. Бо літаратурных часопісаў у нас няшмат. Ды і цяжка ўявіць, колькі б давялося стаяць у чарзе расповеду пра пілігрымку Ядвігі Рай, апавяданням Міколы Лінніка ды Уладзіміра Тулінава, каб яны паспрабавалі “ўпісацца ў фарматы” гэтых выданняў. У якасці рэдактараў кнігі “Чыстая праўда і фантазія” папрацавалі Тамара Залеская і Юрый Юлаў, што задало адпаведную планку кнізе. Зборнік атрымаўся годны. Адбітак дня сённяшняга ў ім пазнавальны. Няма тут істэрычных серыяльных жарсцяў, але ёсць месца сур’ёзнаму разважанню і добраму гумару. У героях кнігі чытач лёгка пазнае сябе, сваіх родных і суседзяў. І пасябруе з імі – бо клопаты і спадзяванні аднолькавыя.
Автор: Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА
Комментарии
Тема сообщения:
Ваше имя: *
Текст комментария:
Введите код:
Международная деятельность
Архив
ЯЭТвбазвЯвбСТб
30123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031123