У новай кнізе Уладзіміра Кулічэнкі “Салдат Сліўка ў камп’ютэрным горадзе”, адрасаванай, на першы погляд, пакаленню, якое літаральна з нараджэння лоўка ўпраўляецца з клавіятураю і добра арыентуецца ў інтэрнэце, дарослых таксама чакае шмат цікавага. Таму што аўтар, на рахунку якога нямала сур’ёзных твораў, вытрымлівае небяспечную мяжу, на якой літаратура падзяляецца на тую, што забаўляе, і тую, што вучыць думаць. З першых старонак кніга, дарэчы, яе вельмі лёгка ўявіць камп’ютарнай гульнёй, прываблівае не толькі інтрыгай сюжэту – безумоўнай сімпатыяй чытача завалодвае галоўны герой, цікаўны, абаяльны, добры вандроўнік. Менавіта яго адчыненае свету сэрца, павага да кожнага, з кім па волі аўтара сустракаецца бравы салдат, дзіцячае ўменне лічыць нармальным усё, што б ні адбылося, дазваляе з годнасцю выходзіць са складаных сітуацый.
На гэты раз прыгоды Сліўкі пачынаюцца з чыгуначнага вакзала.
“– Вам куды? – пацікавілася касір.
– Не маю паняцця, ‒ прызнаўся салдат.
– Як?! Вы не ведаеце, куды едзеце? – здзіўлена акругліла вочы касірка.
– Так точна! – адказаў салдат Сліўка. – Я вандрую па свеце і дапамагаю тым, каму патрэбна дапамога”.
І жанчына прапануе яму квіток да станцыі з рамантычнай назваю “Паштоўка”.
Падзеі разгортваюцца з хуткасцю, уласцівай сапраўднай камп’ютарнай гульні. А прыгод – цэлы тузін: герой лятае на лыжцы і зэдліку, сустракае хлопчыка на сноўбордзе, які гаўкае, трапляе ў каменны мех да Настассі Пракопаўны – Каменнай бабкі, якую ні артылерыя, ні авіяцыя не тое што пашкодзіць, напалохаць не здольны.Чаго і каго толькі няма ў гэтым населеным пункце!(Месца дзеяння з рэальнасці пераносіцца ў камп’ютарны горад і наадварот.) Фабрыка зубных шчотак, пошта, на якой ніколі не завісае камп’ютар, праграміст, што адмовіўся размаўляць словамі і выдае толькі лічбы, чароўная лялька-целаахоўнік, гіганцкая жаба – камп’тарны вірус, створаны, каб знішчыць віртуальны горад, і шмат іншага. Паспяхова набываючы новых сяброў і пераадольваючы цяжкасці, Сліўка даведваецца, у кожнага з персанажаў ёсць вялізазнае жаданне – трапіць у чароўны цягнік, які давязе да Краіны мары. Менавіта ў гэтым месцы ўсе на свеце мары збываюцца… А паколькі месцаў у цягніку абмежавана, супраць канкурэнтаў ідзе нежартоўная вайна.
Юную аўдыторыю сюжэт не адпусціць ні на хвіліну, даросламу чытачу падабаецца тым, што фарбаў у ім шмат для ўсіх персанажаў. Сярод герояў Уладзіміра Кулічэнкі няма чорна-белага падзелу на герояў станоўчых і адмоўных, як гэта прынята ў амерыканскіх коміксах, напрыклад. І пазіцыя салдата Сліўкі, які прымае кожнага такім, як ёсць, намагаецца разумець нагоды ўчынкаў, хаця і дзейнічае па абставінах, не спяшаецца дзяліць сустрэчных на ворагаў і сяброў, а галоўнае, не супраць дапамагчы тым, хто па дапамогу звяртаецца, безумоўна, прываблівае.
А самае галоўнае, што скарае дарослыя чытацкія сэрцы, – фінал кнігі. Той, хто моцна нечага хоча, заўсёды гэта атрымае. І ў чароўным цягніку ўсім знайшлося месца. Але наш абаяльны вандроўнік зноў выбірае звычайны цягнік, “які рухаецца дакладна па раскладзе і на якім ён накіруецца ў іншы горад – дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога”. Новы твор Уладзіміра Кулічэнкі – выдатная нагода паразважаць разам з дзецьмі, якім мэтам варта прысвячаць жыццё, а значыць, гарантавана застанецца ў спісе дзіцячай літаратуры, якая вытрымае выпрабаванне часам.