Выдатны падарунак да свайго сур’ёзнага юбілею зрабіў сабе і шматлікім чытачам вядомы ў нашай краіне журналіст і пісьменнік Мікола Леўчанка. У выдавецтве “Чатыры чвэрці” (Мінск, 2013) выйшла яго новая кніга пад назвай “Вяртанне”. Яе склалі вершы пра малую Радзіму, гумарэскі, літаратурна-крытычныя артыкулы аб творчасці вядомых пісьменнікаў Магілёўшчыны, а таксама ўспаміны пра дзяцінства, край маленства, блізкіх і дарагіх аўтару людзей. Кніга добра ілюстравана фотаздымкамі.
Уступны артыкул да зборніка напісаў зямляк аўтара, знакаміты беларускі паэт , лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, старшыня Мінскага гарадского аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Міхась Пазнякоў. Ён адзначае, што як журналіст, публіцыст Мікола Леўчанка за многія гады творчай працы стаў выдатным летапісцам Быхаўшчыны. Работа ў газеце (а Мікалай Уладзіміравіч амаль усё жыццё аддаў працы ў рэдакцыі раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, доўгі час узначальвае яе) паспрыяла яму аб’ехаць і абысці ўвесь раён, пазнаёміцца з яго жывой гісторыяй, недалёкім гераічным мінулым, з героямі Вялікай Айчыннай вайны і напружаных працоўных будняў. А гэта ж наша багацце – мужныя, працавітыя, шчырыя людзі! Шчодрыя і цягавітыя. Ветэраны вайны і працы, хлебаробы і спецыялісты, кіраўнікі і начальнікі, на якіх трымалася і трымаецца слава раёна, якая ўліваецца ў славу вобласці і ўсёй Беларусі. Менавіта пра іх расказваюць кнігі Міколы Леўчанкі, яго шматлікія публікацыі на старонках самых розных выданняў. І невыпадкова яго журналісцкае пяро прызнана залатым, а сам ён мае нямала ўзнагарод!
У сваёй новай кнізе Мікола Леўчанка змясціў вялікі цыкл вершаў “Вяртанне”. У паэтычнай форме аўтар цікава расказвае пра населеныя пункты некалькіх раёнаў Магілёўшчыны, пра жыццё іх жыхароў. Вершы прасякнуты любоўю да людзей, прыроды, паказваюць гераічнае мінулае і сучаснасць роднага краю. Ураджэнец Касцюковіцкага раёна, Мікола Леўчанка з болем і горыччу піша пра сваю родную вёску Калодзецкая, якая была знесена з твару зямлі пасля Чарнобыльскай катастрофы, а аднавяскоўцы знайшлі прытулак у іншых вёсках і гарадах...
Шмат твораў паэта прысвечана родным мясцінам, іх цудоўным людзям:
Я заўсёды сардэчна вітаю,
Адчуваю дыханне вякоў
І ўсяго Прыдняпроўскага краю,
Калі бачу сваіх землякоў...
Як сапраўдны патрыёт, ён імкнецца
Услаўляць, каб не стрэлі больш ліха
На шляху самых добрых надзей,
Прыдняпроўе і любы наш Быхаў, -
Горад шчырых, руплівых людзей.
(“Роднаму краю”).
Значны раздзел у кнізе займаюць “Гумарэскі” – празаічныя творы, напісаныя дасціпна, з гумарам. Але ў адрозненне ад чыста літаратурных гумарэсак гэтыя замалёўкі маюць дакументальную аснову, сюжэты іх узяты з жыцця землякоў пісьменніка. Гэта сапраўдныя “Жыццёвінкі”, як пазначае такі жанр Васіль Ткачоў. Нечаканыя, часта вясёлыя іх канцоўкі выклікаюць смех, іншы раз, як кажуць, праз слёзы. Аўтар паказвае праўду жыцця, дэманструе ўменне знаходзіць у паўсядзённасці цікавае і павучальнае. І не проста забаўляе чытача, а дае яму пажытак для роздуму, для працы душы, для самаўдасканалення.
Многія ўжо заўважылі і Міколу Леўчанку – літаратурнага крытыка. І тут у першую чаргу ён дбае пра землякоў, даследуе творчасць знакамітых творцаў Магілёўшчыны і тых аўтараў, жыццё якіх звязана з Быхаўшчынай. І кожнаму ён прысвяціў нямала добрых слоў, сэрцам прачытваючы творы, па-светламу радуючыся іх поспехам.
Першы лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Алеся Пісьмянкова за дасягненні ў літаратуры, заснаванай у 2012 годзе Магілёўскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікола Леўчанка з цеплынёй успамінае пра сустрэчы з гэтым выдатным беларускім паэтам. У полі зроку аўтара – творчасць Аляксея Пысіна, Міхася Пазнякова, Васіля Ткачова, Змітрака Марозава, Святланы Басуматравай, Мікалая Макарцова, Міколы Падабеда, Васіля Рагаўцова, Івана Пехцерава, Ларысы Вырко, Рыгора Сакалоўскага, Міхася Мушынскага, Анатоля Зэкава, Георгія Барысава і многіх іншых паэтаў, празаікаў, даследчыкаў літаратуры і публіцыстаў. І ён не толькі разглядае іх творчасць, але і расказвае шмат надзвычай цікавага з іх жыцця і дзейнасці, уаемаадносін з іншымі творцамі. І тут у Міколы Леўчанкі дамінуе дакументалізм мыслення: чытачы з яго артыкулаў даведаюцца пра многае, чаго яшчэ не ведалі, нават з жыцця знакамітых людзей. Як, напрыклад, пра дзяржаўнага дзеяча Станіслава Ціткова, які ў свой час працаваў на Быхаўшчыне, а потым напісаў кнігу ўспамінаў “Немного о времені и о себе”. У артыкуле прыадкрываецца заслона над лёсамі вельмі многіх вядомых людзей, з якімі даводзілася сустракацца ў сваім жыцці Станіславу Ціткову.
... У розных жанрах працуе Мікола Леўчанка, і ўсюды ёсць добрыя творчыя набыткі – у паэзіі і прозе, літаратурнай крытыцы і публіцыстыцы, - аб чым сведчыць і яго новая кніга “Вяртанне”. Яго пяру належыць і шэраг іншых цікавых і змястоўных кніг: “Пад знакам зялёнай ружы”, “Шчырасць”, “Зеленое золото”, “Уроки мужества”, “Непраходзячы боль”, “Крылатая гвардия”.
Выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат прэміі БСЖ “Залатое пяро”, лаўрэат прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года”, уладальнік Гран-пры VI Нацыянальнага конкурсу “Залатая Ліцера” Мікола Леўчанка нарадзіўся 1 студзеня 1954 года ў вёсцы Калодзецкая Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Служыў у Групе Савецкіх войскаў у Германіі, афіцэр у адстаўцы. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскую вышэйшую партыйную школу, галоўны рэдактар Быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”. І працуе над новымі кнігамі. Пажадаем жа юбіляру моцнага здароўя для ажыццяўлення ўсіх яго творчых задум!