Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі працягвае выпуск новай кніжнай серыі “Мінскія маладыя галасы ”, прысвечанай творчасці юных талентаў сталіцы. У першай палове 2012 года серыя папоўнілася чатырма кніжкамі: Дзяніса Марціновіча, Кацярыны Массэ, Маргарыты Латышкевіч і Валерыі Радунь (Саротнік).
Дзяніс Марціновіч дэбютаваў літаратуразнаўчай кніжкай “Донжуанскі спіс” Караткевіча”, якую склалі ўдумлівае даследаванне тэмы жанчын у жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча, а таксама іншыя літаратуразнаўчыя артыкулы. Дарэчы, кніжка адразу ж і разышлася па бібліятэках краіны.
Кніга паэзіі Кацярыны Массэ “Льется свет в мое окно” (прадмову напісаў паэт Міхась Пазнякоў) – гэта вершы 14 гадовай вучаніцы, якія сведчаць, што ў літаратуру крочыць вельмі таленавіты юны паэт.
Вядомая ўжо ў літаратурных колах па першых публікацыях у часопісе “Маладосць” і газеце “Літаратура і мастацтва”, Маргарыта Латышкевіч дэбютавала кніжкай вершаў “Пульс навальніц” (аўтар прадмовы – паэтэса Раіса Баравікова). Ёй ужо прапанавана рыхтавацца да прыёму ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Паэтэса і перакладчыца Валерыя Радунь (Саротнік) дэбютавала зборнікам вершаў “След дождя”. Дарэчы, Валерыя – унучка вядомай беларускай паэтэсы Нэлі Тулупавай. Ёсць спадзяванне (а яна піша па-руску і па-беларуску), што яна таксама стане адметнай у нашым прыгожым пісьменстве.
Як зазначыў старшыня сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі галоўны рэдактар гэтай кніжнай серыі Міхась Пазнякоў, да друку рыхтуюцца новыя рукапісы юных літаратараў г. Мінска. Што ж, выдатнае папаўненне! Будзем чакаць такога ж працягу.